Кожны том “Беларускага кнігазбору” — гэта падзея

Імя беларускага паэта, перакладчыка, фалькларыста, этнографа, краязнаўца, кандыдата гістарычных навук Кастуся (Канстанціна Аляксеевіча) Цвіркі добра вядома чытачам нашай краіны. Высокую ацэнку ў друку атрымалі яго кнігі “Такія сэрцы ў нас”, “Бягуць раўчукі”, “Чарназём”, “Каласы”,”Слова пра Сыракомлю”,“Хат вячысты дар”,“Рэха дарог”, “Лісце забытых алеяў”, “Камяні тых сядзібаў”, “Край легенд” і іншыя. У сааўтарстве з Г. Каханоўскім і Л. Малаш ён выдаў “Беларускую фалькларыстыку” эпохі феадалізму. Многія яго вершы пакладзены на музыку.
Чарговы том “Беларускага кнігазбору”Імя беларускага паэта, перакладчыка, фалькларыста, этнографа, краязнаўца, кандыдата гістарычных навук Кастуся (Канстанціна Аляксеевіча) Цвіркі добра вядома чытачам нашай краіны. Высокую ацэнку ў друку атрымалі яго кнігі “Такія сэрцы ў нас”, “Бягуць раўчукі”, “Чарназём”, “Каласы”,”Слова пра Сыракомлю”,“Хат вячысты дар”,“Рэха дарог”, “Лісце забытых алеяў”, “Камяні тых сядзібаў”, “Край легенд” і іншыя. У сааўтарстве з Г. Каханоўскім і Л. Малаш ён выдаў “Беларускую фалькларыстыку” эпохі феадалізму. Многія яго вершы пакладзены на музыку.

Кастусь Цвірка задумаў і ўзначальвае цяпер выданне такой папулярнай серыі, як “Беларускі кнігазбор”.

Наша сустрэча з К. Цвіркам адбылася пасля яго перавыбрання старшынёй Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Беларускі кнігазбор”, якое ажыццяўляе шматгадовую праграму, распрацаваную ў Інстытуце літаратуры НАН Беларусі. Усяго прадугледжана выдаць 200 тамоў. Серыя складаецца з трох частак: арыгінальная творчасць беларускіх пісьменнікаў, навуковая і публіцыстычная спадчына, перакладная літаратура.

На стале гаспадара ляжаў чарговы серыйны том пад загалоўкам “Сяргей Грахоўскі”. К. Цвірка тут жа падараваў яго рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”. Бачу, што спадчына нядаўна памерлага аўтара прадстаўлена ўсебакова: вершы, пераклады, аповесці, публіцыстыка, дзённікі, лісты, фатаграфіі на ўклейцы. А ў дадатку — сем лістоў Сяргею Грахоўскаму ад вядомага спевака Міхала Забэйды-Суміцкага. І што важна падкрэсліць, дапамагчы ў выданні кнігі недзяржаўнаму аб’яднанню “Беларускі кнігазбор” палічылі патрэбным Магілёўскі
аблвыканкам і сям’я пісьменніка.

— Кастусь Аляксеевіч, гэта ж які ўжо будзе том серыі?

— Трыццаць сёмы. Як вы, напэўна, ведаеце, пачалася серыя з “Выбраных твораў” Яна Чачота. Потым былі Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Жылка. Не маглі мы абмінуць Купалу, Цётку, Чорнага, Быкава, Караткевіча, іншых класікаў. Навуковая і публіцыстычная літаратура прадстаўлена кнігамі Кастуся Каліноўскага, Мікалая Улашчыка, Яўхіма Карскага, Часлава Пяткевіча, Аляксандра Ельскага і іншых “дакументалістаў”. Горш ідзе ў нас перакладная літаратура: тут пакуль што мы маем толькі тамы Гётэ і Дастаеўскага. А ў цэлым прыблізна пятая частка нашай праграмы, якая спачатку здавалася многім нерэальнай, ужо выканана.

— А чым парадуеце чытачоў у бліжэйшы час? У юбілейны год Купалы і Коласа?

— Купалу мы ўжо выдалі, а больш аднаго тома серыі асобнаму пісьменніку мы, паводле задумы, не прысвячаем. Затое творы Якуба Коласа сёлета ў нас пабачаць свет, яны знаходзяцца ўжо ў вытворчасці. Мяркуем у бліжэйшы час выдаць таксама спадчыну прызабытага славянскага народазнаўца Зарыяна Далэнгі-Хадакоўскага. Тым болей, што родам ён з Лагойшчыны і даследаваў у Беларусі многа помнікаў археалогіі, матэрыяльнай культуры.

— Мне здаецца, што вы не павінны абмінуць увагай постаць ура-джэнца Нясвіжа, пісьменніка і падарожніка Адольфа Янушкевіча. Яго “Лісты з кіргізскіх стэпаў” упершыню выдадзены ў 1861 годзе ў Парыжы, а не так даўно перавыдадзены на рускай мове ў Алмааце на рускай мове і ў Варшаве – на польскай. Аднак беларускаму чытачу яны фактычна недаступны.

— Будзем мець на ўвазе. А ўвогуле чытацкіх прапаноў у нас шмат: Зарэцкі, Салавей, Мрый.

— Аднак пяройдзем цяпер да вашай асабістай пісьменніцкай працы. Чым вы парадуеце чытача ў бліжэйшыя гады як пісьменнік і даследчык?

— Цяпер на маім рабочым стале два рукапісы: мастацкай кнігі “Будзіла вёску берасцянка” і дакументальнай “Людзі і былі маёй Зялёнай Дубровы”.

— Наколькі мне згадваецца, Зялёная Дуброва — гэта ваша радзіма?

— Так. Гэта ў Старадарожскім раёне.

— І часта вы туды ездзіце?

— Цяпер часта. І надоўга. Тыдзень праводжу і працую ў Мінску, тыдзень — на малой Радзіме. Як этнограф, музей роднай вёскі там арганізую. У маёй старэнькай бацькоўскай хаце, цяпер яна лецішчам служыць, даволі цесна. Таму збіраюся прыкупіць яшчэ адну пакінутую хату і з бярвенняў скласці зруб. Экспазіцыя будзе там. Дарэчы, людзі з Зялёнай Дубровы мне дапамагаюць, даўнейшыя прылады працы зносяць.

— І што? Гэта прыватны музей будзе?

— Не, дзяржаўны. Філіял Старадарожскага гісторыка-краязнаўчага музея. Такое пагадненне заключана з ім. Каб і жыхарам вёскі, і турыстам было што паглядзець.

— Тады — плённых веснавых і летніх паездак у Зялёную Дуброву! І новых тамоў – папулярнай серыі “Беларускі кнігазбор”. Апошні, 200-ты, несумненна стане вялікай падзеяй.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter