Карлюкевич рассказал, кто такой Шубуршун и почему он интересен детям

Гасцям фестывалю дзіцячай кнігі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч расказаў пра аднаго з галоўных герояў уласных дзіцячых кніг — Шубуршуна. Апісанне прыгод перакладзена на некалькі моў і выдадзена ва Узбекістане, Казахстане, Таджыкістане, Азербайджане. Дзеці ахарактарызавалі гэтага героя трапнымі эпітэтамі — гучны, непаседлівы, смелы, знаходлівы. Гэта істота, клякса, кнопка з поўсцю і паводзінамі, блізкімі да паводзін чалавека. Дарэчы, Шубуршун свае многія прыгоды прыдумвае сам.


Алесь Карлюкевіч расказаў маленькім чытачам:

— Ён жыў у школьным дзённіку, сябраваў з вучаніцай, якую завуць Вераніка, але яму не спадабалася, як яна ставіцца да вучобы. Шубуршун раззлаваўся і ўцёк з дому. Так пачаліся яго прыгоды, звязаныя з рэкамі, лясамі, рознымі падарожжамі і краінамі. У новай частцы, якая плануецца да выдання, герой трапіў у далёкаазіяцкую краіну, дзе спрабуе ачысціць цэлую раку ад велізарнай колькасці пластмасы.

— Ого! — здзівілася малеча. — І што, у яго атрымаецца?


Выйдзе навінка — абавязкова даведаемся пра плён намаганняў непаседлівага героя. Пакуль гэта сакрэт, але думаецца, што ўсё будзе ў парадку. З новымі прыгодамі Шубуршуна і іншых герояў кніг сучасных беларускіх пісьменнікаў пазнаёмімся ў тым ліку на наступных фестывалях.

Нагадаем, школьнікі з розных навучальных устаноў Мінска і Мінскага раёна сабраліся ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа на фестывалі дзіцячай кнігі «Гуляй, зіма, твая часіна!». Атрымалася сапраўднае свята з інтэрактыўнымі пляцоўкамі, тэматычнымі майстар-класамі, фотазонамі, гульнямі, паказам мультфільмаў. Але галоўнае, што юныя госці сустрэліся з беларускімі пісьменнікамі, задалі ім пытанні, атрымалі аўтографы. Зараз дома і ў школе будуць зацікаўлена чытаць новыя кнігі. Фестываль, які, дарэчы, у Коласаўскім музеі праходзіць сёмы раз, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter