Значкі, медалі, ордэны, знакі, жэтоны, манеты, шыльды, плакеткі — усё гэта мы часта бачым на людзях або будынках, з цікавасцю вывучаючы дызайн і выкананне такіх рэчаў. Карэспандэнты «Р» пабачылі на свае вочы, як ствараюцца медалі, ордэны і знакі, якімі ўзнагароджваюць за высокія заслугі, і даведаліся, як праходзіць працэс ад эскіза да канчатковага прадукту.
Ірына Лукашэвіч працуе эмальерам ужо 20 гадоў.
Усё новае
У Мінску ёсць вытворчасць, што прайшла шлях ад маленькай творчай майстэрні, якая займалася цікавымі элементамі інтэр’ера, індустрыяльнага дызайну, да прадпрыемства, што стварае рэчы, якімі ўзнагароджваюць лепшых з лепшых у нашай краіне. Мы ў гасцях у таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сэнс-Геральдыка». Яно спецыялізуецца на распрацоўцы і вырабе ордэнаў, медалёў, знакаў, фурнітуры і сувеніраў для ўсіх міністэрстваў, ведамстваў, ВНУ, прадпрыемстваў, сілавых структур і іншых. Спецыялісты, якія задзейнічаны на вытворчасці, робяць цалкам праекты, эскізы, канчатковы прадукт ад А да Я вось ужо 30 гадоў! Дарэчы, кожны дзяржаўны медаль, ордэн і іншыя ўзнагароды праходзяць узгадненне ў геральдычным савеце пры Прэзідэнце, таму ставяцца спецыялісты да ўсяго вельмі адказна. Забягаючы наперад, скажам, што справа яшчэ і ў любові да сваёй працы, захаванні чыстай рэпутацыі і простым жаданні вырабляць свой прадукт якасна. Пераканаліся ў гэтым адразу, калі ўбачылі ў розных колерах, формах і варыянтах выканання найпрыгажэйшыя медалі, ордэны, значкі на сінім аксаміце... Нешта блішчыць фіянітамі, а нешта выканана ў адным колеры. У кожнага медаля свая гісторыя і свая будучыня. Хутка стануць часткай гісторыі зусім новыя медалі для заслужаных людзей краіны, якія яшчэ трэба скончыць і ўручыць ім: «Народны артыст», «Заслужаны артыст», «Заслужаны работнік сацыяльнай абароны», «Заслужаны ўрач», «Заслужаны дзеяч культуры», «Заслужаны работнік органаў пракуратуры», «Заслужаны трэнер», «Заслужаны дзеяч мастацтваў» і гэтак далей. Усе яны выкананы з латуні і ўпрыгожаны муаравымі стужкамі. А вось юбілейны медаль «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў», ён зроблены зусім нядаўна, але яго ўжо ганарліва носяць і захоўваюць як памяць. На адным баку медаля — воін-пераможца з трапяткім сцягам, партызан з аўтаматам і жанчына з букетам кветак. А на адваротным — назва ўзнагароды і вянок з лісця лаўра і дуба, абвіты стужкай. Не менш прыгожым атрымаўся і медаль «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў. Удзельніку парада». На адным баку — гэты надпіс, а на другім — абеліск з плошчы Перамогі, колас, карта Беларусі і надпіс: «9 Мая — Дзень Перамогі».
Ці заменіць чалавека тэхніка?
Ад кавалка металу да ўсяго толькі нарыхтоўкі медаля — велізарны шлях у 24 важныя моманты. Кірыл Каралевіч, саўладальнік вытворчасці, прыкмячае:
— Усё крыецца ў нюансах, д’ябал — у дробязях.Калі коратка, то спачатку дызайнерамі ствараецца эскіз, узгадняецца з заказчыкамі. Далей на камп’ютары ствараецца аб’ёмная мадэль вырабу, якая ў далейшым пры дапамозе лазера прайграецца ў метале. Калісьці гравёр — дарэчы, адзінкавы цяпер спецыяліст — рэзаў метал штыхелем пад мікраскопам. Зараз за гэтую працу адказваюць камп’ютар і лазер. Цяпер гравёр толькі папраўляе ручным спосабам усе элементы, каб будучы наклад быў ідэальным. Але так бывае не заўсёды: нярэдка гравёры павінны прапрацоўваць рукамі вельмі шмат дэталяў, каб атрымаць на выхадзе якасны прадукт. Дарэчы, цяпер адзін з такіх спецыялістаў працуе над медалём, які ўручаць толькі ў наступным годзе! Толькі пасля гэтага важнага этапу вырабляецца тэхналагічная аснастка, якая будзе выкарыстоўвацца пры штампоўцы вырабаў у 360-тонным прэсе.
Кірыл КАРАЛЕВІЧ: «Асноўныя матэрыялы, з якімі працуем, — латунь і тампак. Гэтыя медныя сплавы лёгка апрацоўваюцца, у іх высокая каразійная стойкасць».
Мы адпраўляемся да эмальераў, спецыялістаў, якія расфарбоўваюць медалі. У руках шпрыц з фарбай і медыцынскай іголкай. Эмальер Ірына Лукашэвіч, якая працуе тут больш за 20 гадоў і прыйшла сюды ўслед за маці, якая працавала ў штамповачным цэху, праз павелічальнае шкло глядзіць на медаль для супрацоўнікаў МНС і быццам па мікракроплі ўносіць патрэбную эмаль у не бачную майму воку ячэйку. Калі дзесьці эмаль вылезла, ліквідуем гэты недахоп растваральнікам і ватай. Праца вельмі карпатлівая і адказная: медаль павінен зіхацець!
Толькі пасля таго, як нанесена ахоўна-дэкаратыўнае пакрыццё для стойкасці колеру металу і каляровыя эмалі, медалі нясуць у спецыяльную печ, дзе пры тэмпературы 100 градусаў яны сохнуць. Ужо пасля іх аддаюць у зборку.
Хутка зрабіць тыраж медалёў не атрымаецца: важна выканаць усё акуратна і дакладна.
Скупы плаціць двойчы
Цікава, што на вытворчасці шмат рэдкай тэхнікі, якая дазваляе рабіць медалі і іншыя вырабы: унікальны станок для вытворчасці матрыц, устаноўка электрапаліроўкі латуні, электронна-прамянёвага дэкарыравання, машына па нанясенні алмазападобнага пакрыцця, адзіная ў краіне вакуумная ўстаноўка, якая робіць сярэбранае і залатое напыленне.
Так выглядае штампоўка для медалёў
— Асноўныя матэрыялы, з якімі працуем, — латунь і тампак. Гэтыя медныя сплавы лёгка апрацоўваюцца, у іх высокая каразійная стойкасць. Для іх пакрыцця толькі мы выкарыстоўваем срэбра, золата, медзь і іншыя металы. Эмаль — ювелірная. Каб усё жыло доўга, а не рассыпалася пасля ўзнагароджання, неабходныя менавіта такія матэрыялы, — расказвае Кірыл Каралевіч, падсумоўваючы: — Калі робіш медаль, які павінен быць гонарам, сімвалам, памяццю на гады, ён павінен быць зроблены з тых матэрыялаў, якія столькі пражывуць.
Сапраўды, інакш навошта такі медаль, які не варты таго, каму яго ўручаюць?
Некаторыя медалі ўжо сталі гісторыяй, іншыя толькі рыхтуюцца да таго, каб іх уручылі. Тым часам гравёры ўжо працуюць над тымі, якія будуць уручацца ў наступным годзе.