Названы лаўрэаты Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва

Вяршыня мастацтва

У намінацыі «Жывапіс» пераможцам стаў народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, загадчык кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Тоўсцік. Майстар працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яго творчасць справядліва называюць яркай з'явай у нашым сучасным мастацтве. У ёй арыгінальна спалучаюцца традыцыі і наватарства. З аднаго боку – рэалістычная трактоўка вобразаў і найвышэйшага ўзроўню акадэмічнага мастацтва, з другога — сучасныя сродкі рамантызму, сімвалізму, мадэрну і безумоўная адметнасць почырку.

Адзін з уладальнікаў першай Нацыянальнай прэміі — мастакювелір Мікалай КУЗЬМІЧ

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца ўзнага­роджаны ў намінацыі «Графіка».  

Яго работы многія параўноўваюць з фатаграфіямі. Але сам майстар з гэтым не згодны: 

— У мяне не стаіць на мэце фотадакументалістыка. Мая задача іншая — расказаць пра нашу нацыянальную гісторыю сучаснай пластычнай мовай, выкарыстоўваючы свой аўтарскі стыль. Яго я вельмі паслядоўна распрацоўваю. Ён спалучае, здавалася б, зусім неспалучальнае: элементы канструктывізму і супрэматызму з амаль гіперрэалізмам, максімальнай дакладнасцю, нават большай, чым фатаграфічная. Гэты прынцып дазваляе надаць пэўнаму канкрэтнаму аб’екту глыбокую сутнасць вобраза, сімвала, знака. 

Спецыялісты называюць Рыгора Сітніцу першаадкрывальнікам у гэтай  стылістыцы. І сцвярджаюць, што вынайдзенае ім спалучэнне – сапраўднае адкрыццё.  

Лепшым у намінацыі «Дэкара­тыўна-прыкладное мастацтва» прызнаны  Мікалай Кузьміч. Ён працуе ў галіне ювелірнага мастацтва. Адрадзіў тэхніку візантыйскай перагародкавай эмалі XII стагоддзя. Кузьміч уваходзіць у пяцёрку лепшых майстроў свету, якія працуюць у гэтай тэхніцы. Яе ювелір выкарыстоўваў падчас работы над сваім самым знакамітым творам — поўнаразмернай копіяй Крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Скрозь прызму прэміі: перад пачаткам цырымоніі ўзнагароджання ў Палацы мастацтва

Алесі Скарабагатай няма яшчэ і трыццаці, але яе імя і творчасць ужо прыкметныя. Яна – пераможца многіх конкурсаў, яе работы знаходзяцца ў калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальнага мастацкага музея, у Палацы Незалежнасці, прыватных зборах. Нацыянальнай прэміяй выкладчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алеся Скарабагатая ўдастоена ў намінацыі «Творчы дэбют». Ёй жа дастаўся і прыз глядацкіх сімпатый. 

Узнагароды ўручаны ў 10 намінацыях. Пераможцы конкурсу атрымалі дыпломы лаўрэатаў і спецыяльныя прызы, а таксама грашовыя прэміі ў памеры 100 базавых велічынь у кожнай намінацыі.

Усяго на конкурс было пададзена 310 заявак ад мастакоў з розных рэгіёнаў краіны. Адборачная камісія вылучыла з іх 63 прэтэндэнты на ўзнагароды. Работы гэтых аўтараў на працягу месяца былі прадстаўлены на рэспубліканскай выставе сучаснага выяўленчага мастацтва. Дзясятку лепшых сярод іх выбірала прафесійнае журы.

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter