Знаменитый пианист Юрий Блинов - о музыке, спорте и малой родине

«Я адчуваю сябе палешуком»

Яго першы гучны поспех здарыўся ў 17 гадоў — выдатная перамога на I Міжнародным конкурсе імя Сяргея Пракоф’ева ў Санкт-Пецярбургу. Пасля — Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і магістратура па класе фартэпіяна. Стажыроўка і працяг прафесійнай кар’еры ў ЗША. Ступень доктара музычных мастацтваў найпрэстыжнай Вышэйшай школы музыкі Істмэна.

Праз 20 гадоў пасля свайго першага сольнага канцэрта ў родным горадзе ўжо вядомым піяністам Юрый Бліноў пачаў праводзіць міжнародны музычны конкурс для юных талентаў.

Я не фаталіст

Ён гастраляваў у многіх краінах СНД і Еўропы, а таксама ў Кітаі, Японіі і ЗША. Віртуозны выканаўца. Лаўрэат многіх буйных міжнародных конкурсаў, у тым ліку ўладальнік першых прэмій Гран-пры Шапэна ў Тэхасе і Усеамерыканскага конкурсу піяністаў. У 2006-м першым з беларусаў выступіў з сольным канцэртам у знакамітым нью-ёркскім Карнегі-холе, Мецы класічнай музыкі. Валодае фенаменальна вялікім рэпертуарам, у творчым багажы — больш за 30 сольных праграм, якія ахопліваюць усе стылі фартэпіяннай музыкі, а таксама 35 канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам.

У творчым багажы Юрыя Блінова больш за 30 сольных праграм, якія ахопліваюць усе стылі фартэпіяннай музыкі.

Піяніст і кампазітар Юрый Бліноў, безумоўна, сусветная зорка. Але на гэты раз  гутарка з ім не толькі пра музыку.

— Юрый, давайце адразу патлумачым: чаму ў свой час вы з’ехалі ў Амерыку і чаму вярнуліся на радзіму?

— Усё атрымалася спантанна і нечакана для мяне самога. Напрыканцы 1999 года я ўдзельнічаў у буйным конкурсе піяністаў у Пекіне. У журы быў амерыканскі прафесар музыкі з Тэхаскага ўніверсітэта Тамаш Унгар. Уражаны маім выступленнем, ён прапанаваў прыехаць да яго на стажыроўку. У мяне ў гэты час заканчваўся тэрмін адпрацоўкі салістам Белдзяржфілармоніі пасля Акадэміі музыкі і магістратуры. Я ведаў, што ў 2001 годзе ў Тэхасе будзе Міжнародны конкурс імя Вэна Клайберна. Такім чынам, прыняў прапанову і паехаў. Але амаль праз 10 гадоў вярнуўся — пасля знакамітага фінансавага крызісу ў 2009-м у ЗША было вельмі складана знайсці адпаведную майму ўзроўню працу.

— Не пашкадавалі, што вярнуліся? 

— Я не фаталіст, але ёсць адчуванне: усё адбываецца так, як наканавана. Склалася такім чынам, што адпаведны перыяд майго творчага жыцця я павінен правесці на радзіме. І лічу, за гады, якія я тут, здолеў унесці значны ўклад у развіццё беларускай музыкі і, у прыватнасці, фартэпіяннай. Напэўна, міжнародныя канцэртныя туры лягчэй было б рабіць, калі б я працягваў жыць у ЗША. Але і сёння ў мяне добрыя і цесныя прафесійныя і асабістыя стасункі з Амерыкай. Я рэгулярна езджу туды на гастролі, майстар-класы, там шмат сяброў і калег. Я не лічу сябе адарваным ад Амерыкі, але можна сказаць, што ўжо замацаваўся як еўрапеец.


— Разам з тым у інтэрв’ю вы не раз прызнаваліся, што адчуваеце сябе палешуком. 

— Гэты стрыжань адчуваецца насамрэч, і з часам усё больш. Я ж родам з Драгічына. Палешукі — гэта асаблівыя характар, самасвядо­масць, менталітэт. Я  жыў нейкі час у Тэхасе — гэта самы буйны штат ЗША і таксама вельмі своеасаблівы. Сапраўдныя тэхасцы любяць гаварыць: мы не амерыканцы, а тэхасцы. Амаль тое ж самае заўважаў, бываючы ў Баварыі, найбуйнейшай зямлі ў складзе ФРГ, на ўездзе туды паўсюль напісаны словы: «Сардэчна вітаем у свабоднай дзяржаве Баварыі». Мне падаецца, што і геаграфічная, і культурная, і моўная прастора нашага Палесся, і ў прыватнасці Палесся Заходняга, мае найбольшую колькасць асаблівасцей, яна ў пэўным сэнсе адыгрывае, мабыць, тую ж ролю, якую ў ЗША — Тэхас, а ў Германіі — Баварыя.

Гумар з пярчынкай

— Якія адметныя рысы, на ваш погляд, уласцівыя палешукам?

— Перш за ўсё адзначу пачуццё гумару — асаблівае, не прымітыўнае, разлічанае на розум. Канешне, народны мясцовы гумар не абыходзіцца без пярчынкі ў моўных зваротах, але гэта настолькі трапна і арганічна. Заўважу і такую рэч: людзі ў гэтых мясцінах практычна ад нараджэння — мультылінгвісты. З дзяцінства разумеюць мовы беларускую, рускую, украінскую, польскую і мясцовую гаворку. Для іх гэта натуральна, бо шматмоўе чуюць вакол. А яшчэ ў палешукоў вельмі моцная прывязанасць да сваіх мясцін, сваёй зямлі. Яна тут вельмі ўрадлівая, і клімат актыўнаму земляробству спрыяе. Поўдзень і паўднёвы захад Брэстчыны — нашы беларускія субтропікі. Там добра растуць і кавуны, і абрыкосы, і персікі, і гародніна цеплалюбівая. Некалькі гадоў таму завалілі ўсю Еўразію клубніцамі. Як на спад попыт пайшоў, пераключыліся на маліны, яны да чатырох ураджаяў на год даюць, апошні — у сярэдзіне лістапада здымаюць. Так што працавітасць і кемлівасць таксама палешукам уласцівыя.


— І ў вас сельскагаспадарчая жылка ёсць?

— Хіба што з кулінарным ухілам — люблю згатаванае з гэтай смакаты есці. Але, думаю, калі б пастаянна жыў у тых мясцінах, меў бы і добрую дзялянку, і агарод, і сад... Я ж вырас у такім асяроддзі, сярод гэтых заняткаў.

— Ці мог хто некалі падумаць, што драгічынскі хлопчык стане сусветна вядомым музыкантам?

— Мяркую, падставы да таго былі ў тых, хто ведаў мяне з дзяцінства. Я ж вельмі любіў спя­ваць. Ужо ў 3—4 гады любую песню, пачутую па радыё, тэлевізары ці з пласцінкі, адразу пераймаў на слых і выконваў. Слухачоў было многа.

Кліч малой радзімы

— Першы канцэрт для землякоў у Драгічыне вы сыгралі адразу пасля сваёй лёсавызначальнай перамогі ў 1993-м на конкурсе ў Санкт-Пецярбургу, з выступленнямі часта бываеце на малой радзіме і цяпер, а яшчэ па ўласнай ініцыятыве ладзіце там конкурс для юных талентаў «Палескi агеньчык».

— Сувязі мае з Драгічынам сапраўды трывалыя і моцныя. Міжнародны конкурс юных музыкантаў праводзім з 2014 года, ідэя знайшла падтрымку і ў вобласці, і ў раёне. Мастацкі ўзровень конкурсу высокі, працаваць у журы прыязджаюць знакамітыя музыканты з розных краін. Конкурс — адзіны ў Еўропе сярод юных і маладых выканаўцаў, дзе спаборнічаюць і піяністы, і баяністы-акардыяністы, і кампазітары. І адзіны ў нашай краіне, дзе фіналісты-піяністы іграюць з прафесійным аркестрам, сабраным з лепшых музыкантаў, якія працуюць у вядучых творчых калектывах краіны. Абсалютна ўпэўнены: наш конкурс — унікальная падзея, вартая, каб пра яе ведалі больш і лепш асвятлялі ў масмедыя. Дарэчы, «Палескi агеньчык» адметны і тым, што падтрымлівае сваіх лаўрэатаў надалей. Рэгулярна ладзім ім выступленні ў Мінску ў зале «Верхні горад». Бліжэйшы канцэрт — 17 сакавіка, прыязджае ўладальнік Гран-пры ў катэгорыі фартэпіяна Сіманас Мікнюс з Літвы. А зусім нядаўна ў Драгічыне канцэрт на двух мы ігралі з маладым таленавітым баяністам Антонам Маляёнкам, таксама лаўрэатам «Палескага агеньчыка».

— Акрамя таго, што вядомы музыкант, вы яшчэ і сузаснавальнік  футбольнага клуба НФК, удакладню, былых «Крумкачоў», марафонец, прыхільнік здаровага спосабу жыцця. Можа, ёсць намер заняцца на малой радзіме і культывацыяй спорту?

— Драгічын, дарэчы, даволі вядомы ў гэтым сэнсе. Там была наша, мабыць, самая моцная школа дуатлону і трыятлону на дзіцяча-юнацкім узроўні. Там і цяпер рэгулярна праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы па гэтых відах спорту. Ведаю некалькіх спартсменаў з Драгічына, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у лёгкаатлетычных спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню і займаюць даволі высокія месцы. Так што глеба прыдатная, і, можа, у гэтым кірунку пра лёгкую атлетыку і футбол сапраўды падумаць варта. Пакуль скажу так: нічога не выключана.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter