У розныя гады Мiкалай Белакурскi ўзначальваў звеннi па вырошчваннi збожжавых, гароднiны. Больш за сорак гадоў працы механiзатарам неаднаразова выходзiў у пераможцы раённага, абласнога i рэспублiканскага спаборнiцтваў на ўборцы зерневых. I сёлета на «Дажынках» у Хоцiмску атрымаў ганаровы дыплом.
Вытворчыя здабыткi Мiкалая Iванавiча адзначаны ордэнам Пашаны, медалём «За працоўныя заслугi», званнем «Заслужаны работнiк сельскай гаспадаркi Рэспублiкi Беларусь», медалямi ВДНГ, ганаровымi граматамi i дыпломамi Мiнсельгасхарча, Магiлёўскага аблвыканкама, Рэспублiканскага аграпрамысловага саюза. У 2016 годзе ён прызнаны «Чалавекам года Магiлёўшчыны».
На абласным свяце-кiрмашы «Дажынкi» ў Хоцiмску Кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Iгар Сергяенка сярод iншых перадавых вытворчых сельгаспрадпрыемстваў Магiлёўшчыны адзначыў i плённыя вынiкi калектыву ААТ «Рассвет iмя К. П. Арлоўскага». Кожны гектар хлебнай нiвы гаспадаркi (а iх звыш двух тысяч) даў больш за паўсотнi цэнтнераў збожжа. Паспяхова завяршаюць год i жывёлаводы — настроены пераадолець дзесяцiтысячны рубеж па надоях малака ад кожнай з амаль трох тысяч кароў. Штодзённа на перапрацоўку адпраўляецца прыблiзна 70 тон прадукту.
Парадак на заасфальтаваным прасторным машынна-трактарным двары. Усе збожжаўборачныя i корманарыхтоўчыя камбайны, iншыя агрэгаты пастаўлены на зiмовае захоўванне ў закрытыя ангары. Шэсць сезонаў адпрацаваў на энерганасычаным трактары Мiкалай Белакурскi, цяпер рамантуе машыну ў фiрменнай майстэрнi, як i яго калегi. Механiзатар перасеў на МТЗ, падвозiць будаўнiчай брыгадзе матэрыялы.
— Без справы не звык сядзець, — гарэзлiвыя iскрынкi ўспыхнулi ў вачах Мiкалая Белакурскага. — У жнiво перасаджваўся з трактара на збожжаўборачны камбайн. На гомельскiм агрэгаце першым не толькi ў раёне, а i ў вобласцi пераадолеў тысячны намалот зерня, а потым i двухтысячны. Прыязджалi прадстаўнiкi «Гомсельмаша» i ўрачыста вiншавалi. Такая павага надала настрою i жадання працаваць яшчэ лепш. Камбайн не ўступае сучасным замежным аднатыпным агрэгатам, iм зручна кiраваць. Перад тым як узяцца за ўборку, дэталёва азнаёмiўся з аўтаматыкай. Пачыналi жнiво з абмалоту азiмага ячменю, да 60 цэнтнераў на круг атрымлiвалi на некаторых участках. Высокай ураджайнасцю парадаваў i азiмы рапс (займаў тысячу гектараў). У два разы больш была ўборачная плошча азiмых збожжавых: чатырнаццаць экiпажаў штодзённа выходзiлi ў загон. Акрамя мяне, больш як па дзве тысячы тон зерня намалацiлi Мiкалай Дрозд, Валерый Пiскуноў i Юрый Асташоў. Нас вiталi на раённых i абласных «Дажынках».
— Мiкалай Iванавiч, завяршаецца Год мiру i стварэння. Якiм ён выдаўся для вас?
— Як заўжды, напружаным. Для хлебароба лёгкiх сезонаў не бывае. З вясны на энерганасычаным трактары рыхтаваў глебу для сяўбы дзесяцiметровым культыватарам. Машына магутная, высокапрадукцыйная. Даглядаў пасевы, а як пачалася нарыхтоўка кармоў, трамбаваў зялёную масу ў траншэях. У жнiво па традыцыi сеў за штурвал камбайна. Люблю напружаны час, калi кожная мiнута дарагая. Праца на зямлi заварожвае. Шчаслiвы, што знайшоў сябе ў жыццi.
На пачатку ўборкi збожжавых на поле прыязджалi тэлевiзiёншчыкi i цiкавiлiся, цi радуе ўраджай. Выкарыстоўваем неабходныя арганiчныя i мiнеральныя ўдабрэннi, дакладна вытрымлiваем тэхналагiчны працэс, таму заўжды вынiк прадказальны. Уносiм пэўны ўклад у харчовую бяспеку краiны.
Балюча ўспрымаю падзеi, што адбываюцца ў паўднёвай суседкi. Падтрымлiваю прапанову нашага Прэзiдэнта аб дыпламатычным урэгуляваннi канфлiкту. Бянтэжыць мяне, што раз'юшаныя малойчыкi ў суседнiх краiнах зносяць помнiкi гiстарычным военачальнiкам, якiя кiравалi ў Вялiкую Айчынную вызваленнем iх зямель ад нямецка-фашысцкай чумы. А цi можна спакойна ўспрымаць падзеi на Блiзкiм Усходзе? Мая сваячка з мужам даўно перабралiся ў Iзраiль. Тэлефануюць i паведамляюць, што хаваюцца па падвалах, баяцца бамбёжак. Няўжо сусветная супольнасць не мае магчымасцi стрымаць гэта жахлiвае полымя, якое можа ўспыхнуць усеагульнай бядою? Нездарма кажуць: лепш дрэнны мiр, чым добрая вайна.
Вялiкае шчасце, што над намi не рвуцца снарады, краiна не ўцягнута ў варонку вайны. Стваральнай працай кожнага грамадзянiна мацуецца агульная эканомiка. Наша пакаленне памятае, як па талонах атрымлiвалi, напрыклад, шкарпэткi, абутак. У прамтаварных i харчовых магазiнах ззялi парожнiя палiцы, панаваў масавы дэфiцыт. Цяпер усяго ўдосталь. Гэта вынiк умелага кiравання краiнай. Стваральным выдаўся гэты год у нашай гаспадарцы. Па iнiцыятыве дырэктара Аляксандра Iванавiча Багеля набылi i запусцiлi ў дзеянне ўстаноўку па перапрацоўцы насення рапсу i ўвесь сабраны ўраджай (а гэта звыш 4500 тон) перапрацавалi. Рапсавае масла рэалiзуем, а жмых папоўнiў кармавы рацыён жывёлы.
— Што ў вашай працы самае складанае?
— Дасканальна вытрымлiваць тэхналагiчны працэс. Справа патрабуе старання. Крыху не так нешта зробiш — i вынiк не той. Зямля заўжды адчувае адносiны хлебароба. Многiя гады да выхаду на заслужаны адпачынак агранамiчнай службай кiраваў прафесiянал Мiкалай Дзмiтрыевiч Лянкевiч. Ведаў асаблiвасцi кожнага поля i ў час асноўных кампанiй, як сапраўдны дырыжор вялiкага аркестра, граматна каардынаваў працэс, сачыў за выкананнем тэхналогii. З году ў год у нас раслi вытворчыя паказчыкi. Памятаю, як даручылi мне ўзначалiць звяно па вырошчваннi цукровых буракоў. Жанчыны толькi прарывалi пасевы, а ўсе работы ад сяўбы да ўборкi ўраджаю амаль два дзесяцiгоддзi выконваў я на трактары МТЗ-80. Збiралi звыш тысячы цэнтнераў салодкiх каранёў з гектара. За высокiя паказчыкi атрымаў першую ўзнагароду — срэбраны медаль ВДНГ СССР. Вясною 2006‑га адзначаны медалём «За працоўныя заслугi». У той год на рэспублiканскiм свяце-кiрмашы працаўнiкоў вёскi «Дажынкi» ў Бабруйску за першынство ў спаборнiцтве сярод камбайнераў з рук Прэзiдэнта атрымаў ключы ад аўтамашыны, а праз дзесяць гадоў ён уручыў мне ў Палацы Рэспублiкi ордэн Пашаны.
— Хвалявалiся перад такiмi важнымi падзеямi?
— А як жа iнакш, калi да цябе такая ўвага. У час жнiва пра перамогу i не думаў, працаваў з намерам як мага больш намалацiць зерня, бо ад гэтага залежыць наш заробак. Нi разу не выехаў у поле з неадрэгуляванымi механiзмамi ў камбайне. Адзiн год памочнiкам у мяне быў бацька Iван Ануфрыевiч, i наш экiпаж выйшаў у пераможцы рэспублiканскага спаборнiцтва на ўборцы збожжавых. На «Дажынках-2005» у Слуцку тата атрымаў вiдэакамеру, а я вярнуўся дамоў з халадзiльнiкам.
Асаблiвае хваляванне агарнула мяне, калi збiраўся на ўрачыстасць у сталiцу. Апрануў новы касцюм, жонка адпрасавала прыгожую кашулю. Палац Рэспублiкi ўразiў велiччу. У глядзельнай зале сядзеў побач з перадавым камбайнерам з дзяржынскага ААТ «Крутагор'е-Петкавiчы» Сяргеем Максiмцом (убiраць збажыну яму дапамагаў вадзiцель-выпрабавальнiк з «Гомсельмаша» Васiль Зур, летась яны намалацiлi звыш шасцi тысяч тон зерня). Там сабралася шмат перадавiкоў з розных рэгiёнаў. Дыктар па мiкрафоне называў прозвiшчы i запрашаў на сцэну для атрымання ўзнагарод.
Сэрца ёкнула, калi выклiкалi мяне. Прэзiдэнт прымацаваў мне да пiнжака ордэн Пашаны, уручыў букет, моцна пацiснуў руку i падзякаваў за працу.
Кветкi прывёз жонцы. Хваляваўся i летась, калi ў сталiцы на святкаваннi Дня работнiкаў сельскай гаспадаркi i перапрацоўчай прамысловасцi аграпрамысловага комплексу Кiраўнiк краiны ўручаў пасведчанне «Заслужанага работнiка сельскай гаспадаркi Рэспублiкi Беларусь». Такiя важныя моманты застаюцца назаўсёды ў памяцi.
— Калi выдаецца вольны час, як бавiце яго?
— Заўжды хапае спраў па гаспадарцы. Люблю нешта рамантаваць у доме, наводзiць парадак на агародзе цi падворку альбо бавiць час каля машыны ў гаражы. Часам наплываюць думкi: «Вось бы на рыбалку вырвацца!» Маю нават спецыяльныя прылады, але даўно iмi не карыстаюся. Важны сам працэс. З вялiкай асалодай i ў лес iду, хаця грыбнiк я нiкуды не варты. Бацька з-пад маiх ног грыбы збiраў, а я чамусьцi не бачыў iх. Ад таты ў мяне i старэйшых братоў з маленства цяга да тэхнiкi. За ўсё жыццё нi разу не быў у санаторыi i доме адпачынку. Калiсьцi калгаснай групай адпраўлялiся турыстычным поездам па прасторах былой вялiкай нашай краiны, наведвалi Каўказ, iншыя цiкавыя мясцiны. Люблю з жонкай вандраваць па Беларусi.
— А дзе вы пазнаёмiлiся?
— Пасля службы ў армii вярнуўся дамоў, з сябрамi бавiў вольны час на танцах. Быў свой iнструментальны ансамбль, i вечарамi Палац культуры гудзеў ад моладзi з усiх навакольных вёсак. Там пазнаёмiўся з дзяўчынай Любай, якая прыехала з суседняй вёскi Букiно пагасцяваць да родных. На матацыкле ездзiў на спатканнi. Працавала каханая ў нашым санаторыi. Амаль год сустракалiся, а зiмою згулялi вяселле. Ад калгаса падарылi нам прыгожы набор посуду. Люба ўладкавалася на працу ў цяплiцы, зараз загадвае фермай па адкорме буйной рагатай жывёлы. Жывём ва ўласным катэджы. Узводзiць яго дапамагала гаспадарка (у тыя гады маладым сем'ям рашэннем праўлення калгаса выдавалi беспрацэнтную пазыку). Атрымалi дарма i будматэрыялы. I за работу, што выконвалi на ўласнай будоўлi, калгас плацiў нам. У тыя гады кожны працаўнiк гаспадаркi штодзённа атрымоўваў бясплатна лiтр малака. У кожнай з сямi вытворчых брыгад стаялi спецыяльныя ларкi, у якiя ранiцай завозiлi малако i iншыя прадукты харчавання. А якi цудоўны хлеб быў у нашай пякарнi! Дзейнiчала ў гаспадарцы пяць сталовак. Працуем на полi i на абед едзем у блiжэйшую з iх. За харчаванне не патрэбна было разлiчвацца. Кожную восень калгасныя сем'i забяспечвалiся бясплатна бульбай i гароднiнай. На сваiх участках людзi садзiлi другi хлеб толькi для ўжывання ў летняе мiжсезонне. У цэнтры выкарчавалi старыя дрэвы, навялi парадак ля фантана. Захаваўся цудоўны экзатычны зiмовы сад у Палацы культуры. Пры ўездзе ў аграгарадок узвышаецца праваслаўная каплiца. Была задума побач пабудаваць храм. Хочацца спадзявацца, што яна здзейснiцца. Самае галоўнае для чалавека — духоўнае багацце. Асаблiва адчуў гэта падчас кавiду, калi жыццё вiсела на валаску. Захварэла i жонка, але ў яе аказалася больш лёгкая форма. У самы разгар жнiва трапiў у рэанiмацыю. Дзякую ўрачам, што вярнулi мяне амаль з таго свету. Пасля бальнiцы не мог стаць на ногi. З маленькiм абразом Божай Мацi каля сэрца адправiўся на складаную аперацыю. Усё абышлося: да вясны ачуняў i з першым цяплом вывеў трактар у поле.
— Што вам прыемней: браць цi аддаваць?
— Часцей аддаю, чым нешта атрымлiваю. Мы з жонкаю так iмкнулiся выхоўваць сына, а цяпер i нашых абедзвюх унучак. Яны любяць наведвацца да нас. Вось старэйшая загарэлася жаданнем навучыцца на гiтары iграць. У музычнай школе сказалi, што яшчэ па ўзросце не падыходзiць, i параiлi заняцца домрай. Спраўна наведвае заняткi, i ўжо ёсць пэўныя вынiкi. У мяне шчаслiвы лёс. У нашай сям'i сумесна прымаем важныя рашэннi.
— Хочам таго цi не, але здараюцца моманты зайздрасцi. Вам удаецца пазбаўляцца ад такой заганы?
— Мне не трэба гэта рабiць, бо радуюся поспеху iншых, заўжды iмкнуся камусьцi дапамагчы. Мабыць, нехта i зайздросцiць, але iмкнуся не звяртаць увагi.
— Больш за сорак гадоў працуеце механiзатарам, i дома спраў хапае. Калi больш стамляецеся?
— Асаблiва ў час уборкi. Праз некалькi гадоў мяне чакае заслужаны адпачынак, але, напэўна, папрашу кiраўнiцтва гаспадаркi, каб дазвалялi i надалей душу адводзiць хаця б у ролi памочнiка камбайнера.
— Цi папаўняецца атрад рассветаўскiх механiзатараў?
— Прыходзяць маладыя i застаюцца ў калектыве. Смела цiкавяцца заробкамi. Некалi я рады быў, што мне даверылi трактар. Памятаю, калi вярнуўся ў Мышкавiчы пасля службы ў армii i стаў працаваць, то да трыццацiгадовых механiзатараў з павагай ставiўся. Вось зараз у наш калектыў прыйшлi Аляксандр Елiсеенка i Андрэй Дрозд. Яны будуць працягваць нашу справу. Аляксандр падмяняе мяне на трактары. Ёсць i старэйшыя механiзатары. Праблема замены iх паўстае востра.
— Вас паважаюць у калектыве, дзяржавай высока ацэнены вашы працоўныя здабыткi, а пражытыя гады насычаны прыемнымi падзеямi. Што найбольш дорага?
— Самыя значныя падзеi адбывалiся звычайна ўвосень. Хапала i горкiх момантаў. Шчыра кажучы, баюся гэтай пары года. У кожным жыццi павiнна быць крыху дажджлiвага надвор'я. Каб больш цанiць прыемнае. Нашы лёсы, як iльняныя ручнiкi, сатканы з розных падзей. Так складаецца палатно жыцця. Праз дзесяцiгоддзi помнiцца, як з бацькам касiлi канюшыну (да 30 сотак за ранiцу) на прысядзiбным участку i здавалi зялёную масу ў калгас. Многае з мiнулага грэе душу. У думках часта вяртаюся ў родную вёсачку Глыбокавiчы, дзе кожны куточак дарагi сэрцу. Хочацца прайсцiся берагам iмклiвай рэчкi Добасны, дзе з сябрамi дзяцiнства рыбачыў. Не забываецца той шчаслiвы дзень, калi нарадзiлася першая ўнучка. Мне тады споўнiлася 50 гадоў. Такi цудоўны падарунак атрымаў. У маладосцi радаваўся самай нязначнай падзеi, марыў стаць трактарыстам. Больш нiкiм сябе не ўяўляў. Так i сталася, i ў гэтым маё шчасце.
subbat50@mail.ru