![“Вясковы фатограф”](/voice/data/upimages/2009/351012.jpg)
![Мастак-кераміст Мікалай Пушкар і яго твор](/voice/data/upimages/2009/351011.jpg)
І было цікавае жыццё ў творчасці. За 27 гадоў у Мазыры (Мікалай Пушкар памёр у 1993 годзе) ярка праявіўся талент і здольнасці гэтага стойкага духам чалавека. Працаваў ён галоўным мастаком на Мазырскім заводзе меліярацыйных машын і адначасова ствараў мастацкія творы. Наведваў аддаленыя палескія вёскі, знаёміўся з іх жыхарамі, простымі сялянамі, іхнім побытам, фальклорам. Так Мікалай Пушкар глыбока спасціг душу народную, стварыў з гліны цэлую галерэю вобразаў мясцовых жыхароў-палешукоў. Моцных людзей, якія, як і ён, не пасуюць перад цяжкасцямі, аптымістаў, шчырых сэрцам, з працавітымі рукамі ды мяккім беларускім гумарам.
Мазыршчына — і мая малая радзіма. Нядаўна, наведваючы яе, я быў у музеі-майстэрні Мікалая Пушкара, там ён працаваў. Хоць музею толькі трэці год, але яго ўжо наведала шмат нашых землякоў, а таксама гасцей з Германіі, Бельгіі, Расіі, Украіны… Іх гасцінна сустракаюць там супрацоўніцы Людміла Курганская і Вольга Акуліч, самі вялікія аматары керамікі. У двух утульных пакоях выстаўлены творы майстра: скульптуркі, пано.
Формы яго твораў — мяккія, акруглыя, яны лірычныя па настроі, у іх бачна глыбокае веданне беларускіх народных звычаяў, часта з гумарам падаюцца сюжэты і персанажы. Каларытныя дзяды з бабкамі, хітрун Несцерка… Кожная з прац Мікалая Пушкара — як сюжэтнае апавяданне, дапоўненае трапнай назвай: “Паляшук-пясняр”, “Палеская прыгажуня”, “Браты-беларусы”, “Сон палешука”, “Мы з табою, як рыба з вадою”, “Несцерка”, “Палескія напевы”…
![У музеі-майстэрні Мікалая Пушкара ў Мазыры сабрана цікавая калекцыя твораў майстра](/voice/data/upimages/2009/351015.jpg)
А вось гліняная фігурка жанчыны з пачарнелым ад гора тварам: “Халодныя камяні Чарнобыля”. Дарэчы, Мікалай Пушкар як скульптар прымаў удзел і ў стварэнні ў Мазыры мемарыяльнага комплексу “Курган Славы” — ён прысвечаны воінам і партызанам, што загінулі ў баях за вызваленне горада ад фашыстаў. На грамадскіх пачатках Пушкар стварыў на мясцовай фабрыцы мастацкіх вырабаў цэх керамікі, дзе навучаў усіх жадаючых, як ляпіць з гліны, як яе абпальваць. Талент быў ацэнены: Мікалай Пушкар быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі, Саюз мастакоў СССР, атрымаў званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі”. Яго работы пабывалі на шматлікіх выставах у гарадах Беларусі і былога Саюза, а таксама ў Канадзе, Японіі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі. Частка работ цяпер зберагаецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.
Народжаны ў Расіі, Міхаіл Пушкар шчыра, як сын любіў сваю другую Радзіму, Беларусь. І яна па-мацярынску сагрэла яго ўзаемнасцю.
Лявон Целеш