У Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняты азербайджанскі паэт і перакладчык Чынгіз Алі аглу і армянскі дзіцячы пісьменнік, паэт і перакладчык Эдвард Мілітанян

Да сяброў — па-сяброўску

Алесь Карлюкевіч

У Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняты азербайджанскі паэт і перакладчык Чынгіз Алі аглу і армянскі дзіцячы пісьменнік, паэт і перакладчык Эдвард Мілітанян

Рашэнне беларускіх літарата­раў аб прыняцці ў сваю элітную творчую суполку калег з іншых краін — зусім не шэраговае. Па сутнасці, тым самым мы аддаем даніну павагі руплівым калегам. Гэта — як падзяка за тое, што абодва плённа, сістэмна працуюць, знаёмячы сваіх суай­чыннікаў з беларускім прыгожым пісьменствам.

Хто ж яны такія, нашы  замежныя сябры-калегі? Чынгіз Алі аглу з Азербайджана — часты госць у Мінску: і як удзельнік Міждзяржаўнага Савета краін СНД па кнігавыданні, і як госць традыцыйных, штогадовых ужо ў нас Дзён беларускага пісьменства. “Упершыню я наведаў Беларусь у 1986 годзе, — расказвае Чынгіз Алі аглу. — Тады ўдзельнічаў у чарговым пісьменніцкім з’ездзе. Пазнаёміўся з многімі калегамі. Люблю з таго часу бываць у Беларусі, ведаю Белавежскую пушчу. Быў уражаны ў свой час адкрыццём Хатынскай трагедыі — цяпер завяршаю работу над паэтычным творам, прысвечаным Хатыні. У маім арсенале як перакладчыка з беларускай мовы — апавяданне Анатоля Кудраўца. Рыхтую анталогію перакладаў паэзіі сучасных беларускіх творцаў на азербайджанскую мову. Па меры магчымасцяў садзейнічаю публікацыі паэтаў, празаікаў Беларусі ў выдавецтвах, газетах і часопісах Азербайджана”.

Варта зазначыць таксама, што і беларускія перакладчыкі вельмі ўважлівыя да паэзіі азербайджанскага калегі. Не аднойчы вершаваныя падборкі Чынгіза Алі аглу змяшчала газета “Літаратура і мастацтва”, часопісы “Полымя”, “Маладосць”. Іх пераўвасаблялі на нашу мову вядомыя паэты Віктар Гардзей, Таццяна Сівец, Рагнед Малахоўскі.

Яшчэ адзін новы сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі — Эдвард Мілітанян. Ён старшыня Саюза пісьменнікаў Арменіі. Прычым актыўна сябруе з беларускімі калегамі і на перакладчыцкай ніве, і як кіраўнік творчай арганізацыі. У прыватнасці, падрыхтавана і падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж пісьменніцкім саюзам Арменіі ды Выдавецкім домам “Звязда”. Трэба дадаць яшчэ, што асабіста Эдвард Мілітанян прыклаў шмат намаганняў для стварэння адмысловай анталогіі сучаснай літаратуры “Сугучча сэрцаў: Беларусь — Арменія”, якая выйшла летась у Мінску.

Чынгіз Алі аглу і Эдвард Мілітанян — сябры Міжнароднага рэдакцыйнага савета альманаха “Садружнасць”, які быў сёлета выдадзены ў Мінску напярэдадні Дня беларускага пісьменства і меў добры розгалас.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter