Буквар натхнення
Свята, якога ў прыгожым райцэнтры на поўначы Беларусі вельмі чакаюць, натуральна ўпісалася ў літаратурную палітру рэгіёна. Свае першыя спробы пяра на гэтай зямлі зрабіла нямала таленавітых паэтаў, празаікаў, журналістаў. Адна з найбольш яскравых фігур — Канстанцін Вераніцын, магчыма, самы загадкавы беларускі аўтар ХІХ стагоддзя. Яго сатырычная паэма «Тарас на Парнасе» цяпер твор хрэстаматыйны, а яшчэ паўстагоддзя таму ананімны.На малой радзіме Вераніцына праводзяць свята-брэнд у яго ганар, устанавілі мастацкія кампазіцыі ў выглядзе валуноў з памятнымі дошкамі, а яшчэ — скульптуру галоўнага героя паэмы палясоўшчыка Тараса. У поўны рост ён узвышаецца ў Вераніцынскім скверы, які атрымаў сваю афіцыйную назву зусім нядаўна. Да Дня беларускага пісьменства кампанію незвычайнаму манументу склалі новыя арт-аб’екты. Такі падарунак зрабіла райцэнтру Беларуская акадэмія мастацтваў, студэнты якой упрыгожылі сквер сваімі работамі з камня. Без сумневу, нямала поглядаў прыцягне і скульптурная кампазіцыя «Буквар». Велізарныя літары — своеасаблівы літаратурны шыфр. Аўтар, студэнт Беларускай акадэміі мастацтваў Ігар Сілко, расказаў:
— Эскіз нарадзіўся пасля таго, як я ўбачыў шрыфты першага ў свеце «Буквара», 405 гадоў таму выдадзенага ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага братэрства.
Крона трымаецца на кнігах
Кампазіцыя «Дрэва беларускага пісменства» з нержавеючай сталі вышынёй больш за 2,5 метра ніколі не скіне лісце. Замест ствала ў яго кнігі, дзеліцца аўтар працы Юрый Татарыновіч, дырэктар глыбоцкага прадпрыемства «У ажуры»:— Крона трымаецца на 19 кнігах, напісаных аўтарамі, якія ўславілі Гарадоцкі край.
Сувеніры прапануе мясцовы Дом рамёстваў і фальклору. Яго загадчык Марына Гушча распавяла:
— Выбар багаты — ад магнітаў і кубкаў з эмблемай свята да работ, у якіх цесна перапляліся нашы традыцыйныя рамёствы, якія маюць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Гаворка пра ажурнае ткацтва, саломапляценне, інсітнае мастацтва.
Тэматычныя экспазіцыі, прэзентацыі і разнастайныя інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы, конкурсы — без усяго гэтага і шмат чаго іншага не абыдзецца. Так, госці змогуць убачыць гістарычную рэканструкцыю «Гарадоцкі кірмаш», ад душы пагуляць на фэсце народнай творчасці, паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас», а яшчэ на мясцовым кулінарным фестывалі «Мара гурмана». Арганізатары абяцаюць — будзе смачна.
Вершы на будынках
Упрыгожваць дамы мураламі ў гарадах — сталіцах Дня беларускага пісьменства ўжо добрая традыцыя. У Гарадку яе таксама падтрымалі: на тарцы дома, які глядзіць на галоўную плошчу райцэнтра, цяпер гербы ўсіх гарадоў, якія ў розныя гады прымалі свята. Акрамя таго, на асобных будынках у райцэнтры зараз можна ўбачыць вершаваныя радкі беларускіх класікаў.ПРОСТАЯ МОВА
Ірына Палякова, старшыня Гарадоцкага райвыканкама:
— На абнаўленне і добраўпарадкаванне да свята было выдаткавана каля 8,5 мільёна рублёў. І гэта без уліку рамонту жылфонду. Прыкметна папрыгажэлі Дом рамёстваў і фальклору, цэнтральная бібліятэка, краязнаўчы музей, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры… Больш за 880 тысяч рублёў затрачана на паляпшэнне дарожнай сеткі. Толькі ў самім райцэнтры адрамантавана дзесяць вуліц, ці каля пяці кіламетраў. Абноўлены фасады 37 дамоў у Гарадку, выкананы бягучы рамонт дахаў на 20 дамах і капрамонт чатырох дамоў, а пяты — пакуль у працэсе. Усяго ў спісе больш за 80 аб’ектаў. Пры гэтым частка сродкаў пакінута на бягучую дзейнасць, якая, вядома ж, не скончыцца разам са святам.
ДАРЭЧЫ
Таленавітыя майстры мясцовага Дома рамёстваў і фальклору стварылі незвычайную кнігу-сімвал з нашым першадрукаром Ф. Скарынам на драўлянай вокладцы. Кнiгу ўрачыста перададуць наступнай літаратурнай сталіцы Дня пісьменства — Івацэвічам.
naumova@sb.by