Уладзімір Цвірка памятае ўсе этапы пабудовы дарогі да роднай вёскі
“Раней існавала дарога Азярское —Асіпоўшчына, якая вяла і да трасы Стоўбцы—Кобрын, і да чыгуначнага прыпынку Асіпоўшчына, — расказваў Уладзімір Цвірка. — Гэта было вельмі зручна для жыхароў навакольных вёсак. Аднак пры пабудове аўтамагістралі М1 з’езд да гэтых населеных пунктаў не быў запланаваны.... Таму пачалі з’яўляцца самавольныя з’езды”.
Дарэчы, менавіта пасля адной з няўдалых спроб аўтааматараў скараціць шлях да Азярскога — машына перавярнулася, а ў ёй знаходзіліся дзеці — і пачалося будаўніцтва дарогі. Логіка ж парушальнікаў правіл дарожнага руху была відавочная: напрамкі да вёскі — усяго 300 метраў. У аб’езд жа па дарозе Р11, якая вядзе да Нясвіжа, што ў Мінскай вобласці, даводзілася ехаць каля пятнаццаці кіламетраў, а па дарозе Р64, што злучае горад Стоўбцы Мінскай вобласці ды пасёлак Мір, што ў Карэліцкім раёне Гродзеншчыны, увогуле каля дваццаці.
З поўнай упэўненасцю, што лепш самой адзін раз пабачыць тое тварэнне чалавечай настойлівасці ды ўпартасці, мы з Уладзімірам адправіліся з Мінска ў Азярское. Па дарозе расказваў мне спадарожнік і пра гісторыю вёскі, якая была заснавана яшчэ ў 1827 годзе штучным шляхам. Там расцілі грэнадзёраў — для службы ў элітных часцях пяхоты, а таксама для царскай аховы. Хлопчыкаў выбіралі па росце, колеры вачэй, сіле сціску кулака. Тых жа, хто не адпавядаў параметрам, адсялялі на край паселішча. Цікава: тая частка Азярскога і цяпер называецца “Крані”. “Памятаю, разказвалі старажылы, у вёсцы не было цяжкіх форм работы, — згадваў спадар Уладзімір. — Многія займаліся пчалярствам. У бярозавым ды дубовым гаях, што раслі вакол, былі смалакурні. Шмат было ў лесе борцяў. Зразумела, апрацоўваліся палі”. Тут Уладзімір Андрэевіч, трохі памаўчаўшы, дадаў з усмешкай: “А ў мяне, глядзіце, які кулак вялікі ды моцны. І рост немалы…”
Крыж-абярэг для Азярскога вырабіў сам Уладзімір Цвірка
Што ж парада сапраўды слушная. Аднак, калі падняліся, спадар Уладзімір зусім не глядзеў у бок з’езда, а ў процілеглы. Там, аказваецца, была некалі сядзіба яго дзядулі, Рыгора Міхайлавіча Цвіркі, а ў ёй — сажалкі, кузня, вялізны сад, яблыкі з якога прадавалі нават у Германію ды Польшчу. А яшчэ далей, якраз на мяжы былых Мінскай ды Гродзенскай губерняў, была вотчына Высоцкіх, сям’і маці Уладзіміра Андрэевіча Веры Дзям’янаўны Высоцкай-Цвіркі. Цяпер жа там — неабсяжныя воку краявіды палёў…
“Нарадзіўся я ў Міры, адным з самых знакамітых сёння турыстычных месцаў Беларусі, — працягвае Уладзімір. — Пасля з бацькамі жылі ў хаце дзядулі Дзям’яна Васільевіча Высоцкага. А калі мне было шэсць гадоў, наша сям’я пераехала ў Азярское. Маці радавалася: школа знаходзілася за тры хаты ад нашай”.
Дарэчы, будынак былой 4-годкі захаваўся дагэтуль. І ў яго з’явіўся нядаўна новы гаспадар. З 2013 года, калі да Азярскога быў пабудаваны з’езд, вёска нібы ажыла. Пачалі аднаўляцца старыя калодзежы, будавацца агароджы, набылі новую афарбоўку хаты. На продаж дамоў ужо амаль няма. У “Кранях” нехта заняўся агратурызмам: так што гарадскія госці тут не рэдкасць, прыязджаюць адпачыць і расіяне, і турысты з Прыбалтыкі. Стараста вёскі Святлана Каробка казала, што ў Азярскім сёння ёсць моладзь, дзеці. Працуюць азярчане ў калгасе, на птушкаферме. Школьнікаў у Мір на вучобу штодзень возіць школьны аўтобус. Тры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка…
А яшчэ на ўездзе ў Азярское стаіць крыж-абярэг, па традыцыі беларусаў упрыгожаны ручніком ды штучнымі кветкамі. На крыжы замацавана невялічкая іконка, асвячоная ў Жыровіцкім манастыры. І што тут дзіўнага, відаць, падумае, чытач. Але незвычайнае ў тым, што выраблены ён уласнаручна Уладзімірам. Сродкі ж на яго з ахвотай збіралі жыхары вёскі, прычым актыўна далучаліся й дачнікі. “У Азярскім ніколі не было царквы, нават капліцы, — казаў Уладзімір Андрэевіч. — Так хацелася зрабіць для роднай вёскі нешта добрае. Крыж атрымаўся моцны, вялікі, прыгожы — на дзесяцігоддзі. Яшчэ ў планах — палажыць побач валун, выбіць на ім дату станаўлення Азярскога”.
Пабачылі й мы бацькоўскую хату Уладзіміра Андрэевіча. Некалькі гадоў таму ён яе падрамантаваў і прадаў. “Не хацеў даць дому загінуць. Часам заязджаю да новых гаспадароў у госці. Радуюся, што яны пашырылі бацькоўскі сад, займаюцца агародам, кветнікамі. А вось шыльда “Азярское 39”, лаўкі, плот засталіся тыя, што я рабіў”, — расказаў Уладзімір Андрэевіч.
Добрыя справы вяртаюцца
Наступны наш прыпынак — знакаміты пасёлак Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Акрамя таго, што Уладзімір нарадзіўся ў ім, закончыў там 10-годку, ён яшчэ вырабіў і падарыў для мясцовай Святатроіцкай царквы мастацкія вітражы. “У гэтым храме вянчаліся мае бацькі, мяне хрысцілі, брата, а маму і тату ў ім адпявалі… — расказвае Уладзімір Андрэевіч. — Неяк айцец Павел патэлефанаваў мне, звярнуўся па дапамогу. Як я мог адмовіць? Тым больш, што справа датычылася маёй непасрэднай дзейнасці. У мяне была ўжо ў той час вітражная майстэрня”.
А вітражы ў майстра атрымаліся лёгкія-лёгкія, зусім не мудрагелістыя, спакойныя. Праз каляровае празрыстае шкло трапляе ў памяшканне шмат святла. І ад гэтага, падалося мне, з’яўляецца адчуванне нейкай шчырасці.
“Памятаю свае пачуцці, калі працаваў над гэтымі вітражамі, — згадвае Уладзімір. — Справа ішла вельмі лёгка. Я не дакранаўся да іх, калі нешта балела, калі быў стомлены, ці здараліся нейкія непрыемнасці. Хацелася напоўніць іх добрай энергетыкай. Але й я, працуючы, атрымліваў шмат пазітыўных эмоцый”.
Яшчэ адны мастацкія вітражы Уладзіміра ёсць і ў праваслаўным храме ў гонар Казанскай Божай маці ў вёсцы Беражна, што недалёка ад Міра. “Пазванілі мне адтуль жыхары вёскі, папрасілі: я зрабіў вітражы і для іх. Там жывуць мае школьныя сябры. Колькі светлых успамінаў звязана з гэтымі мясцінамі! Гэта — мая радзіма”.
Вось якія неабыякавыя людзі жывуць сярод нас. За тыя справы, што робяць яны па закліку сэрцаў для родных мясцін, для людзей, якія побач, — вялікі дзякуй!
Кацярына Мядзведская