Хоць у Беларусі ёсць толькі адзін крэматорый, аднак спальванне цел памерлых становіцца ўсё больш распаўсюджаным спосабам пахавання. У Мінску такі спосаб пахавання стаў вельмі папулярным. Калі паўстае выбар, як пахаваць блізкага чалавека, у многіх узнікае пытанне адносна прымальнасці крэмацыі цел.
Па меры развіцця цывілізацыі звычай спальвання цел памерлых з’явіўся і на нашай зямлі. Даўней Касцёл выступаў супраць гэтай практыкі, паколькі ў старажытнасці яна была формай антырэлігійнай дэманстрацыі і знакам непрыняцця хрысціянскай веры ва ўваскрэсенне цел у канцы часоў. Сёння, калі для многіх людзей крэмацыя ўжо не з’яўляецца выразам такіх адносін да хрысціянскай веры, Касцёл дазваляе крэмацыю. Аднак калі хтосьці выбраў крэмацыю як спосаб свайго пахавання цела ў будучыні, кіруючыся антырэлігійнымі матывамі, то каталіцкі святар не можа быць запрошаны на такое пахаванне.
Калі існуе такая магчымасць, каталіцкі Касцёл просіць сваіх вернікаў аддаваць перавагу традыцыйнаму пахаванню нябожчыкаў у зямлю без крэмацыі. У гэтым спосабе пахавання выражаюцца глыбокія нацыянальныя і канфесійныя традыцыі нашага народа.
Крэмацыя часта прыцягвае за сабой пэўныя практыкі, якія Касцёл не можа прыняць, напрыклад рассейванне праху ў пэўных месцах (так званых мемарыяльных садах) або захоўванне яго ў розных формах дома.
Сама па сабе крэмацыя не з’яўляецца чымсьці кепскім, аднак калі апошняя воля нябожчыка выражалася ў жаданні быць пахаваным у зямлю без спальвання, то гэта варта ўшанаваць.
Ксёндз Кірыл Бардонаў
Як Касцёл адносіцца да крэмацыі
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.