Источник: Знамя юности
Знамя юности

Правило «500 слов»: учитель белорусского языка и литературы делится полезными советами по подготовке к ЦЭ

Правіла «500 слоў»

У Святланы Дзяшук, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Мінска, аўтара трэнажораў па арфаграфii, ёсць правіла пад кодавай назвай «500 слоў». Засвоіш яго – атрымаеш добры вынік на тэсціраванні. Мы вырашылі даведацца пра рэцэпт поспеху і адправіліся да педагога на кансультацыю.


Ва ўласным школьным атэстаце Святланы Анатольеўны стаіць толькі адна чацвёрка (пяцібальная сістэма) – па беларускай мове.

– Усе здзіўляюцца, але гэта так, – усміхаецца суразмоўніца. – Стаць настаўнікам было маёй дзіцячай марай. Але я доўга не магла вызначыцца, які прадмет выбраць. У школе ўсе дысцыпліны падабалiся, але асаблiва лю­бiмымi былi мовы: руская, беларуская, iспанская. Школу скончыла з сярэбраным медалём. Схапіла чацвёрку па роднай мове. Як бачыце, прадмет выбiрала ад адваротнага.

Яна на ўласным прыкла­дзе даказала, што, калі чагосьці захацець, магчыма ўсё. Сёння ў Святланы Анатольеўны цэлы стос асабістых узнагарод і грамат. Але яна заўважае, што больш ганарыцца дасягненнямі сваіх вучняў. За дзесяць гадоў узрасціла 29 дыпламантаў рэспубліканскай алімпіяды на гарадскiм узроўнi i дзесяць – на заключным этапе. 

Можа, ёй вядомы сакрэт, як здаць цэнтралізаваны экзамен на высокі бал? У адказ педагог выводзіць на аркушы лічбу 500:

– Сваім вучням я заўсёды гавару: «Каб правільна выканаць заданне з пяццю варыянтамі адказаў ці запісаць правільны адка­з у частцы В, неабходна прапрацаваць 500 слоў, слова­злучэнняў, сказаў на гэта правіла». Таму мая фішка ў падрыхтоўцы вучняў да ЦЭ – выкарыстанне аўтарскіх трэнажораў па беларускай мове. Увесь школьны курс я разбіла на заняткі. Іх атрымалася 90. Мэта трэнажораў – дапамагчы вучням засвоіць вучэбны матэрыял і набыць неабходныя ўменні, каб прымяняць вывучаныя правілы на практыцы праз выкананне разнастайных практыкаванняў. 

Святлана Дзяшук схема­тычна тлумачыць, як будуе канву вучэбных заняткаў. Пачынае рубрыкай «Успомнім!», у якой сцісла фармулюе правіла, затым дае вялікую колькасць заданняў на яго адпрацоўку. Амаль заўсёды ўрок заканчвае міні-тэстам для праверкі. Імкнецца кожны раз здзіў­ляць дзяцей – так новая інфармацыя лепш адкладваецца ў памяці. Часта прапаноўвае школьнікам рубрыку «Гэта цікава!». З дапамогай яе нават складаныя моўныя з’явы цудоўна рас­кладваюцца па палічках.


Настаўніца ўпэўнена – калі хочаш добры вынік на ЦЭ, пачынай актыўную пад­рыхтоўку за два гады да выпускнога класа: 

– У 10-х і 11-х класах адбываюцца паўтарэнне, па­глыбленне і сістэматызацыя ведаў. Асабіста я арганізую вучэбныя заняткі ў сістэме «ўрок – факультатыў – аб’­яднанне па інтарэсах». На ўроках, напрыклад, іду строга ў адпаведнасці з праграмай па беларускай мове, на факультатыўных занятках складаю сінхрон­нае каляндарна-тэматыч­нае планаванне (што вывучалі на ўроку, адпрацоўваем на факультатыве). Падчас вучобы ў аб’яднанні па інтарэсах падключаю свае трэнажоры, каб канчаткова адпрацаваць пэўную тэму. Ганаруся: мая сістэма працуе. Прыкладна 25 працэнтаў вучняў атрымліваюць вельмі высокі вынік – больш за 90 балаў. 

МАТАЙ НА ВУС!

Святлана Дзяшук на аснове ДРТ, якое размешчана на сайце РІКВ, вывела для сваіх вучняў канструктар тэстаў. Па сутнасці, гэта структура тэсту, і, рашаючы заданні (самастойна або з настаўнікам), можна адзначаць знакам «–» заданні, у якіх дапускаеце памылкі, каб бачыць, якія тэмы «западаюць». Калі пры рашэнні тэсту многа знакаў «–» будзе стаяць, напрыклад, у заданнях А2 ці В1, то вы дакладна будзеце бачыць, што вам трэба паўтарыць тэмы «Правапіс у і ў» і «Правапіс о, э, а».

ЛАЙФХАКІ ПАДЧАС ЗДАЧЫ ЦЭ

1. Уважліва слухайце інструкцыю па запаўненні бланка адказу і рабіце толькі так, як вам растлумачылі.

2. Удыхніце і выдыхніце некалькі разоў, каб супакоіцца. Поспех у здачы ЦЭ залежыць не толькі ад ва­шых ведаў і ўменняў па беларускай мове, але і ад вашай здольнасці справіцца з нер­вамі.

3. Спакойна і ўважліва прачытайце заданне некалькі разоў, каб дакладна разабрацца ў тым, што патрабуецца.

4. Рацыянальна выкарыс­тоў­вайце адведзены час. Заплануйце сабе два кругі. Спачатку зрабіце лёгкія (адносна лёгкія) для вас заданні, прапускаючы тое, што не разумееце. Падчас другога круга пастарайцеся разабрацца са складанымі.

5. Не стаўцеся занадта легкадумна да простых, на ваш погляд, заданняў. Абавязкова дачытайце да канца і ўважліва прааналізуйце ўсе варыянты адказаў. Упэўненасць у сабе – гэта цудоўна. Самаўпэўненасць даволі часта заканчваецца дрэнна.

6. Выкарыстоўвайце метад выключэння: адкіньце ліш­няе і тым самым павялічце свае шансы на поспех.

7. Не пакідайце заданні без адказаў. Не здавайцеся! Нават калі вы зусім не ўяўляеце правільны адказ, уключыце інтуіцыю. Ёсць шанс (хай і маленькі), што вам пашчасціць.

8. Правільна і дакладна запісвайце адказы ў бланк, не спяшайцеся запаўняць яго адразу, лепш гэта зрабіць пасля праверкі заданняў.

ПАРАДЫ АД СВЯТЛАНЫ ДЗЯШУК

♦ Паўтарайце тэорыю па падручніках.

♦ Да ЦЭ вы павінны паўта­рыць тэарэтычны матэрыял, які вывучаўся ў школе, а таксама набыць неабходныя ўменні, каб прымяняць вывучаныя правілы на практыцы. Ёсць вялікая колькасць даведнікаў па падрыхтоўцы да ЦТ па беларускай мове, якія можна выкарыстоўваць для падрыхтоўкі да ЦЭ. Але не забывайцеся на тое, што аснова вашых ведаў – падручнікі па беларускай мове з 5-га па 9-ы клас, дзе падрабязна разгледжаны ўсе правілы, неабходныя для выканання тэсту. Падручнікі па беларускай мове для 10-га і 11-га класаў дапамогуць вам паўтарыць і сіcтэматызаваць ве­ды, набытыя ў 5-м – 9-м класах.

♦ Рашайце тэсты мінулых гадоў (як мага больш!).

♦ Абавязкова схадзіце на РТ (на ўсе тры этапы). У гэтым навучальным годзе яшчэ можна патрапіць на трэці этап. Паведаміце настаўніку рэальны (!) вынік РТ, бо педагогу важна ведаць сапраўднае становішча спраў, каб, прааналізаваўшы сітуацыю, правільна пабудаваць далейшую рабо­ту.

♦ Абавязкова выканайце ДРТ на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Адказы можна ўнесці ў электронную форму, і сістэма разлічыць ваш бал.

♦ Калі вы вучыцеся ў 10-м класе, сплануйце сабе (самастойна або з дапамогай вашага настаўніка) работу на лета. Работа са структурай тэсту дапаможа вам выявіць уласныя слабыя месцы і засяродзіцца на іх.

azanovich@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter