В Минске открылась фотовыставка, посвященная ветряным мельницам

Забытыя асілкі

Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя млыны былі неад’емнай часткай сялянскага жыцця і вясковага пейзажу

Учора ў Прэзідэнцкай бібліятэцы пачала працу фотавыстава “Забытыя асілкі зямлі беларускай”, падрыхтаваная сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту. На інтэрактыўнай выставе прадстаўлены каля сарака фотаздымкаў, унікальных дакументаў і прадметаў, якія расказваюць пра лёс беларускіх ветракоў.

Фота Анатоля Дрыбаса

Ветракі на тэрыторыі нашай краіны атрымалі найбольш шырокае распаўсюджванне ў ХІХ стагоддзі, калі таварная гаспадарка актыўна развівалася, а вадзяных млыноў не хапала. Толькі ўявіце сабе — у 1800 годзе ў Мінскай губерні было 7 ветракоў, а ў 1840-м — ужо 315! Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя вясковы пейзаж было цяжка ўявіць без гэтых асілкаў. Яны стаялі на ўзгорках, у адзіночку ці па некалькі, і здалёк прыцягвалі ўвагу падарожнікаў. У гады калектывізацыі млыны, якія належылі і памешчыкам, і простым сялянам, перайшлі ў калгаснае карыстанне, частка з іх была пераабсталявана пад электрацягу. З развіццём прамысловай вытворчасці мукі выкарыстанне ветракоў відавочна скарацілася, а іх будынкі прыйшлі ў заняпад.

У 1970—1980-я гады працоўная група Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту здзейсніла некалькі экспедыцый па краіне з мэтай адшукаць аб’екты для перавозу на тэрыторыю музея. Было зроблена нямала фотаздымкаў млыноў у Клецкім, Нясвіжскім, Іванаўскім, Пружанскім, Свіслацкім, Мядзельскім, Хоцімскім, Касцюковіцкім, Хойніцкім і іншых раёнах. Многія з млыноў ужо не існуюць. Аднак тры працягваюць жыццё на тэрыторыі музея.

У наведвальнікаў выставы ёсць магчымасць убачыць унікальныя здымкі, зробленыя падчас этнаграфічных экспедыцый тых часоў, чарнавыя запісы членаў рабочай групы, чарцяжы-праекты аднаўлення млыноў і фатаграфіі, якія адлюстроўваюць разборку і перавоз фрагментаў будынкаў.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter