У 2005 годзе дырэктар раённага Дома рамёстваў Вера Байкова пазнаёміла калектыў з новым спецыялістам — маладой сімпатычнай Святланай Скавырка.
І наўрад ці хто думаў тады, што пройдзе зусім мала часу і гэтая маладая жанчына, не тутэйшая, прыезджая, праславіць Глыбоччыну на ўсю краіну. Талент чалавеку даецца ў маленстве, і калі слухаў аповед Святланы пра горад яе дзяцінства Нароўлю, пра панскі парк на Прыпяці, пра ўсе мілыя забавы той далёкай пары, то захапляўся яе ўменнем сцісла, але трапна, вобразна перадаць пачуцці, эмоцыі, перажыванні.
Дзяцінства прайшло на Прыпяці, на маю думку, гэта самая прыгожая рака ў свеце. Улетку мы з татам лавілі рыбу, а ўзімку на рацэ я каталася на каньках. Гэта незабыўнае! Бліжэй да вечара ўжо навальваецца стома, і, каб крышку адпачыць, кладзешся на снег, на лёд Прыпяці і глядзіш у неба. Глядзіш і марыш пра нешта. А ў небе — буйныя зоркі, ты глядзіш на іх і не можаш адвесці вачэй. І прыходзіць адчуванне, што шчаслівая-шчаслівая, бо ёсць родны дом, тата, мама, браты Сяргей, Валянцін, ёсць гэты дзіўны вечар, ёсць ціхае неба і зоркі на ім, прыгожыя, яркія, падобныя на кветкі, якія ты ўчора малявала.
Забаўная была ў свае малыя гады Святланка! Па смеласці, па рашучасці не саступала хлопчыкам: лазіла з імі па дрэвах, па дахах, збівала ледзяшы. І сябравала больш з хлопчыкамі, чым з дзяўчынкамі. А найлепшым сябрам стаў Колька, з якім яна праводзіла хіба не ўвесь свой вольны час. Кольку і яе малыя дражнілі нават: “Цілі-цілі цеста, жаніх і нявеста”. Але якая крыўда можа быць у маленстве?!
Дзеці выраслі, Коля застаўся ў Нароўлі, а Святлану лёс закінуў у Глыбокае. І цяпер сябры маленства сустракаюцца часцей на сайце Аднакласнікі, чым у жыцці.
— Калі прыязджаю ў Нароўлю, то адразу іду ў панскі парк, дзе на беразе Прыпяці стаяць вялікія панскія крэслы, — гаворыць Святлана. — І амаль заўсёды бачу адно і тое ж: на гэтых крэслах сядзяць, цесна прытуліўшыся, юныя ЁН і ЯНА. І, прызнаюся, шкадую, што ў свой час мне не ўдалося пасядзець гэтак жа... І сёння мне часам сняцца парк, Прыпяць і над ракой у вячэрнім небе буйныя зоркі.
Дасье “НГ”
Святлана Скавырка — загадчык Дома рамёстваў і кіраўнік гуртка выяўленчага мастацтва і роспісу па палатне. Мае некалькі персанальных выстаў. Уладальнік многіх прэмій, грамат, дыпломаў за творчую працу па адраджэнні тэхнікі роспісу на палатне, пераможца і лаўрэат шматлікіх конкурсаў. Сярод іх Гран-пры конкурсу майстроў традыцыйнага і сучаснага роспісу “Фарбы нябёсаў”, які праходзіў у рамках праграмы XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У 2016 годзе за адраджэнне маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я ёй было прысвоена ганаровае званне народнага майстра Беларусі.
На жаль, жыццё непрадказальнае. Калі б не чарнобыльская бяда, то не прыйшлося б бацькам Святланы пакідаць родны абжыты куточак і шукаць прыстанішча і шчасця ў іншых гарадах краіны. Так склалася, што пасля заканчэння Бабруйскага мастацкага вучылішча Святлана аказалася ў Вілейцы і некалькі гадоў адпрацавала мастаком-афарміцелем у мясцовым Доме культуры. Тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам Уладзімірам, які пасля заканчэння Полацкага інстытута праходзіў практыку на заводзе “Зеніт”, тут упершыню пабывала ў майстэрні вядомага мастака Эдуарда Мацюшонка, які нарадзіўся на Глыбоччыне. І наўрад ці гэтую сустрэчу можна лічыць выпадковай: само па сабе ў жыцці нічога не здараецца. І покліч глыбоцкай зямлі стаўся аднойчы такім адчувальным, што маладая сям’я Скавырка ўрэшце аказалася на Глыбоччыне.
— На працу ў Дом рамёстваў мяне ўзяла Вера Васільеўна Байкова, — кажа Святлана Скавырка. — І, вядома, не магла не заўважыць, што я малюю алеем, пішу карціны. І пакрысе, неўзаметку пачала ўводзіць мяне ў свет традыцыйных і вельмі папулярных на Глыбоччыне маляваных дываноў. У Доме рамёстваў была ўжо калекцыя маляванак, створаная Галінай Пятроўнай Таляронак. Чула я і пра знакамітага глыбоцкага мастака Язэпа Драздовіча, чые маляванкі колісь віселі на сценах ці не ў кожнай вясковай хаце, пра яго паслядоўніка Фёдара Сухавілу. Скажу шчыра: калі першы раз убачыла маляваныя дываны, яны мне не спадабаліся і толькі пазней зразумела, чаму: проста я да такой творчасці яшчэ не дарасла, і спатрэбіўся час, каб маляванкі трывала ўвайшлі ў маё жыццё. Пакуль жа як работнік дысцыплінаваны, паслухмяны намалявала некалькі дываноў да традыцыйнага рэспубліканскага свята “Вясновы букет”, якое праходзіла ў мінскім Лошыцкім парку. Гэта быў 2007 год, і, хаця мінчане падыходзілі, разглядалі мае маляваныя дываны, хвалілі, мае работы высокаму начальству не спадабаліся: маўляў, усё не так, усё не тое. І пасля гэтай выставы я, скажу прама, раззлавалася: “Так, вам не спадабаліся мае маляванкі? Спадабаюцца! Я дакажу і сабе і вам, што магу маляваць, і маімі дыванамі вы яшчэ будзеце захапляцца!” Усё пачалося з курсаў у Віцебску ў 2008 годзе. Дзесяць дзён, якія правяла на курсах, былі аддадзены маляванкам. Шмат чытала, яшчэ больш працавала, не адчуваючы стомы, і дадому прывезла калекцыю работ па матывах Язэпа Драздовіча.
Сёння Святлана Скавырка аўтар арыгінальных высокамастацкіх работ, якімі захапляюцца і спецыялісты, і гледачы. Толькі вялікая самааддача, вялікая любоў мастака да таго, чым ён займаецца, можа стварыць цудоўныя палотны. Так было, так ёсць, так будзе. І сёння Святлана шчыра прызнаецца: “Маляванкі — гэта маё”. Па яе словах, калі глыбей пачала даследаваць гэтую тэму, цікавіцца гісторыяй, то ўспомніла, што бачыла маляваныя дываны і ў Нароўлі. У большасці сваёй гэта былі сюжэтныя работы, накшталт: лодачка плыве, а ў ёй закаханыя. Віцебскія ж маляваныя дываны — гэта кветкі; фарбы, як і ў Язэпа Драздовіча, пастэльныя, спакойныя.
Кажуць, калі чалавек раніцай з добрым настроем ідзе на працу і з такім жа настроем пасля працоўнага дня спяшаецца дадому, то ён шчаслівы. Асмелюся сцвярджаць, што Святлана з кагорты шчаслівых. Глыбоцкі Дом рамёстваў, дзе яна працуе кіраўніком, — адзін з лепшых у вобласці, і калектыў тут творчы, дружны. Ёсць дзеці, любімы і любячы муж Уладзімір:
— Усе свае новыя работы найперш паказваю яму і па вачах бачу, што падабаецца, а што не. На адкрыцці маёй апошняй выставы ў Глыбокім “Вялікае маленькае жыццё” прысутнічалі нашы дзеці. Бачыла, як радаваліся яны, калі чулі пра мяне добрыя словы. Я, можна сказаць, вырасла ў іх вачах. Ксюша хоча вучыцца на мастака. Але не ўсё так проста. У сваёй працы, творчасці чалавек мусіць быць запатрабаваным. У жывапісе мне гэта не ўдалося, але дзякуючы маляваным дыванам я знайшла сваю нішу ў мастацтве. Калі ў 2008 годзе мяне вучылі на курсах, як трэба маляваць дываны, то ў 2014-м я ўжо сама выступала як выкладчык. Не раз запрашалі ў склад журы на “Славянскі базар у Віцебску”.
Што тут яшчэ скажаш? Неўтаймаваная яна, Святлана Скавырка. Ёй заўсёды чагосьці не стае, яна ўся ў творчым пошуку. Была ўжо замужам і мела дваіх дзетак, а завочна паступіла ў Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт эстэтычнай адукацыі і паспяхова закончыла яго. (“Хацела дацягнуцца да мужа, які так цікава расказваў пра свае студэнцкія гады”.) Як і раней, піша алеем карціны, стварае арыгінальныя работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, асвоіла сакрэты валення валёнак, шапак — і на іх ёсць вялікі попыт. Прызналася, што палюбіла паэзію. Хто ведае, можа, з часам мы пачуем паэтычныя радкі, напісаныя ёю?
Алесь Жыгуноў
infong@sb.by
Фота Сяргея Лескеця