Молодежь подает надежды, или Каких кандидатов для вступления в свои ряды готовит Союз писателей Беларуси

Яніна Босак: «Са мной жыве мара стаць сусветна вядомай паэткай»

«На цябе, наша моладзь, надзея» — так пісаў класік Айчыны Янка Купала. Грамадскае аб'яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі» заўсёды дбае пра сваё папаўненне, старэйшыя і больш вопытныя прадстаўнікі звяртаюць увагу на маладое пакаленне і гадуюць творчых пераемнікаў. Адна з такіх перспектыўных і таленавітых — Яніна БОСАК, чыя кніжка «Рифмы» выйшла пры падтрымцы Мінскага гарадскога аддзялення СПБ у серыі «Мінскія маладыя галасы». 


Праўда, Яніна не зусім мінскі голас, яна нарадзілася і вырасла на Брэстчыне. Ёй 22 гады, і праяўляла творчыя памкненні яшчэ з ранняга дзяцінства. Расказвае пра першыя радкі, якія зрыфмавала бадай што ў сем гадоў:

— Са мной заўсёды жыла мара стаць су­светна вядомай паэткай. У школьныя і студэнцкія часы друкавалася ў разнастайных мясцовых выданнях. Задумвалася пра першы зборнік, дзе хацела адлюстраваць сваё жыццёвае крэда — дарыць пазітыў і свяціць яркім промнікам.

У зусім маладым узросце ў творчай скарбонцы Яніны былі не толькі вершы, але і значныя дасягненні. Напрыклад, у 2016 го­дзе стала лаўрэатам літаратурнай прэміі BelBrand «Маладыя таленты Беларусі» ў катэгорыі «Вершы і проза да 18 гадоў». 

Прафесія, якую выбрала дзяўчына, не звязана з творчасцю, аднак пацвярджае схільнасць да аналітычнага мыслення. Яні­на юрыст. У 2021 годзе скончыла з чырвоным дыпломам Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце і цяпер працуе ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва. Паспявае займацца літаратурай. Не так даўно ў яе выйшла кніжка, дзе каля 40 твораў:
— Спадзяюся, мае вершы пакінуць у сэрцы кожнага чытача прыемны след і жаданне перачытаць іх яшчэ раз. Вядома, праз некаторы час.
Напярэдадні зімовай сесіі Яніна правяла творчую сустрэчу з моладдзю ў студэнцкай вёсцы, дзе прэзентавала сваю кнігу. Яна сама яшчэ ўчорашняя выпускніца, ведае не па чутках пра актыўную і насычаную вучобу, вясёлае жыццё ў інтэрнаце. Але сустрэча з Янінай тут праходзіла ўжо ў іншай якасці — не як са студэнткай, а як з аўтарам паэтычнага зборніка. Яна расказала пра доўгую і карпатлівую працу над словам і, безумоўна, чытала вершы.

Яніна рыхтавала да друку паэтычны зборнік каля трох гадоў, і тут няма нічога дзіўнага. У творчасці спяшацца не трэба, лепш пачакаць таго самага моманту, калі слова саспее:

— Падрыхтаваць кнігу — справа працаёмкая, адказная, ці­кавая. Творчасць патрабуе натхнення. А яно прыходзіць без асаблівага распарадку — калі задумае.

Рэдактар гэтай кнігі, сябра Саюза пісьменнікаў Бе­ларусі і Расіі Іна Фралова ў прадмове адзначае: «Смела і ярка... У маладой паэткі ўсё атрымалася адпаведна з натхнен­нем, спрацавала паэ­тычнае чуццё (гэткі малады Маякоўскі). Хаця б таму, што яна наўрад ці меркавала пра існаванне пэўных прыёмаў. Сумесная зацяжная праца над першай кнігай расцягнулася на тры гады: захвалены на школьных сцэнах малады талент спачатку прыходзіў у сябе, а потым спасцігаў азы вершаскладання».

На першых кроках, як гэта часта бывае, не ўсё атрымлівалася. Дапамаглі працавітасць аўтара, вялікае жаданне выдаць кнігу. Паступова са зместу сталі знікаць радкі, якія ўтрымлівалі настаўленні або не неслі вялікай сэнсавай нагрузкі.
– Атрымалася асабістая гісторыя, кранальная, напоўненая юнац­кім максімалізмам, пульсуючая ў бясконцым парыванні змяніць свет да лепшага, — адзначае Іна Фралова.
У зборніку «Рифмы» сабраны вершы Яніны Босак пра першае каханне, першыя складанасці і знаёмства з невядомым светам. Гэта, па сутнасці, заява пра сябе як пра паэта, крок да пачуццяў чытачоў і пачатак вялікага творчага шляху. А ў тым, што гэты шлях будзе вялікім, дзяўчына пераканана, бо да слоў ставіцца нераўнадушна. Стараецца падабраць незвычайныя, непраходныя, запамінальныя вобразы. Мяркуйце самі:

Час, минута; вечер был вчера.
А сегодня вновь рассвет разбудит.
И когда поймешь, что жить пора,
Краткий миг как век казаться будет.

І сапраўды, ці заўважалі вы: як толькі наша жыццё насычаецца справамі, поўніцца актыўным ладам — тым больш у ім паспяваем. І менавіта тады кароткае імгненне здаецца вечнасцю. Калі яшчэ не паспыталі на сабе, абавязкова паспрабуйце. У кнізе бясконцыя глыбокія развагі:

Вот листок оторвался от ветки,
Его путь — улететь в никуда.
Даже если держался он крепко,
Всё равно его смоет вода.

Па сутнасці, так і лёс чалавечы пры неўтаймоўнай плыні часу. Чарговая арыгі­нальная думка:

На самом деле это так:
Захочешь — будь. Не слушай массы.
Ведь лучше внутренний дурак,
Чем жизнь, утратившая шансы.

Заўсёды, пераканана аўтар, трэба заставацца самім сабой:

— На маю думку, калі чалавек у сваім лёсе іграе не ўласную скрыпку, то яму будзе зноў і зноў давацца магчымасць паставіць усё на свае месцы. Мы прыйшлі ў гэты свет без сумнення, каб сыграць сваю ролю, бо чужыя ўжо заняты.

У творах Яніны — метафары, параўнанні, адухоўленыя вобразы. У дажджу нясмелая паходка, вецер спявае ў сонечным дуэце і кружыць у чэрвеньскім вальсе, а ноч — гэта мастацтва і хваля натхнення. У аўтарскіх выказваннях бачны вялікі аптымізм, жаданне дасягаць вышынь: «палае, пячэ, бурліць імкненне да жыцця і агню». Аўтар не хоча «губляць хвіліны і аддае перавагу іх пражываць». Радкі пазітыўныя, заклікаюць да ўсмешкі з першым сонечным промнікам. Асабліва пранізлівы зварот да матулі:

Прости меня, мама, за боль и обиды,
Что были тобою терпимо забыты.
Терпение мамино — полная чаша.
Ты ангел, который мне крыльями машет.

Такая шчырасць у кожным вершы. Мелодыя Яніны — сугучча з самых пяшчотных нот, несупынны карагод думак. З такой натхнёнасцю і актыўнасцю яна абавязкова не толькі ўступіць у Саюз пісьменнікаў Беларусі, але і парадуе чытачоў новымі творчымі набыткамі.

— Шчыра радуюся і веру ў цябе, Яна! Першы экзамен вытрыманы з годнасцю, — прыкмячае рэдактар зборніка Іна Фралова.

Хай першыя парасткі ўрадліва каласяцца на паэтычнай ніве!

basikirskaya@sb.by

Фота з асабістага архіва Яніны БОСАК.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter