Месца для знаёмстваў
— Падкажыце, дзе тут перапіс прайсці можна? — удакладняю ў ахоўніка, які стаіць каля ўвахода ў ЦУМ.
— На першым паверсе ў цэнтры залы, на другім — каля аддзела з сумкамі, — падказвае ён. — Вы ўжо восьмая за паўгадзіны, — дадае ўслед.
Стол з двума перапісчыкамі акружылі наведвальнікі: зайшоў па пакупкі і заадно запоўніў электронны бланк. Нават калі пашпарт не захапіў — не бяда, ідэнтыфікацыйны нумар называць не абавязкова.
— Я прыйшла ў ЦУМ і ўбачыла, што тут можна перапісацца. Гэта вельмі зручна. Я жыву на праспекце Дзяржынскага, трэба было б ісці на стацыянарны ўчастак у школу, шукаць кабінет, пытацца. У інтэрнэце таксама спрабавала перапісацца, але ў апошні момант перадумала — здалося, нешта няправільна адказала, — пенсіянерка Марыя Болматава рыхтуецца адказваць на пытанні.
Праз пару хвілін даведваемся: Марыя Васільеўна жыве ў аднапакаёвай кватэры з цэнтральным ацяпленнем і водаправодам. У сталіцу пераехала ў пачатку гэтага года, кажа, на малой радзіме ў Шчучыне ўжо нікога не засталося, дзеці жывуць у Мінску.
— Пражывалі год і больш у іншай краіне? — удакладняе перапісчык.
Марыя БОЛМАТАВА ў сталіцу пераехала ў пачатку гэтага года, кажа, на малой радзіме ў Шчучыне ўжо нікога не засталося, дзеці жывуць у Мінску.
— У мяне муж афіцэрам быў, таму дзе я толькі не пражывала, — успамінае яна. — І ў Германіі, і ў Казахстане, і ў Расіі. А ў Шчучыне працавала эканамістам.
Да пытанняў аб зямельным участку Марыя Васільеўна падрыхтавалася. З дзіўнай дакладнасцю пералічвае: высадзіла 53 дрэвы, з іх 8 яблынь, 4 грушы, 6 вішань, 4 слівы...
— А яшчэ 6 сартоў вінаграду, градкі з клубніцамі, грэцкія арэхі, парэчкі, — ужо думаю напрасіцца да Марыі Васільеўны ў госці. — Я гэтым жыву, мне падабаецца працаваць на зямлі.
На другім паверсе ўнівермага два перапісчыкі: Віктар Самарукаў вучыцца ў БНТУ на 2-м курсе, а яго калега Ягор Сазоненка — на год старэйшы. Хлопцы прызнаюцца: раней ніколі не сустракаліся, хоць і вучацца на адным факультэце, але пазнаёміліся дзякуючы перапісу.
— Удзел у перапісе — гэта выражэнне маёй грамадзянскай пазіцыі, так я ўношу сваё імя ў гісторыю краіны, — абгрунтоўвае свой выбар Віктар. — У будучым вынікі апытання паўплываюць на мноства фактараў — напрыклад, пасадзейнічаюць будаўніцтву новых школ і садоў. Я збіраюся жыць у Беларусі, таму сёння і ўношу ўклад у сваю будучыню. Сам перапісаўся ў першы дзень і бацькоў перапісаў праз інтэрнэт. Яны вельмі ганарацца, што я ўдзельнічаю ў кампаніі ў якасці валанцёра.
Пытанні з сэнсам
Мы даведаліся, якія пытанні па перапісе часцей за ўсё ўзнікаюць у людзей. Многія, напрыклад, цікавяцца, навошта запаўняць інфармацыю аб сваіх зямельных участках, колькасці кустоў, кароў і коз. Зоя Якубоўская, начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі сельскай гаспадаркі і навакольнага асяроддзя Белстата, удакладняе:
— Правядзенне сельгасперапісу — гэта агульнасусветная практыка, поўную інфармацыю трэба збіраць раз у дзесяць гадоў. Але аддзяляць яе ад перапісу насельніцтва немэтазгодна, гэта лішнія выдаткі. Таму мы вырашылі дадаць у анкету 6 пытанняў па гэтай тэматыцы, каб цалкам ахапіць усе гаспадаркі насельніцтва. Дарэчы, выбарачныя назіранні мы праводзім з 2011 года — абследуем 3316 хатніх гаспадарак. Людзі вядуць спецыяльныя дзённікі, дзе адзначаюць аб’ёмы атрыманай прадукцыі. Але комплекснага перапісу ў нашай краіне яшчэ не было, таму настаў час правесці аб’ектыўны ўлік аб’ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі ў хатніх гаспадарках. З гэтымі данымі мы будзем жыць бліжэйшыя 10 гадоў.
У электронны перапісны ліст спецыялісты ўключылі мінімум пунктаў — толькі тыя, што дазволяць атрымаць інфармацыю аб пасяўных плошчах і пагалоўі жывёлы ў насельніцтва краіны. Астатнія даныя (аб расходзе кармоў для жывёл, характарыстыцы зямельных участкаў, выкарыстанні ўгнаенняў і г.д.) яны працягнуць атрымліваць выбарачна. Дарэчы, у падрабязнай анкеце дзённіка больш за 30 пытанняў.
— Чаму гэтая базавая інфармацыя важная? Калі мы будзем ведаць, колькі бульбы, яек і мяса атрымлівае насельніцтва, можна прагназаваць, чаго не хапае — фермеры і сельгасарганізацыі зробяць акцэнт менавіта на гэтым, — тлумачыць Зоя Якубоўская. — Таксама мы даведаемся, у якім раёне краіны больш за ўсё буйной рагатай жывёлы, дзе можна закупляць малако і гародніну. У нас сёння на слыху толькі пара прыкладаў: Столінскі раён славіцца ўраджаем агуркоў, Лунінец — клубніц. Але, паверце, людзі хутка бяруць з іх прыклад і таксама вырошчваюць сельгаспрадукцыю не толькі для сям’і, але і для рэалізацыі. Колькі сёння такіх участкаў і якія ў іх плошчы пасеваў — ніхто дакладна не ведае. Гэтая інфармацыя вельмі ўплывае на эканоміку. Скажам, дзяржаўныя арганізацыі і насельніцтва вырошчваюць бульбу на продаж. Дык навошта лішкі? Дзякуючы даным будзем ведаць, куды лепш накіраваць сілы. Насельніцтва ўносіць значны ўклад, у нас памяншаюцца плошчы пасеваў агародніны ў сельгасарганізацыях, таму што яны павялічваюцца ў гаспадарках людзей.
Ёсць у перапісным лісце яшчэ некалькі пытанняў, якія здзівілі людзей. Напрыклад, які адрас трэба ўказваць — той, дзе ты прапісаны, або той, дзе жывеш? Дык вось, у бланк уносіцца адрас пражывання, каб потым спецыялісты змаглі вызначыць колькасць нагрузкі на тую ці іншую мясцовасць.
На запаўненне электроннага бланка траціцца каля 10 хвілін.
Бывае, на стацыянарны пункт прыходзяць людзі з расійскім грамадзянствам і ўдакладняюць, ці трэба ім перапісвацца. Калі яны пражылі ў Мінску год і больш, то трэба, таму што яны лічацца часова пражываючымі ў нашай краіне. Анкета для іх складзена па-іншаму, адно з галоўных пытанняў — мэта знаходжання ў Беларусі (праца, вучоба і г.д.).
«А чаму задаюць пытанне аб тым, ці быў хтосьці ў мяне ў гасцях у ноч з 3 на 4 кастрычніка?» — гэта перапісчыкі таксама чуюць нярэдка. Спецыялісты кажуць, што так робіцца для зручнасці: раптам вы госця ўжо перапісалі, тады да яго ніхто не прыйдзе.
АПЫТАННЕ Ў ТЭМУ
Мы запыталіся ў вядомых людзей, ці прайшлі яны перапіс насельніцтва і чаму лічаць гэтую кампанію важнай.
Аляксандр МРОЧАК, дырэктар РНПЦ «Кардыялогія»:
— Абраў інтэрнэт-перапіс таму, што гэта зручна. Пытанні былі зразумелыя, праўда, часам я памыляўся, напрыклад, складана было адразу ўзгадаць плошчу кватэры. Вынікі перапісу вельмі важныя для медыцыны: мы зможам даведацца пра дэмаграфічны стан грамадства і колькасць людзей, ацаніць нагрузку на медыцынскую галіну. Па атрыманых даных мы дакладна адкажам на пытанне, ці павялічваецца працягласць жыцця ў краіне. Таксама важна ведаць колькасць маладога насельніцтва, каб зразумець, як кадравая ніша будзе папаўняцца ў далейшым. Ну і сацыяльныя аспекты: забяспечанасць насельніцтва, у якіх умовах жывуць людзі. Усё гэта дапаможа зразумець, куды варта ўкладваць грошы.
Аляксандр РАГАЧУК, старшыня Брэсцкага гарвыканкама:
— Вядома ж, прайшоў перапiс праз інтэрнэт. Па-першае, гэта эканоміць час, і не толькі мой: чым больш гараджан пройдзе перапіс з дапамогай iнтэрнэту, тым менш давядзецца хадзіць па кватэрах перапісчыкам. Дарэчы, брэстаўчане праявілі свядомасць: каля 100 тысяч чалавек прайшлі перапіс аддалена. Па-другое, гэта сучасна — вырашаць некаторыя пытанні дзяржаўнага кіравання з дапамогай магчымасцей, якія дае віртуальная прастора. І добра, што Беларусь з’яўляецца лідарам у выкарыстанні інтэрнэту для правядзення перапісу насельніцтва. Калі я запаўняў анкету, думаў, як адкажуць брэстаўчанкі на пытанне пра планаванне дзяцей. Гэта ж вельмі сур’ёзна: людзі займаюцца сямейным планаваннем, а дзяржава павінна загадзя разлічыць патрэбу ў дзіцячых садках і школах. Перапіс дае ўсю дэмаграфічную раскладку па горадзе, гэта дазваляе карэктна выстраіць работу органаў гарадскога кіравання. Будзе атрымана ўнікальная інфармацыя аб працоўных рэсурсах, фактычным беспрацоўі і гэтак далей. Усё гэта пакладзём у аснову сацыяльна-эканамічных прагнозаў развіцця краіны і горада.
Святлана БАРОЎСКАЯ, тэлевядучая:
— Інтэрнэт-перапіс я прайшла якраз у перадапошні дзень — папрасіла сына дапамагчы запоўніць бланк. Ведаю, што яшчэ можна было схадзіць на стацыянарны ўчастак каля дома або дачакацца перапісчыка, але ўсё ж такі тэхналогіі перамаглі. Я думаю, вынікі перапісу дапамогуць даведацца, колькі ў нас людзей старэе, а колькі нараджаецца. Гэта кампанія важная, таму што яна закладвае падмурак у стабільнасць краіны.