Сёння многія апранаюць акуляры не толькі па парадзе акуліста. Гэта адметны модны аксэсуар, які можа выратаваць або сапсаваць увесь вобраз. Калі акуляры падабраны бездакорна, яны будуць радаваць ваш позірк ва ўсіх сэнсах.
Купляць акуляры неабдумана нельга. Набываць іх можна толькі пасля абследавання і кансультацыі ў афтальмолага. Няправільна падабраныя акуляры могуць пагоршыць зрок яшчэ больш. Патлумачце доктару, для якіх мэт яны вам неабходны: чытання, карэкцыі зроку ці працы за камп’ютарам. Пасля абследавання афтальмолаг дасць свае парады і выпіша рэцэпт.
Пасля трэба будзе вызначыцца з матэрыялам лінз. Пластыкавыя -- лёгкія і не такія траўманебяспечныя. Але на іх хутка з’яўляюцца драпіны. Лінзы, вырабленыя з аптычнага шкла, адрозніваюцца трываласцю і доўгім “жыццём”. У іх больш высокі каэфіцыент праламлення, што адыгрывае ключавую ролю ў памерах і таўшчыні лінзы. З недахопаў -- крохкасць, вялікая вага, складанасць вырабу і апрацоўкі, ад гэтага -- больш высокі кошт.
Апошнім часам попытам карыстаюцца фотахромныя лінзы, якія ў народзе называюць хамелеонамі. Яны могуць змяняць сваю здольнасць прапускаць святло: калі свеціць яркае сонца, зацямняюцца, а ў цемры становяцца празрыстымі.
Не купляйце танныя мадэлі акуляраў на рынке ці ў падземных пераходах. У такіх месцах звычайна прадаецца самая нізкаякасная прадукцыя, якая не прайшла сертыфікацыю.
У пошуках ідэальнага варыянта
Знайсці ідэальныя акуляры -- справа складаная. Яны могуць як амаладзіць, так і састарыць на некалькі гадоў, як збалансаваць прапорцыі, так і падкрэсліць недахопы.
Уладальнікам авальнага твару будуць пасаваць акуляры любой формы: круглыя, cat eye, авіятары-кропелькі, прамавугольныя. Праўда, лепш пазбягаць занадта маленькіх і залішне масіўных вырабаў.
Калі ў вас круглы твар, скажыце «не» круглым акулярам. Вам патрэбна зрокава выцягнуць прапорцыі. І лепшыя памочнікі ў гэтай справе -- акуляры прамавугольнай або квадратнай формы.
Змякчыць рысы квадратнага твару дапамогуць акуляры круглай формы. Варта пазбягаць рэзкіх вуглоў і пераходаў. У аправе павінна быць усё мякка і згладжана. Прамавугольныя і квадратныя, маленькія і вузкія -- лепш пакінуць такія варыянты на палічках вітрын.
Да твара-трохкутніка падыдуць як вузкія і маленькія акуляры, так і круглыя (як у аправе, так і без яе). Выбірайце акуляры, якія згладзяць лінію скул і дададуць «вагі» ніжняй частцы твару -- напрыклад, авіятары.
Калі прытрымлівацца гэтых няхітрых правілаў, падабраны вамі аксэсуар дапаможа скарэкціраваць форму твару. І тады ўсе вашы недахопы ператворацца ў вартасці.
ВАЖНЫЯ НЮАНСЫ
Сачыце, каб бакавыя краі акуляраў знаходзіліся на адной лініі з тварам. Аправа не павінна выходзіць далёка за лінію броваў. Каб нос не выглядаў кароткім, у дужках не павінна быць нізкай пасадкі. Не забывайце аб зручнасці --- акуляры вы будзеце насіць кожны дзень, таму выбірайце тыя, у якіх вам камфортна.
Важна цалкам адчуваць на сабе аправу ў момант прымеркі. Можна пакруціць галавой і паглядзець, ці камфортна акуляры сядзяць на носе. Нідзе не ціснуць? Пасля насычанага працоўнага дня ў цесных акулярах можа не на жартачкі разбалецца галава.
МАЙЦЕ НА ЎВАЗЕ
Пяць парад па доглядзе за акулярамі
1. Каб пазбегнуць дэфармацыі аправы і забруджвання лінзаў, захоўваеце акуляры ў спецыяльным футляры.
2. Кладзіце акуляры ў футляр дужкамі ўніз -- так на лінзах будзе менш драпін.
3. Апранайце і здымайце акуляры дзвюма рукамі, трымаючыся за абедзве дужкі.
4. Працірайце акуляры спецыяльнай сурвэткай з мікрафібры. Калі раптам яе пад рукой не аказалася, падыдзе мяккі вафельны ручнік або сінтэтычная тканіна. Самае галоўнае -- яны павінны быць чыстымі.
5. Калі акуляры зламаліся, не спрабуйце адрамантаваць іх самастойна -- адразу звяртайцеся да майстроў.
КАМПЕТЭНТНА
Валянціна Лукашэнка, прадавец-кансультант салону оптыкі FOCUS:
-- Сёння не праблема падабраць для кліентаў акуляры на любы густ і кашалёк. Мужчынскія апрывы звычайна прадстаўлены ў класічным варыянце: прамавугольная форма ў спокойных колерах -- чорным, карычневым, насычана сінім.
Жанчынам прапануецца больш разнастайны выбар. Фаварыты па форме -- прамавугольныя, cat eye, круглыя, авіятары. У гэтым сезоне з намі застаюцца акуляры з буйной квадратнай чорнай аправай, закругленай у кутках. Акуляры з лінзамі-хамелеонамі таксама на піку папулярнасці. Яны сустракаюцца ў розных варыяцыях, пачынаючы з тоненькай аправы і заканчваючы грунтоўным апраўленнем з леапардавага прынту.
Сёлета моладзь аддае перавагу вялікім круглым акулярам. Яны могуць быць як у выразнай аправе, так і ў тоненькай, амаль незаўважнай акантоўцы. На лінзы нярэдка наносяць пакрыццё з антыблікамі, фотахромамі.
У праграмістаў і офісных працаўнікоў попытам карыстаюцца лінзы- блюкаты. Штодзённая праца за камп’ютарам (а яшчэ дадаць сюды тэлефоны і планшэты) не ідзе на карысць нашым вачам. Спецыяльныя акуляры стрымліваюць раздражняльнае дзеянне яркага святла і блікаў, не прапускаюць прамяні, якія аказваюць шкодны ўплыў на сятчатку.
Жмурыцеся на сонцы? Лінзы ў звычайных акулярах можна з лёгкасцю затаніраваць і пераўтварыць у сонцаахоўныя. Не прыйдзецца насіць з сабой адразу некалькі аксэсуараў.
Больш складана падабраць акуляры дзецям. Малечы розныя, і стандартнай формай тут не абысціся. Дзіцячыя акуляры мы прапануем набываць у пластыкавай аправе і з пластыкавым шклом. Па-першае, гэта бяспечна. Вядома, што маленькія гарэзы на месцы не сядзяць, у мітусні і гульнях акуляры нярэдка падаюць. Шкло можа разбіцца, пластык -- не. Па-другое, пластыкавыя акуляры больш лёгкія, яны не так ціснуць на пераноссе. Каляровая гама для дзяцей стракатая і яркая: чырвоны, жоўты, зялёны, сіні. Акуляры для дзетак мы прадаём толькі па рэцэпце і толькі ў прысутнасці саміх малых. Трэба паглядзець, як яны ляжаць, наколькі дзіцяці ў іх камфортна. Галоўнае правіла -- ніякага дыскамфорту!