Велосипеды, электросамокаты, гироскутеры: мы посмотрели, как их владельцы ведут себя на тротуарах и велодорожках

Язда з перашкодамi

Сёння ў свеце налічваецца больш за мільярд вела­сіпедаў — гэта ўдвая больш, чым аўтамабіляў. Толькі па Мінску ўжо калясяць больш за 800 тысяч чалавек. На веладарожках і тратуарах яны суседнічаюць з вялікай колькасцю электрагаджэтаў, якія, як правіла, рухаюцца з вялікай хуткасцю. Мабыць, адна з самых гарачых тэм для абмяркоўвання сёння — узаемаадносіны ўладальнікаў веласіпедаў, сродкаў персанальнай мабільнасці, пеша­ходаў і вадзіцеляў аўто. Мы праверылі, як яны выконваюць правілы дарожнага руху.

У нашай краіне плануецца ўнесці змены ў Правілы дарожнага руху з улікам нарастаючай папулярнасці электратранспарту.

У Цэнтры экалагічных рашэ­нняў агучылі цікавую статыстыку: «За дзевяць гадоў у адным толькі Мінску колькасць веласіпедаў павялічылася ўтрая. Многія карыстаюцца гэтым транспартам час ад часу, але каля 120 тысяч жыхароў можна назваць актыўнымі веласіпедыстамі — яны катаюцца кожны дзень». Горад адаптуюць пад патрэбы аматараў байкаў. Бардзюры становяцца ніжэй, веладарожкі — даўжэй. Так, у Мінску ўладкаваны сотні кіламетраў тратуараў, а самая камфортная магістраль — 27-кіламетровая веладарожка, якая перасякае амаль увесь горад. Яшчэ дзве адасобленыя веладарожкі знаходзяцца ў Лошыцкім парку і лесапаркавай зоне паміж мікрараёнамі Дражня, Сцяпянка і Ангарская. Выязджаем у рэйд, каб ацаніць становішча ў спякотны чэрвеньскі дзень.

— Глядзіце, проста перад намі праехаў веласіпедыст,Барыс Садоўскі, камандзір 2-га ўзвода ДПС АДАІ Ленінскага РУУС Мінска, звяртае ўвагу на хлопца, які перасякае праезную частку дарогі. Па правілах, на нерэгуляваным пешаходным пераходзе ён павінен спешвацца — весці веласіпед побач з сабой. Ігнараванне гэтага пункта ПДР — адно з самых распаўсюджаных парушэнняў. У гэтым пераконваюся праз пару хвілін на вуліцы Ульянаўскай. Яшчэ адзін аматар байкаў на нашых вачах перасякае дарогу, націскаючы на педалі. Бачыць супрацоўнікаў ДАІ і пачынае круціць іх хутчэй, але ўцячы не ўдаецца. Просім мужчыну спыніцца.

— Больш так не буду, вінаваты. Прабачце, — апраўдваецца як можа.

Дарэчы, за такое парушэнне ПДР пагражае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэ­джання або штрафу ў памеры ад 25,5 да 76,5 рубля. Калі правапарушальнік знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, сума штрафу складзе ўжо ад 76,5 да 127,5 рубля.

Азіраюся па баках і заўважаю яшчэ аднаго парушальніка. Малады чалавек упэўнена рухаецца па дарозе, па-майстэрску аб’язджае аўтамабілі.

— Павярніце да абочыны і спыніцеся, — льецца з гучнагаварыцеля.

Маёр міліцыі Барыс Садоўскі тлумачыць: хлопец парушыў пункт 148 ПДР. Веласіпедысты павінны рухацца па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па абочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Калі такія элементы дарогі адсутнічаюць або рух па іх немагчымы, дапускаецца рух па праезнай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за метр ад яе правага краю. Аддаліцца ад гэтай зоны можна толькі для аб’езду перашкоды і ў дазволеных выпадках: для павароту налева ці развароту.

Па правілах на нерэгуляваным пешаходным пераходзе веласіпедыст павінен спешвацца — весці веласіпед побач з сабой.

Правіламі многія грэбуюць, што прыводзіць да сумных наступстваў. Старшы інспектар па асобых даручэннях УДАІ МУС Ганна Банадык канстатуе:

— Усяго летась зарэгістравана 279 ДТЗ, звязаных з наездам на веласіпедыстаў. Па віне саміх веласіпедыстаў адбылося 134 ДТЗ, у якіх загінулі 33 чалавекі, траўмы і калецтвы атрымалі 104 чалавекі.

Што датычыцца свежай статы­стыкі, то за пяць месяцаў гэтага года па віне веласіпедыстаў здзейснена 36 ДТЗ, у выніку якіх загінулі два чалавекі (гэта на 80 працэнтаў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. — Заўв. аўт.), 34 чалавекі паранены. Пры гэтым 10 веласіпедыстаў знаходзіліся ў нецвярозым стане.

Едзем да веладарожкі на тратуары — тут часта ўзнікаюць цяжкасці ў перамяшчэнні і ў пешаходаў, і ў веласіпедыстаў. А ў гэтым сезоне да іх масава прыбавіліся модныя і шустрыя гаджэты: электра— і гіраскутары, монаколы і іншыя сродкі персанальнай мабільнасці. Іх цеснае суседства прыводзіць да праблем. Напрыклад, хуткасць пешаходаў звычайна ад 2 да 6 км/г, а ў самаката з маторам яна можа дасягаць 25 км/г. Але сагнаць апошніх на праезную частку нельга — там машыны, якія едуць на хуткасці 60—70 км/г.

Спрабую прайсціся па веладарожцы, якая падзелена на дзве часткі. З аднаго боку рэкамендавана хадзіць пешаходам, з другога катацца. Праўда, многія сваёй паласы не прытрымліваюцца: віхляюць як хочуць. Ужо праз хвіліну мой спакойны праменад абрывае рэзкі ўдар у плячо — уладальнік электрасамаката ледзь на мяне не наехаў! Своечасова паспела ўхіліцца, уціснулася ў сцяну будынка. А яздок паехаў далей.

Электрасамакаты і іншыя малагабарытныя дэвайсы карыстаюцца папулярнасцю: іх скупляюць у магазінах, бяруць у пракаце. Многія гатовы рухацца на такім транспарце па вуліцах. Між іншым, у некаторых краінах праз гэта павялічылася колькасць здарэнняў на тратуарах: напрыклад, у ЗША і Іспаніі, дзе на такіх гаджэтах дазволена катацца ў пешых месцах, ужо былі выпадкі са смяротным зыходам. Калі ў нас з выкарыстаннем веласіпедаў сітуацыя больш-менш зразумелая ў юрыдычным плане, то самакаты і іншыя падобныя гаджэты да гэтага часу ў законе не прапісаны.

Заканадаўства, у тым ліку і ПДР, імкнецца паспець за развіццём сучасных тэхналогій. У МУС анансуюць, што ўдзельнікаў дарожнага руху, якія выкарыстоўваюць сучасныя індывідуальныя сродкі перамяшчэння, плануецца прыраўняць да пешаходаў:

— У нашай краіне плануецца ўнесці змены ў Правілы дарожнага руху з улікам нарастаючай папулярнасці электратранспарту. Гаворка ідзе пра электра— і гіраскутары, электрасамакаты і іншыя сродкі персанальнай мабільнасці — так будзе называцца гэтая катэгорыя транспарту. 

Так, уладальнікі навамодных гаджэтаў, магчыма, у будучыні будуць рухацца па веласіпедных дарожках, калі яны не арганізаваны побач з праезнай часткай, а канструктыўна вылучаны. Калі такой дарожкі няма, то, па праекце новых правілаў, можна будзе ехаць па тратуары, не ствараючы пры гэтым перашкод для пешаходаў. Для мапедаў, матацыклаў, аўто з электрарухавікамі будуць дзейнічаць тыя ж патрабаванні, што і для звычайнага транспарту.

Дарэчы, змены ў ПДР вынесены на грамадскае абмеркаванне, затым пройдуць шэраг абавязковых узгадненняў. Калі новыя правілы ўступяць у сілу, дакладна невядома. Пакуль закона няма, у адносінах да мабільнага электратранспарту некаторыя прымаюць самастойныя рашэнні. У Мінску, напрыклад, адміністрацыя папулярнай лыжаролернай трасы ў мікрараёне Вяснянка забараніла катацца па сваёй тэрыторыі на падобным транспарце: яго ўладальнікі перашкаджаюць спакойна рухацца аматарам ролікаў. 

У мясцовым пункце пракату нам растлумачылі:

— Сучасная асфальтаваная траса дазваляе актыўна праводзіць вольны час круглы год. Але ўлетку тут можна катацца толькі на лыжаролерах і ролікавых каньках. Стаяць знакі, дзе паказана, на чым тут рухацца забаронена. На электрасамакатах — у тым ліку. Калі парушыце правіла, да вас падыдуць прадстаўнікі адміністрацыі і зробяць папярэджанне.

ypopko@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter