На сваёй малой радзіме – Навагрудчыне мастак Кастусь Качан стварыў галерэю

Замалёўкi з правiнцыi

Яго карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і маскоўскай Трацякоўцы. Палотны майстра купляюць замежныя прыватнікі і галерэі. А ён хоць і мае майстэрню на цэнтральным праспекце сталіцы, большую частку года аддае перавагу глыбінцы. Там жыве, там піша. Ураджэнец навагрудскага краю, мастак Кастусь Качан — з тых рэдкіх творцаў, якія не саромеюцца прызнаць свае вясковыя карані і ў слове «правінцыял» не бачаць нічога дрэннага.

Кастусь КАЧАН
Водар даўніны

Незвычайна для нашага часу, але ён ніколі не рваўся ў сталіцу. Цішыню правінцыі з юнацтва асэнсавана не мяняў на шум мегаполіса і магчымасці бліскучай кар’еры. Кастусь Качан нарадзіўся на хутары за два кіламетры ад Лаўрышава — аднаго з намоленых месцаў Прынёмання. Дзіцячыя ўражанні былі звязаны і з Любчай — тэрыторыяй былой рэзідэнцыі Радзівілаў, дзе захоўваецца гістарычная памяць пра часы Вялікага Княства Літоўскага. Юнаком Качан улюбіўся ў старажытны Навагрудак. Захапленне захаванай у Заходняй Беларусі старадаўняй архітэктурай паўплывала на вобразны рад мастака — яго творы, як правіла, насычаны выявамі храмаў, манастыроў, замкаў і векавых брам.

— Я шмат езджу па ўсёй Беларусі, але самыя любімыя тэрыторыі — Гродзенская, Віцебская, Брэсцкая вобласці. Той захаваны водар даўніны — яго нічым не падмяніць, менавіта ён мяне натхняе. Я ж, акрамя архітэктуры і прыроды, люблю пісаць людзей, — гаворыць мастак. — Не партрэтна, а ў кантэксце пейзажа. Люблю праглядаць праз гісторыю мястэчка лёс мясцовых жыхароў, іх настрой, характары. Люблю павольнасць і лічу, што самыя глыбокія філасофіі і самае пранікнёнае мастацтва нараджаюцца ўдалечыні ад асфальтавых «кайданоў». Вясковыя жыхары маюць больш часу прыглядзецца, паразважаць. Яны ўдыхаюць чыстае паветра, і розум іх святлейшы. Вяскоўцы бліжэй да прыроды, да Бога, а значыць, больш сумленныя і натуральныя. Не сапсаваныя штучнымі каштоўнасцямі сучаснага свету. Я сам не магу доўга дыхаць горадам. На вёсцы адчуваю ўсё танчэй. Там — я шчаслівы.

Пра лёс мастака

Пасля школы Качан паступіў вучыцца «на фізіка», сур'ёзна марыў пра адкрыцці ў навуцы, у 1975-м скончыў БДУ. Але яшчэ падчас сталічнага навучання стаў хадзіць у музеі, галерэі і настолькі захапіўся жывапісам, што вырашыў і ў гэтым сябе паспрабаваць. Чалавек з характарам, ён быў упэўнены, што і гэтая справа ў яго атрымаецца. У канцы 1970-х па заканчэнні ВНУ стаў вольным слухачом тэатральна-мастацкага інстытута, браў урокі ў прыватных мастакоў.

— Уяўляеце, я мог бы стаць выкладчыкам фізікі, а не мастаком. Але не фізік, а лірык з мяне атрымаўся. Прычым — прынцыповы лірык, бо я заўсёды хацеў і хачу не проста маляваць, а перадаваць праз фарбы на палатне свой светапогляд, неяк уплываць на людзей, падказваць ім адвечны сэнс, які тоіць прырода, — расказвае Кастусь Качан. — Калі шчыра, спробы пісаць у мяне яшчэ ў дзяцінстве былі. Потым — студэнцкі пакой як міні-майстэрня. Тут доўга вучыўся змешваць фарбы, бо гэта самае складанае — знайсці належны колер і пакласці яго ў «правільнае» месца на палатне. Не ведаю, як бы мне жылося ў ролі фізіка, але мастаком я пачынаў няпроста. Я гавару пра матэрыяльны бок, пра побыт. Прафесіі мастацкай прыходзілася вучыцца, каб куплялі работы, — трэба было дасягнуць, заслужыць. Першай маёй перамогай лічу тыя ж студэнцкія часы, калі да мяне ў інтэрнацкі пакой завітаў камендант і быў вельмі ўражаны работамі. Ён пранікся настолькі, што выдзеліў мне асабісты пакой, для творчасці. А яшчэ памятаю, калі купілі маю першую карціну — купіў музей. Уражаны гэтай падзеяй, я паехаў да маці, стаў хваліцца — першы ж заробак, на што мама пажартавала: «Павязло чарвяку на вяку!» Зрэшты, я даўно падзяліўся гэтым жартам з калегамі, ён ужо крылатым стаў, бо трапны такі. Пра лёс мастака, лёс, які ніколі не абяцае стабільнасці і поспеху...

Экскурсіі ў пабудаванай Кастусём КАЧАНОМ галерэі ў Навагрудку праводзіць яго жонка Жанна
фота tio.by

Але поспех стаў нарастаць. Работы Качана і па сённяшні дзень, як гаворыцца, у цане. І матэрыяльная стабільнасць для мастака настала, але ён яе скарыстаў зноў-такі на творчую справу. Ён назапасіў суму і выкупіў у цэнтры Навагрудка кавалак зямлі з хлявамі, якія развальваліся. А потым заручыўся падтрымкай сяброў і збудаваў на амаль што нікчэмным з гістарычнага і культурнага пункта гледжання месцы… мастацкую галерэю.

— Навагрудак — гэта горад з вялікай і магутнай гісторыяй. І мне, як ураджэнцу навагрудскіх земляў, хацелася б, каб пра ўсю гэтую славутую сівую даўніну сучаснікі ведалі не толькі з кніжак ці інтэрнэту. Навагрудак можа і павінен быць адным з культурных цэнтраў не намінальна, а рэальна. Ён можа і павінен быць часткай пэўнага турыстычнага маршруту, «залатога кальца» па Беларусі, — дзеліцца Качан. — Але для гэтага трэба, каб у горадзе былі не толькі старажытныя аб'екты «ў форме», але і найноўшыя, сучасныя культурныя кропкі, якія б сведчылі: мастацкая, духоўная традыцыя гэтых мясцін захавалася, падтрымліваецца і працягвае жыць. Нам неабходна разрастанне інфраструктуры. Пакуль мы не зможам прапанаваць прыезджым утульныя ўмовы — пераначаваць, паесці, — некага чакаць. Наступным часам штосьці робіцца горадам у гэтым напрамку, дзякуй Богу. Будзем чакаць, калі раскруцімся і ў Навагрудак паедуць не адзінкавыя турысты, а буйныя дэлегацыі з розных куткоў Беларусі, з розных краін. Мая малая радзіма таго заслугоўвае.

Вернасць родным мясцінам

З родным кутом Качана звязвае і жыццё, і творчасць, і хобі. Мастак — пчаляр. Вялікага пчальніка няма — толькі дзясятак хатак, для Кастуся Іванавіча медазбор і клопат аб карысных кузурках — справа важная і вельмі асабістая:

— Пчоламі займаўся мой бацька. Ён усялякімі спосабамі стараўся далучыць і мяне да пчалярства. Нават прымушаў глядзець, як усё робіцца, даваў самому на практыцы паспрабаваць. Мне ў дзяцінстве гэта вельмі не падабалася, я баяўся пчол. Бацька мяне сарамаціў, маўляў, не мужчынам расцеш. А потым ён памёр. Пчаліныя сем’і засталіся без догляду, я ж яшчэ малы быў, нявопытны. Тыя бацькоўскія пчолы загінулі, але ў гэтыя ж вуллі праз нядоўгі час прыляцелі новыя кузуркі, і я вырашыў: гэта лёс. Стаў старанна вывучаць пчалярскую навуку, раіўся з вопытнымі пчалярамі і цяпер сам стаў такім спецыялістам, што звяртайцеся да мяне — усё пакажу і раскажу.

Любоў да пленэраў і пчол, вясковае жыццё — усё гэта разам з каханнем прыняла і другая палавіна мастака, Жанна Леановіч. Муза і жонка творчага чалавека — асобная прафесія. Жанна Барысаўна абрала шлях ва ўсім давяраць і разумець свайго мужа, быць для яго паплечніцай і памочніцай. Сёння за Жаннай Леановіч-Качан — мастацкая галерэя ў Навагрудку: глядзіць за музеем, праводзіць экскурсіі і нават дапамагае ўзбагачаць інтэр’ер галерэі старажытнымі шляхецкімі прыладамі побыту. Напрыклад, адна з найбольшых калекцый тут — збор рарытэтнага посуду:

— З мастаком не надта лёгка жыць. Напачатку я, як і любая маладая жанчына-жонка, чакала да сябе асаблівай увагі, але потым зразумела, што творчасць — гэта першаснае для любімага чалавека, і трэба гэтую акалічнасць прыняць як аксіёму. Калі Кастусь задумвае нейкую новую работу, яго лепей не чапаць. Бывае, калі працуем у Навагрудку, па нейкай тэрміновай справе аклікну яго, а потым пашкадую, бо бачу — парушыла працэс, ён быў у парыве. Можа, дзесьці і ёсць спецыфіка суіснавання, але калі бачу яго карціны, тое, што выходзіць у выніку, — не магу не быць шчаслівай.

Ян ВАСІЛЁК
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter