Такое ўражанне, што пад бой курантаў многія загадалі сапраўдную снежную зіму. І яна прыйшла! А разам з ёй — і сезонныя праблемы. З некаторымі, напрыклад снегам на дарогах і тратуарах, паспяхова змагаюцца камунальнікі. Іншыя цяжкасці — зімовы і галалёдны траўматызм — пад сілу папярэдзіць самім. У гэтым дапамогуць і рэкамендацыі спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя.
— Штогод у краіне траўмы атрымліваюць каля 700 тысяч чалавек, — дзеліцца статыстыкай выконваючы абавязкі загадчыка прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч. — І гэтая лічба пастаянна расце. Самы высокі паказчык назіраецца ў Мінску і Мінскай вобласці. Па ўсёй верагоднасці, гэта звязана з рытмам і тэмпам жыцця сталічнага рэгіёна.
Кароткі светлавы дзень і вялікая колькасць аўтамабіляў у дварах прыводзяць да траўм па неасцярожнасці.
— Да нас прывозяць людзей, якія, спяшаючыся, зазяваліся і сутыкнуліся з машынай. Нярэдка чалавек нават ламае нагу не пад коламі, а проста палохаецца і, паслізнуўшыся, нязручна падае , — тлумачыць урач.
Каб пазбегнуць такіх непрыемнасцей, спецыяліст рэкамендуе апранацца ў адпаведнасці з умовамі надвор’я. Адзенне не павінна абмяжоўваць рух, а абутак мець шырокую падэшву. Варта выбіраць самы бяспечны маршрут. Хай ён будзе ў два разы даўжэйшы, затое ў дзесяць разоў больш бяспечны. Пажылым людзям можна скарыстацца кіем і не саромецца хадзіць з ім падчас галалёду.
— Штодня ў наша аддзяленне звяртаюцца 5–6 чалавек, якія атрымалі пашкоджанні ў выніку катання на цюбінгу, — распавядае Андрэй Ярашэвіч. — Як правіла, гэта траўмы пазваночніка. Дзеці пакутуюць па прычыне спецыфікі анатоміі. Таўшчыня іх касцяной тканкі не настолькі высокая, як у дарослага. Узнікаюць скрытыя дэфармацыі, пры якіх цела пазванка мяняе форму.
Штодня ў прыёмнае аддзяленне РНПЦ траўматалогіі і артапедыі звяртаюцца 5–6 чалавек, якія атрымалі пашкоджанні ў выніку катання на цюбінгу.
Па словах кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўнага пазаштатнага спецыяліста па дзіцячай нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Міхаіла Талабаева, за апошнія пяць гадоў траўмы, атрыманыя ў зімовы перыяд падчас катання на цюбінгу, выйшлі на першае месца. Чым цюбінг адрозніваецца ад санак? На апошніх у ездака ёсць магчымасць тармазіць нагамі, выправіць кірунак руху ці ў крайнім выпадку выпасці з санак, каб пазбегнуць сутыкнення. А седзячы ў цюбінгу, ні дзіця, ні дарослы не дастаюць нагамі да снегу.
— Толькі за мінулыя выхадныя ў прыёмны пакой звярнулася больш за 40 дзяцей, — зазначае Міхаіл Талабаеў. — У пацярпелых лёгкія чэрапна-мазгавыя траўмы і пераломы, страсенне мазгоў.
Па назіраннях урача, амаль усе маленькія пацыенты атрымалі траўмы на дваровых горках і ў іншых стыхійных месцах. Разам з тым катанне ў арганізаваных месцах, дзе гарантавана няма перашкод і сочаць за парадкам, бяспечна і пры выкананні ўсіх правіл практычна не нясе пагроз.
grudnitskiy@sb.by