Отличительной чертой белорусов всегда являлось уважительное отношение к своим предкам

З павагай да продкаў

Адметнай рысай беларусаў заўсёды з’яўлялася павага да сваіх каранёў. З язычніцтва існавалі асобныя дні ўшанавання продкаў — Дзяды. З прыходам хрысціянства яны сталі асацыіравацца з Бацькоўскімі памінальнымі суботамі, хоць гэта і не зусім супадаючыя паняцці. Святкавалі Дзяды на Масленіцу, Радаўніцу, Тройцу, перад летнім святам Пятра і Паўла, а таксама восенню. Пры гэтым Восеньскія Дзяды (Асяніны, або Вялікія Дзяды) лічыліся самымі галоўнымі. Яны прыпадаюць на трэці тыдзень пасля Пакрова, што святкуецца 14 кастрычніка. Такім чынам атрымліваецца, што сёлета Асяніны прыпадаюць на суботу 4 лістапада. Тым не менш Дзень памяці продкаў афіцыйна адзначаецца 2 лістапада — у чацвер. Дарэчы, пасля Восеньскіх Дзядоў ідуць яшчэ Міхайлаўскія і Піліпаўскія, але іх адзначаюць у асноў­ным на Заходнім і Усходнім Палессі.

Фота з архіва «СБ»

Напярэдадні свята з ранку прыбіраліся на двары і ў хаце. Забаранялася ткаць (бо «дзяды ў кроснах заблытаюцца»), бяліць печ («бо дзядам вочы замажаш»). Ля парога вешалі чысты ручнік або некалькі. У некаторых мясцінах адчынялі комін, бо верылі, што душы будуць ісці праз яго. Затым усе мыліся ў лазні, абавязкова пакідаючы ваду і венікі для духаў продкаў, каб тыя таксама маглі «папарыцца». Пасля гэтага ішлі ў царкву, а потым — на могілкі, дзе прыбіралі месцы пахавання, пакідаючы пачастункі — хлеб або печыва. Лічылася добрым знакам, калі ўсё, што прынесена, пад’ядалі птушкі. Часта ў гонар памерлых запальвалі асобнае вогнішча, а гарачыя вуголлі прыносілі на могілкі ў гаршках. Вуголлі высыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі.

Вяртаючыся дадому, рыхтавалі памінальны стол. Колькасць страў залежала ад дастатку сям’і, але абавязкова павінна была быць няцотнай. Вячэра пачыналася з малітвы і рытуальнага запрашэння продкаў. У хаце адчыняліся вокны і дзверы, гаспадар тры разы абыходзіў стол са свечкай, гаворачы:

Святыя дзяды, клічам вас,

Хадзіце да нас!

Ёсць тут усё, што Бог даў,

Што я для вас ахвяраваў,

Чым толькі хата багата.

Святыя дзяды, просім вас,

Хадзіце, ляціце да нас!

Затым усе прысутныя пільна назіралі за вуліцай: любы шум (нават шэлест лісця на дрэвах) азначаў, што дзяды прынялі запрашэнне і набліжаюцца. На стол ставілі «дзедаўскія» міску і чарку, куды кожны з прысутных адкладаў ежу і адліваў напой. Побач ставілі свечку. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх жыццё, добрыя ўчынкі, карысныя парады. Лічылася, што яны сядзяць побач і ўсё чуюць. Пелі песні і танцавалі, бо нельга было сумаваць.

Пасля вячэры продкаў трэба было праводзіць з хаты. Гаспадар заклікаў:

Святыя дзяды

Зляталісь сюды,

Есці — пад’елі,

Піць — напіліся,

Чэсць і слава вам!

Цяпер скажыце нам,

Чаго вам трэба?

А лепей

Ляціце ў неба!

Пасля гэтага тушылі свечку хлебнай скарынкай або бліном. Iснавала прыкмета: калі дым пойдзе ўверх — добра, а калі пацягнецца ў бок дзвярэй, то ў сям’і нехта памрэ. У многіх мясцінах рэшткі страў пакідалі да раніцы на стале, каб продкі частаваліся ўжо ў сваёй кампаніі.
 Лічыцца, што ў найбольш аўтэнтычнай форме Дзяды захаваліся менавіта ў Беларусі, хаця яны святкуюцца таксама ва Украіне, частцы Польшчы і Літвы. Традыцыі гэтага абрадавага дзейства застаюцца нязменнымі з даўніх часоў, аднак у кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці.
АД ПРАДЗЕДАЎ

Паколькі дзяды — гэта, па сутнасці, прывіды, бачыць іх для чалавека, няхай і родзіча, не тое што бы кепска, але не вельмі добра. Аднак асобныя «экстрэмалы» адважваюцца. Для гэтага трэба схавацца ў пустым цёмным пакоі, дзе вячэралі, і пагля­дзець на памінальны стол праз конскі хамут. Пры гэтым, калі ўбачыў дзядоў, з імі нельга размаўляць.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter