Факсімільнае выданне Лаўрышаўскага Евангелля будзе цікава не толькі навукоўцам, але і простым наведвальнiкам бібліятэкі.
— Я меў цудоўную магчымасць мінулым летам папрацаваць з унікальным рукапісным помнікам і магу ўпэўнена казаць: гэта адна з найважнейшых святыняў нашага народа, — расказаў намеснік дырэктара бібліятэкі Алесь Суша. — Цяпер каштоўны рукапіс ранняга перыяду гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, дзякуючы выдавецкаму ўзнаўленню, стаў дасяжны даследчыкам і аматрам спадчыны беларускага Сярэднявечча.
Лаўрышаўскае Евангелле — рукапісны помнік кніжнай культуры ХІІІ—XIV стагоддзяў. Ён быў створаны для праваслаўнага мужчынскага манастыра пад Наваградкам, аб чым сведчаць укладныя запісы, змешчаныя ў кнізе. Лаўрышаўскае Евангелле мае адметнае мастацкае аздабленне: ілюстравана мініяцюрамі, пераплёт упрыгожаны каштоўнымі камянямі і фігурнай металічнай пласцінай з выявай святога воіна (магчыма, князя Войшалка).
У перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай iмперыі ў XIX стагоддзі ўнікальная кніга была вывезена спачатку ў Расію, а потым — у Кракаў, дзе цяпер і захоўваецца ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх. Лаўрышаўскае Евангелле праз знітаванасць нашых традыцый з’яўляецца супольнай гістарычнай каштоўнасцю чатырох краін — Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны.
Наталля ІВАНОВА.