Мiнусы i плюсы беларускага дэбюту, альбо Крыху халоднага сярод стамбульскай спёкi
«Дэбют – гэта спроба халод-най вады «Еўрабачання», — такiмi словамi завяршыў свой рэпартаж са Стамбула тэлежурналiст Алесь Круглякоў пасля заканчэння прамой трансляцыi паўфiналу конкурсу «Еўрабачанне-2004», удзел у якiм упершыню прымалi прадстаўнiкi нашай краiны, дуэт «Аляксандра i Канстанцiн». Позна вечарам 12 мая сталi вядомы вынiкi тэлевiзiйнага глядацкага галасавання. Еўропа зрабiла свой выбар, i, на жаль, нашы артысты з песняй «Мой Галiлей» не папалi ў дзесятку лепшых. А гэта значыць, што ўдзельнiчаць у фiнале конкурсу Беларусь не будзе.
Чаму сталася так, а не iнакш, цяпер застаецца толькi меркаваць. Магчыма, спрацаваў статус краiны-дэбютанткi. Не сакрэт, што перш чым прыняць навiчка ў даўно i добра “спетую” кампанiю, да яго спачатку прыглядаюцца. Магчыма, сыграў пэўную ролю другi парадкавы нумар, пад якiм выйшлi на сцэну нашы выканаўцы, — выступаць на пачатку конкурсу заўсёды больш рызыкоўна. А магчыма, паўплывала i “геаграфiя”. Як вядома, Беларусь не магла галасаваць за сваiх, i спадзявацца на падтрымку нашага дуэта можна было хутчэй за ўсё з боку тэлегледачоў блiзкiх да нас суседнiх краiн. Але, напрыклад, Расiя з яе велiзарнымi абсягамi паўфiнал не транслiравала...
Зрэшты, пошукi плюсоў i мiнусаў беларускага дэбюту на “Еўрабачаннi-2004” можна працягваць, i гэта, вiдавочна, будзе яшчэ зроблена. На памылках вучацца, i адмоўны вопыт – гэта таксама вопыт. Яго трэба засвоiць, прыняць да ўвагi i рухацца далей. Хаця несправядлiва было б не аддаць належнае нашым выканаўцам, дуэту “Аляксандра i Канстанцiн”. Для перамогi яны рабiлi ўсё, што маглi, i сярод 22 паўфiналiстаў iх песня “Мой Галiлей” гучала годна i не горш за некаторыя з тых, якiя трапiлi ў дзесятку. Ну а што не прыйшлася яна даспадобы музычнай Еўропе, дык пра густы, як гаворыцца, не спрачаюцца.
Ну а халодная вада “Еўрабачання” iншы раз бывае i на карысць...