Шмат чаго вяртаецца да нас з даўніны. Некаторыя ўзоры старажытнай вышыўкі зноў з’яўляюцца на кашулях або спадніцах нашых маладзіц, прычым вышытыя самастойна.
Раней для таго каб даведацца, якога паходжання жанчына — сялянка або шляхцянка, ці замужам яна, ці ёсць у яе бацькі, дзеці, ці яна ўдава, якая збіраецца браць новы шлюб, не трэба было прыбягаць да нейкіх хітрыкаў і выпытваць пра гэта — дастаткова было зірнуць на яе касцюм. Вышыты ўзор, колер нітак, крой спадніцы і кофты маглі падрабязна расказаць пра іх уладальніцу.
Якім чынам, ведае дырэктар сельскага Дома культуры аграгарадка Прудок, што на Мазыршчыне, Наталля Прус. Менавіта тут сабрана ўнікальная экспазіцыя касцюмаў мазырска-тураўскага строю канца XIX — пачатку XX стагоддзя, якія насілі жыхары вёсак Прудок і Мірабель.
— Вывучэннем гэтых касцюмаў я займалася на працягу трыццаці гадоў, — расказвае Наталля Васільеўна. — Не па навуковых крыніцах вывучала, а з дапамогай бабуліных куфраў, па старых фотаздымках, расказах старэйшых, па кавалках тканіны, што захаваліся. А эскізы, па якіх удзельніцы народнага аматарскага аб’яднання “Рукадзельніца” рэканструявалі касцюмы, ужо рабіла сама.
Каб кахаць і быць каханай
З даўніх часоў лічылася, што ў вёсцы Прудок жылі сяляне, а ў Мірабелі — шляхта. Таму і ўзоры на касцюмах жыхарак гэтых двух населеных пунктаў адрозніваліся — велічынёй вышытых кветак і колерам нітак. Шляхцянкі аздаблялі свой убор буйнымі кветкамі, якія вышываліся толькі яркімі і дарагімі ніткамі, сялянкі ж выкарыстоўвалі больш танныя ніткі і драбнейшы ўзор.
Аднак інфармацыю касцюмы і шляхцянак, і сялянак неслі амаль аднолькавую. На адзенні жанчыны рэпрадуктыўнага ўзросту абавязкова прысутнічалі ружы і бутоны, на ўборы сталай кабеты — толькі кветкі, бутонаў няма: адцвіла, як кажуць, ужо. Ва ўсіх касцюмах мазырска-тураўскага строю таго часу ідзе пераклічка язычніцтва і хрысціянства: на рукаве вышывалася ружа ў форме стылізаванага крыжа. Чаму менавіта на гэтай частцы вопраткі? Галоўная “прылада” працы жанчыны — рукі, на іх перш за ўсё ўвагу звярталі, а з далікатнымі рукамі нават замуж не бралі.
Строй нявесты абазначаўся парнай вышыўкай, па дзве аднолькавыя кветкі на тканіне, нібы хлопец з дзеўкай у пары. Колер — толькі цёплых адценняў, што гаварыла аб жаданні дзяўчыны кахаць і быць каханай. Пра сям’ю нявесты шмат чаго мог “расказаць” яе галаўны ўбор. Калі дзяўчына мела абодвух бацькоў, яна надзявала ўбор з рознакаляровымі стужкамі, сіраціна — толькі з белымі. Калі нявесту выхоўвала адна маці, маладая выбірала ружовыя стужкі, а калі толькі бацька — блакітныя.
— Вельмі рэдка, але ўсё ж бывалі выпадкі, калі шляхцянка выходзіла замуж за селяніна, і наадварот, хаця гэтага стараліся не дапускаць, — тлумачыць Наталля Прус. — Зразумела, што і касцюм такой маладзіцы будзе крышачку іншы. Калі нявеста з вёскі Мірабель збіралася гуляць вяселле з жыхаром вёскі Прудок, фартух яна вышывала шляхетным узорам — гэта яе карані, а кофту — ужо “мужыцкім”. Дарэчы, і да цяперашняга часу захавалася гэтае правіла: прудаўцы з мірабельцамі жэняцца вельмі рэдка, толькі па вялікім каханні.
Для маці і дзіцяці
— Нашы продкі свята верылі, што вышыванка можа зберагчы ад сурокаў, ад дурнога вока, — працягвае дырэктар Прудкоўскага дома культуры. — Менавіта таму асаблівая ўвага надавалася касцюму жанчыны, у якой пад сэрцам нараджалася новае жыццё. Тут вельмі багата аздаблялася лінія дэкальтэ, каб у грудзях цяжарнай было многа малака. А па ўсім полі фартуха вышываліся калючыя ружы з бутонамі. Бутон — гэта новае жыццё, шыпы — каб накалоць ведзьмакам губы і зубы.
Фартух з такім жа ўзорам насіла і жанчына, якая мела грудное немаўлятка. Спадніца, бліжэй да падолу, расшывалася трыма стужкамі, і калі партніха бралася за іх, яна абавязкова шыла па гадзіннікавай стрэлцы, па сонцы — гэта своеасаблівая форма абярэгу. Верхняя частка сарочкі выкройвалася такім чынам, каб было зручней карміць дзіця, напрыклад у полі.
Свае асаблівасці мела і дзіцячая вопратка. Першая сарочка немаўлятку шылася з матулінай кашулі, якая, як лічылася, перадавала яму ўсю сілу і здароўе роднага чалавека. Калі дзіцяці спаўнялася шэсць гадоў, яно праходзіла абрад далучэння да новай вопраткі. Пад абрадавыя песні хлопчык ці дзяўчынка самастойна апраналіся, а дарослыя толькі назіралі за іх дзеяннямі. Калі хлопчык надзяваў спачатку штаны, гэта гаварыла аб тым, што ён будзе моцна трымацца на зямлі і ў жыцці. Калі пачынаў з правай нагі — будзе працавітым гаспадаром, калі з левай — гулякам. Калі ў сарочку прасоўваў правую руку — будзе добра касіць і работу рабіць, левую — абібокам будзе. Дзяўчынка надзявае спадніцу праз галаву — будзе добра дзетак нараджаць, надзявае сарочку з правай рукі — будзе добра працаваць і пячы хлеб.
Прыгожае вяртаецца
Вялікая ўвага надавалася падрыхтоўцы касцюма, які жанчыны насілі ў пост. Тут прысутнічалі ніткі толькі сініх, зялёных і фіялетавых адценняў. Вельмі багатым узорам аздабляўся рукаў, таму што ў пост трэба было шмат працаваць.
Такімі ж колерамі вышываўся і касцюм удавіцы. Насіла жанчына яго і ў пост, і ў свята. Зона дэкальтэ такога ўбору расшывалася ў форме чатырохвугольніка, падобнага да труны, у якую няшчасная паклала сваю долю. Маленькія кветачкі, раскіданыя па ўсім полі фартуха, — нібыта слёзы па страчаным мужу. Але ўвядзенне ва ўзор яркіх чырвоных кветак гаварыла аб тым, што прайшоў ужо пэўны тэрмін і ўдава можа браць новы шлюб. Адкрыта яна не магла пра гэта сказаць, таму яе касцюм нёс у сабе пэўную інфармацыю.
— Але надыходзіў час, калі жанчына сама станавілася перад Богам, — працягвае Наталля Прус. — На гэту пару загадзя рыхтаваўся касцюм нябожчыцы. Мне было вельмі складана рэканструяваць яго, таму што старэнькія бабулькі нікому не паказвалі свой святы вузельчык. Вышываўся такі касцюм белым па белым. Для свякрухі яго рыхтавала любімая нявестка, калі не было нявесткі — хрэсніца, але толькі не дачка: кроўным не дазвалялася займацца гэтай справай.
Усе рэканструяваныя касцюмы з’яўляюцца не толькі экспанатамі музея, але і выкарыстоўваюцца па назначэнні ўдзельнікамі мясцовага народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Валошкі”, якія сумеснымі сіламі адрадзілі даўнія мясцовыя абрады і святы.
— Шмат чаго вяртаецца да нас з даўніны, — кажа Наталля Васільеўна. — У нашай мясцовасці хлопцы і дзяўчаты не саромеюцца танчыць на дыскатэках кракавяк, людзі не ідуць у сваты, не параіўшыся са мной, як гэта правільна рабіць. А некаторыя ўзоры старажытнай вышыўкі зноў з’яўляюцца на кашулях або спадніцах нашых маладзіц, прычым вышытыя самастойна.