Хто і як аднаўляе Любчанскі замак?

Любча дорага паглядзець

Прадпрымальнiкi працягваюць аднаўляць Любчанскі замак. Створаны імі дабрачынны фонд жыве. Толькі дзякуючы яму гісторыка-культурны аб'ект аднаўляецца. Кожны год пасля здачы сесіі сюды едуць сотні студэнтаў БДТУ, а таксама іх сябры і блізкія.

Дзве вежы і сцяну валанцёры ўжо аднавілі

Будаваць замак сваімі рукамі значна лягчэй, чым вучыцца. Хіба не? Летам у Любчанскім замку заўсёды віруе жыццё. Асабліва ў апошнія 15 гадоў. Энтузіяст і краязнавец Іван Пячынскі ў самым пачатку гэтай грандыёзнай будоўлі планаваў аднавіць усяго адну вежу. Але пачатая справа так зацягнула бізнесмена, што стала справай усяго яго жыцця. Сёння ўсё рушыць да завяршэння архітэктурнага праекта па аднаўленні яшчэ дзвюх вежаў. Ён ужо прайшоў узгадненне ў Мінкультуры, атрымана заключэнне рады Акадэміі навук. Засталося прайсці экспертызу.

У Любчу ўдалося трапіць да абеду. Хлопцы ўжо паелі і адправіліся на рэчку асвяжыцца. З 14.00 да 16.00 у іх адпачынак. Замак на две гадзіны апусцеў, але вынікі працы ўражваюць. За чарговы летні сезон плануецца зрабіць многае: акрэсліць тэрыторыю будучага замка, аднавіць падмуркі паўночна-заходняй сцяны, зрабіць падлогі і лесвіцы ва Уязной вежы і шмат чаго яшчэ.

Хлопцы месяць цэмент для фундаменту другой сцяны, як сапраўдныя будаўнікі.

Жывуць хлопцы і дзяўчаты ў будынку старой школы, якую ў савецкія часы ўзвялі на тэрыторыі замка. Худзенькага студэнта ў сіняй майцы, якога мне ўдалося застаць у памяшканні, завуць Ігар Сурдол. Ён камандзір валанцёрскага атрада. Хлопец вучыцца ў БДТУ на факультэце «Тэхналогія арганічных рэчываў».

Дзяўчынкі-валанцёры, адказныя за ежу

— Як тут апынуўся? — задаю пытанне валанцёру.

— Прыязджаю ўжо другі год, — адказвае Ігар. — Менавіта па выніках мінулага года мяне абралі камандзірам. Гэта і праца, і адпачынак. Праўда, адчуваецца адказнасць за сваю працу. Атрымліваецца, што звычайныя хлопцы ўносяць свой уклад у гісторыю. У дадзены момант аднаўляем падмуркі другой сцяны, у Брамнай вежы робім падлогі і лесвіцы і многае іншае. У мінулым годзе адрамантавалі арку ў Валанцёрскай вежы. Даставалі старую цэглу і клалі новую. Іван Антонавіч паказвае на пальцах, што і як мы павінны рабіць. Хлопцы з першай змены вучаць другую. Складана толькі ўставаць раніцай. Днём працуем, а ўвечары купаемся, сядзім ля вогнішча, спяваем, таму спаць кладземся позна.

Уязная вежа – асаблівы гонар усіх, хто будаваў замак у розныя гады

Усяго ў атрадзе другой змены 25 валанцёраў: 20 хлопцаў і 5 дзяўчат. Дзяўчынкі цяжкай працай не займаюцца. Але як сказаць. Прыгатаваць кожны дзень сняданак, абед і вячэру на вялікую кампанію таксама нялёгка. Таццяна Дзедуль — галоўная па кухні. Яна вучыцца ў Беларускім тэхналагічным універсітэце і таксама прыехала ў Любчу ў другі раз.

— А смачна гатуеце?

Энтузіяст і краязнавец Іван ПЯЧЫНСКІ марыць аб «цэлым» замку

— Быццам бы хваляць, але мы ўжо ім не верым, — адказвае Таня за сябе і за сваю памочніцу Лену Каюмаву. — З раніцы заўсёды аўсянка, бутэрброды робім, на абед першае, другое і кампот, а на вячэру што-небудзь сытнае. Хлопчыкі дапамагаюць бульбу чысціць, дровы колюць, за сабой талеркі мыюць.


Вынікі праведзенай работы ўражваюць. Нават складана паверыць, што ўсё гэта зроблена рукамі звычайных студэнтаў. Нязменны кіраўнік працэсу Іван Пячынскі задаволены працай сваіх падапечных:

— У гэтым годзе спаўняецца 15 гадоў з таго моманту як тут пачаліся работы. Два месяцы летам тут, з валанцёрамі, плюс 30 выездаў на выхадныя на працягу года, за выключэннем гэтага, займаўся архітэктурным праектам. Нядаўна падлічыў, што калі суаднесці працу, якую робяць валанцёры за ліпень-жнівень, з тым, што ўжо зроблена і колькасцю людзей, якія тут пабывалі, то атрымліваецца, як быццам у Любчанскім замку бесперапынна кожны дзень працавалі 7 чалавек. Актывы фонду складаюць 1,3 мільёна рублёў, з іх 200—300 тысяч — гэта «жывыя» грошы. Першыя 7—8 гадоў сюды ўкладаліся выключна мае ўласныя сродкі. Прыкладна 5—6 тысяч долараў у месяц. У асноўным грошы траціліся на будаўнічыя матэрыялы.

У Валанцёрскай вежы амаль усе работы завершаны.

Таццяна ЯЎГЕНАВА

Фота аўтара і Леаніда ШЧАГЛОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter