Эдуард Мацюшонак у сваіх карцінах рэканструяваў родныя мясціны

Мастак забытых вёсак

Эдуард Мацюшонак усё жыццё малюе малую радзіму — Глыбоччыну, і тое месца, дзе жыве зараз, — Вілейшчыну; бацькоў і больш далёкіх продкаў; сучаснікаў і выбітных дзеячаў мінуўшчыны. Як сам гаворыць, стварае свой каўчэг. Кожная карціна напоўнена глыбокім аўтарскім сэнсам. Не адразу разумееш яе назву і змест. Днямі ў Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася яго юбілейная выстава «Радзіма. Рэканструкцыя». Мы прагуляліся разам з Эдуардам Уладзіміравічам па яго экспазіцыі і паслухалі пранікнёны аповед пра любоў да радзімы.
Ва  ўсіх  карцінах  Эдуарда МАЦЮШОНКА глыбокі аўтарскі сэнс


Генеалагічнае дрэва зрабіў з фотаздымкаў, а не з карцін: так яно больш дакладнае. Маці. Гэта першае слова, якое я пачуў. Першы дотык да мяне — маці. Маё першае слова — тата. Першая лупцоўка — ад яго. Я шчаслівы, што ў мяне не былі, а ёсць такія выдатныя бацькі. Яны зараз назіраюць за мной зверху. Кожны фотаздымак, які я захоўваю, — гэта як маленькі пазл, з якога складаецца карціна жыцця маіх продкаў. Там ёсць белыя лісты — гэта плямы, якія, на жаль, не засталіся ў маёй памяці.

«Каўчэг»

Гэта карціна мне дарагая яшчэ і таму, што палатно, на якім яна намалявана, ткала мая мама са сваёй роднай сястрой цёткай Геленай. Рама для карціны зроблена з таго стала, за якім трыццаць гадоў сядзела мая сям’я. Неяк тата мне сказаў, што на гарышчы ляжыць старая стальніца. А ў жыцці ж нічога не бывае проста так. Нават калі б я нічога не маляваў, а проста нацягнуў палатно і зрабіў рамку са стальніцы — гэта б ужо было часткай маёй гісторыі. Слова «каўчэг» для мяне заўсёды было вельмі кранальным. У цэнтры карціны на дыванчыку — мае мама і цёця. У мяне заўсёды пытаюць, чаму я не намаляваў іх твары. Я хачу, каб людзі, якія глядзяць на карціну, убачылі там сваіх родзічаў. 

Побач маленькія карціны — усё тое, што было ў нашай хаце. Ключ. У куфары бабуля захоўвала ўсё тое, што патрэбна ёй на смерць, і дакументы. Якія дакументы былі ў той час. Па сутнасці, простыя паперкі. Але ўсе ведалі, што яны павінны быць зачынены на ключ. Будзільнік. Ён так трашчаў раніцай, каб карову ісці даіць! Незабыўнае. Абавязкова свечка. Яе запальвалі, калі надаралася якая бура ці што іншае. Яе запальвалі, калі чалавек адыходзіў у іншы свет. А вось люстэрка не намаляванае, яно сапраўднае. Углядаючыся ў яго, быццам бы зазіраю ў той час.

«Каўчэг»

 «Брамка»

Яна прысвечана маёй цётцы, якая памерла прама ў гэтым садзе, што яшчэ да вайны садзіла са сваім мужам. Ніхто з нас не ведае, калі скрыпне брамка і мы адправімся ў іншы свет. А на зямлі застануцца тыя рэчы, якія мы зрабілі. Ад цёткі — сад з яблыкамі… Дачка ўвесь час хацела забраць яе з вёскі ў Полацк. Часам гэта ёй удавалася зрабіць ледзь не сілай. Але цётка вярталася ў вёску і прасіла ва ўсіх прабачэння… Яна хацела памерці там.

«А назаўтра»

 Мы ўсе нешта плануем… Думаем, што заўтра будзе добрае надвор’е, а раптам ноччу выпадае снег. Сланечнікі — гэта заўсёды выдатны настрой. А калі нечакана яны аказваюцца пад снегам? Гэта добрая нагода задумацца пра тое, што мы робім сёння і што пакінем пасля сябе.
«А назаўтра»


«Адзінокія людзі забытых вёсак» 

Гэта цэлая серыя карцін. Старыя хаты, пабудаваныя яшчэ да вайны. Снапы. І адзінокая жанчына, якая сваё поле ўжо зжала. Інакш кажучы, скончыла сваё жыццё. Колькі гэтыя людзі вынеслі! Памятаю, як маці з бацькам кожны дзень хадзілі малаціць і мяць лён. Кожны дзень! Вярталіся без сіл. Гэта праца і прысвечана такім людзям.

«Космас Драздовіча»

Гэта чалавек, якім я захапляюся і які значна паўплываў на маю творчасць. Драздовіч шмат хадзіў па нашых мясцінах і ўзгадваў іх у сваіх дзённіках «Паміж Мнютай і Аутай». Яго жыццё было вельмі складаным. Я пытаў у бацькі, якім быў Драздовіч. Яго тады ўспрымалі як чалавека-дзівака. Ён знаходзіўся ў вечным падарожжы з фарбамі і пэндзлем у руках. Зараз жа разумеем, што гэта быў чалавек з неабсяжным духоўным светам, які да канца спасцігнуць немагчыма. Мой дзед вучыў яго рабіць рамы. Драздовіч бываў і ў нашай хаце, распісваў дываны. Потым заходзіў у іншую. Увесь час некуды ішоў. Таму тут краявіды, мясціны, будынкі, якія сустракаліся на яго шляху.

«Паланэз пакінутых сядзіб»

 Мы садзім кветкі, любуемся імі. Але колькі ты ні даглядай тыя ружы, яны некалі загінуць. А ёсць кветкі, якія растуць нават у закінутых мясцінах. І крапіва ім не перашкода. Гэтыя жоўтыя вяргіні. Яны нібыта кажуць: ты, чалавек, з гэтых мясцін родам.

«Адзінокія людзі забытых вёсак»
«Маёнтак у Мнюце»

У пачатку XX стагоддзя чалавек з’ехаў у Амерыку, зарабіў шмат грошай, купіў гэты маёнтак і аднавіў яго. Ён быў добры гаспадар, клапаціўся аб ім. На карціне момант жыцця маёнтка тых часоў: людзі завіхаюцца на Прачыстую. Гэты будынак ёсць і зараз, там асобна жывуць чатыры сям’і. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, чым сто гадоў таму. Калі тут уладарыў гаспадар, то віравала жыццё.

«Бацькаўшчына»

Аднойчы бацька сказаў мне: «Сын, калісьці тут стаяў млын, наш дом, а далей — графскі маёнтак. Усё немцы спалілі... » Ён распавядаў мне, і ў вачах — прыкрасць ад таго, што гэта немагчыма паказаць сыну, вярнуцца туды. Я прапанаваў бацьку аднавіць. Кажу, маўляў, я буду маляваць, а ты падказвай: так ці не. Мы паехалі на тое месца, ён распавядаў, а я маляваў. Мы працавалі цэлае лета. Скончыў працу і паказваю. Я ўбачыў у вачах 75-гадовага бацькі слёзы. Ён сказаў, што я вярнуў яму тое, што ён, лічыў, больш ніколі не ўбачыць. Ён як быццам зноў у дзяцінстве. Тады я зразумеў, што такія працы павінны быць. І кожны чалавек павінен мець месца, адкуль усё пачыналася. Гэта і ёсць радзіма.

Фота аўтара.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter