Каляды, як і перадкалядная пара — гэта, як вядома, час рамантычна-паэтычны. Вось і вырашылі мы запрасіць у госці паэта, творчасць якога даўно любім: Станіслава Валодзьку. Акрамя нас, госця з Даўгаўпілса, як і прыхільнікаў ягонай творчасці, у Ліванскім культурным цэнтры сустракалі пахі яловых галінак, водары ад запаленых свечак... Карацей, усё настройвала на паэтычны лад.
Станіслаў Валодзька гасцюе ў Ліванах
Станіслаў напісаў нямала вершаў, прычым шэраг іх пакладзены на музыку. Песні тыя выконваюць беларускія гурты Латвіі, Літвы, Эстоніі, гучаць яны і ў Беларусі. А яшчэ паэт перастварае латышскія народныя і аўтарскія песні на беларускую мову. А “песенна-паэтычны дыялог” надзвычай важны для пашырэння духу паразумення, сяброўства паміж латышамі й беларусамі, паміж краінамі-суседкамі Латвіяй і Беларуссю.
Мы згадвалі цікавыя моманты з біяграфіі паэта, гаварылі пра кірункі ягонай творчасці, слухалі вершы ў аўтарскім выкананні. Чыталі вершы госця-земляка і ўдзельнікі ансамбля “Узоры” ліванскага Славянскага таварыства, прычым выбіралі тое, што каму больш па душы. Яшчэ разважалі, што ўмець складваць вершы, нешта рыфмаваць — гэта ж толькі адзін са складнікаў паэтычнага таленту. А ў аснове яго звычайна ёсць вялікая праца душы творцы, яе здольнасць чуйна ўспрымаць як павевы часу, так і шэпты Прыроды, Сусвету, гарманізаваць і ў словах перадаваць свае перажыванні. Пры тым паэту важна ўмець знаходзіць незацёртыя словы, вобразы, свежыя спалучэнні гукаў... Звычайна такія душэўныя адметнасці робяць паэта чуллівым, вельмі ўспрымальным — і ранімым. Але ж дзякуючы сваёй творчасці ў паэтаў ёсць магчымасць самарэалізавацца, знайсці сяброў, душы якіх з паэтавай — у сугуччы. І, творачы гармонію ў словах, гарманізаваць духоўную прастору, знаходзіць “свой голас” у грамадскім хоры.
Чытанне вершаў чаргавалася з песнямі на словы Станіслава Валодзькі. Выконваў іх пад гітару Яўген Пашкевіч (“В твой день рождения” і “Признание”). А мясцовы ансамбль “Узоры” (мастацкая кіраўніца Яніна Юзэфовіч) спяваў “Касцёр для дваіх” і перакладзеную госцем на беларускую мову вядомую Калядную песню “Ціхая ноч”. Сустрэча праходзіла ў цёплых, па-сямейнаму сардэчных варунках, з абменам думкамі, уражаннямі, меркаваннямі, а таксама пажаданнямі.
Такія паэтычна-рамантычныя сустрэчы, на мой погляд, вельмі важныя для паўнацэннага жыцця ў беларускіх асяродках замежжа. Ну не заўсёды ж патрэбны вялікія зборы людзей, як на фэсты ці Купалле: беларускай душы даспадобы й ціхая камернасць вясковых вячорак, Калядных вечароў з іх патемнасцю. І мы вельмі рады, што дзякуючы Станіслу Валодзьку змаглі “сагрэцца душамі”: такім паэтам-беларусам ганарымся мы, ім ганарыцца можа і ўся Беларусь. Праз газету выказваем яму вялікую ўдзячнасць, жадаем моцнага здороўя, далейшага імкнення ды энергіі тварыць дабро, ствараць новыя цудоўныя вершы!
Лідзія Знотыня, старшыня Славянскага таварыства “Узоры”, г. Ліваны, Латвія
Голас Радзімы № 3 (3555), чацвер, 18 студзеня, 2018 у PDF
Перад Калядамі ў латышскім горадзе Ліваны сустракалі беларускага паэта Станіслава Валодзьку
Рамантычная паэзія ў Калядную пару
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.