В Минске производят декоративные изделия из не совсем привычного материала

Жалезабетонны характар

Тое, што бетон выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, ведаюць усе. А вось пра тое, што яго ўжываюць у якасці матэрыялу для розных вырабаў, якія радуюць вока, а яшчэ дапамагаюць у побыце, — гэта ўжо навіна. Карэспандэнт «Рэспублікі» адправілася на вытворчасць мэблі i iншых вырабаў з бетону і даведалася, хто і дзе такія рэчы выкарыстоўвае.

Канструкцыі робяць прыгожымі і трывалымі
Фота Аляксея СТАЛЯРОВА

Палічка на колах, гадзіннікі, сталы і стальніцы, гаршкі для кветак, прыступкі, дэкаратыуныя панэлi i нават плiтка — усё гэта і іншае ствараецца з бетону. Сёння для нас, а таксама архітэктараў і дызайнераў Мінска Дзяніс Валынцаў, дырэктар кампаніі, якая займаецца такімі вырабамі, праводзіць экскурсію і знаёмства з гэтымі важкімі рэчамі.

— Ёсць пэўныя стэрэатыпы ў рабоце з такім матэрыялам: гавораць, выглядае груба, цяжка. Мы ж змяняем канцэпцыю падыходу і стараемся рабіць рэчы для інтэр’ера, — паказвае Дзяніс гатовыя матэрыялы, якія выглядаюць мінімалістычна, лаканічна і стыльна. — Цэмент, спецыяльны пясок, фібравалакно і некалькi асаблiвых дабавак — атрымліваецца не проста кавалак бетону, а матэрыял, з неверагоднымi дэкаратыўнымi ўласцівасцямі.

Вялікі гаршчок для кветак. Тактыльна здаецца, што гэта не бетон, а натуральны камень

Мы трапляем у цэх, дзе зараджаецца жыццё гэтых вырабаў. У ім працуюць майстры, якія сочаць за тым, як ствараецца «дэкаратыўны» матэрыял. Тут жа заліваюць яго ў сіліконавыя формы, выраўноўваюць будучыя лаўкі, стальніцы, ракавіны і іншае. За ўсім — кантроль, таму што імкнуцца ствараць вырабы, якія не будуць выглядаць масіўнымі, а наадварот — вытанчанымі i танкасценнымі. Вы здзівіцеся, але сценкі з бетону, нават у некалькі сантыметраў, дзякуючы спецыяльным тэхналогіям могуць вытрымліваць сотні кілаграмаў нагрузкі!

Куды далей? Трапляем практычна ў турэцкую парыльню, а на самай справе — у камеру для апрацоўкі вырабаў парай. Некаторыя з іх тут знаходзяцца па 7 — 10 дзён, каб раўнамерна набраць трываласць пры тэмпературы каля 40 градусаў. Пасля вырабы неабходна высушыць, апрацаваць, адшліфаваць, пакрыць ахоўнымі кампанентамі.

— Перад тым як скончыць работу над вырабам, важна яго пратэсціраваць. Напрыклад, вось ракавіна. У яе мы праліваем гарачую ваду і глядзім, што адбудзецца: калі няма ніякіх змен з матэрыялам, значыць, тэст пройдзены, — тлумачыць тэхналогію Дзяніс Валынцаў. 

А вось маленькі гаршчок. Выглядае даволі проста і адначасова цікава

Яго словы пацвярджаюць і дызайнеры, якім спадабаліся плітка, падаконнікі, ракавіны і іншыя штучкі для дэкору. Дызайнер Марыя вырашыла, што, магчыма, нават набудзе сабе тэракотавую ракавіну: «Мне падабаюцца такія формы, колер». 

У людзей, якія разбіраюцца ў сучасным дызайне, ёсць простае жаданне мець нешта непаўторнае. Вось, напрыклад, полая лаўка. Яе сценка таўшчынёй усяго тры сантыметры, а нагрузку вытрымлівае ў 250 кілаграмаў. А вось гаршкі для кветак: тут увогуле таўшчыня сценкі 15 міліметраў. Ці вытрымае яна наша надвор’е? Так, праводзілі эксперымент: узімку залілі ваду ў іх і вясной праверылі, ці няма разрываў. Няма! Тэхналогія ўдалася. 

— Часам пытаюцца: а чаму так доўга трэба чакаць выраб? Мы робім яго каля 20 дзён. Тлумачым: калі неабходна мець трывалую рэч, то над ёй трэба сапраўды папрацаваць, даць высахнуць, апрацаваць спецыяльным пакрыццём, каб яна служыла доўга, — Дзяніс Валынцаў ідзе па цэхах. І мы натыкаемся на свяцільні вагой ад 10 да 18 кілаграмаў. Таксама пытаюцца: а што будзе, калі ўпадзе? Ды тое самае, калі ўпадзе шкляная або металічная свяцільня, — балюча будзе. Але гэта жарты. Для такога вырабу мы выкарыстоўваем мацаванні і тросы, якія вытрымліваюць нагрузку не менш за 500 кілаграмаў. 

Ляпніна ў сучасным інтэр’еры таксама ў модзе

Атрымліваецца, што і ракавіны (таўшчыня іх сценак ад 13 міліметраў!) лепш не мачыць? Меркаванне памылковае. Але зноў-такі ёсць рэкамендацыя: лепш не выкарыстоўваць жорсткія абразіўныя сродкі і агрэсіўныя кіслоты. Мыльных раствораў цалкам дастаткова, каб трымаць у чысціні паверхню.

Людзей, якія не баяцца бетону ў інтэр'еры, кажуць, ужо нямала. Аднымi з самых папулярных вырабаў з'яўляюцца стальніцы i падаконнікі. Гэта вырабы са сваёй асаблівай эстэтыкай, але і з асаблівасцямі эксплуатацыі.

Самыя папулярныя колеры ў вытворчасці — шэры і графіт. Выкарыстоўваюцца таксама белы, пясочны, тэракотавы і аліўкавы

— Да таго ж гэта толькі з боку здаецца, што бетон нязручны. На самай справе, вывучыўшы ўсе магчымыя варыянты, мы зразумелі, што яго можна «прачытаць» нанава. Вось, напрыклад, кансольныя прыступкі. Яны выкарыстоўваюцца ў мностве дызайнерскіх праектаў. Унутры іх — арміраванне, і вытрымлівае край той жа прыступкі ўсе 160 кілаграмаў. 

У цэлым, як аказалася, усе рэчы — камоды, кніжныя паліцы, лавачкі, гаршкі, стальніцы і іншае можна выкарыстоўваць і ўнутры, і звонку дома. Настаў час, калі тэхналогіі дазваляюць улічваць і механічныя нагрузкі для такіх вырабаў, і атмасферныя ападкі. А вы б, напрыклад, адважыліся на такі дэкор?

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter