Эстафету физкультурно-спортивного фестиваля «Вытокі. Крок да Алімпу» Столин передал Новогрудку

Вяртанне да каранёў

Два дні ў Століне ладзіўся культурна-спартыўны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу»

Цэнтр фестывалю — прасторная плошча Леніна, дзе на другі дзень фестывалю было асабліва шматлюдна. Вядучы даў слова прэзідэнту НАК Віктару Лукашэнка. Віктар Аляксандравіч падзякаваў столінцам за ўдзел у форуме і ўручыў сертыфікат на 100 тысяч рублёў старшыні райвыканкама Рыгору Пратасавіцкаму. Кіраўнік раёна выказаў словы падзякі за такі шчодры падарунак і адзначыў, што сродкі пойдуць на рамонт спартыўных школ у Століне і Давыд-Гарадку. І дадаў: за апошнія тры гады 24 выхаванцы спартыўных устаноў раёна папоўнілі школу алімпійскага рэзерву. Рыгор Васільевіч спадзяваецца, што колькасць талантлівых спартсменаў павялічыцца. 


Удзел у фестывалі прынялі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, прадстаўнікі раёнаў вобласці. 

А пачаўся форум з прэс-тура журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. За няпоўныя сем дзесяцігоддзяў дзейнасці ў шасці выставачных залах Столінскага раённага краязнаўчага музея сабраны ўнікальныя экспанаты па гісторыі гэтага кутка Палесся ад старажытных часоў да сучаснасці. Крывавы след пакінула на Століншчыне Вялікая Айчынная вайна. У прыгарадным урочышчы Стасіна ўсталяваны мемарыял ахвярам нямецка-фашысцкага злачынства. Больш як дванаццаць з паловай тысяч яўрэяў, расстраляных катамі, пахавана ў брацкай магіле. Удзельнікі прэс-тура, арганізатары фестывалю, кіраўнікі раёна і вобласці ўсклалі кветкі да манумента і мінутай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр фашызму.

— У Год гістарычнай памяці важна наведванне такога мемарыяла, — адзначыла карэспандэнт пінскай газеты «Палеская праўда» Наталля Мілеўская. — У сваім матэрыяле падзялюся асабістым уражаннем. На Століншчыне ўпершыню. Кранула душу аграсядзіба «Віла Льва», размешчаная ў цэнтры рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты». Цікавай была і экскурсія на Гарынскі камбінат будматэрыялаў. Цэгла — брэнд Століншчыны. Сваімі вачамі бачыла, як арганізаваны вытворчы працэс. 

Прэзідэнт НАК Віктар ЛУКАШЭНКА і старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ.

Выконваючы абавязкі дырэктара камбіната будматэрыялаў Андрэй Бурда правёў па вытворчых карпусах. Гарынская цэгла выкарыстоўваецца пераважна на будоўлях Брэстчыны. Пастаўляецца прадукцыя і ў расійскія рэгіёны. У той жа дзень на пачатку фестывалю ў сярэдняй школе № 3 адбыўся семінар-практыкум Беларускай алімпійскай акадэміі, дзе вялася размова пра алімпійскія каштоўнасці і дасягненні беларускіх атлетаў на галоўных стартах апошніх гадоў.

— Адкрылі для сябе шмат новага і цікавага, — адзначае старшыня Столінскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Андрэй Буян. — Важна, што да нас, у глыбінку, завіталі вядомыя трэнеры і атлеты. Нядаўна з двума прызавымі ўзнагародамі вярнуліся з турніру ў Францыі нашы грабцы на байдарках і каноэ. Гэтым відам спорту займаюцца ў нас больш як сорак дзяцей. Адсюль вытокі алімпійскага чэмпіёна Генадзя Лісейчыкава (быў у зборнай СССР па грэблі на байдарках і каноэ).


На шматлікіх пляцоўках была магчымасць прыняць удзел у алімпійскім квесце, паспрабаваць сябе ў спартыўных конкурсах, выканаць заданні і стаць прызёрам. 

— Уразіў утульны палескі горад, — падзяліўся спецыяліст рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларуская тэнісная федэрацыя» Аляксандр Пурышкін. — Пляцоўкі Нацыянальнага алімпійскага камітэта абляпілі дзеці, моладзь, на спартыўных снарадах многія выпрабоўвалі свае здольнасці. 

У гарадскім Доме культуры ладзіўся майстар-клас на тэму «Маляванка. Вытокі самабытнага мастацтва». Фарбамі з выкарыстаннем трафарэтаў вырабляюцца маляваныя дываны. 

— Гэта тэхніка і сёння актуальна, — падкрэсліла на майстар-класе суарганізатар фестывалю, дырэктар галерэі «АртХаос» Лілія Лукашэнка. — Столінцаў зацікавіла тэхніка роспісу тканін. Многія скарысталі магчымасць паспрабаваць свае здольнасці ў вырабе маляванак. 

Яблыку не было дзе ўпасці ў зале Дома культуры падчас канцэрта арганнай музыкі Валерыя Шмата. З цікавасцю слухалі расповеды арганіста пра гісторыю музычных твораў. 


— Музычныя творы нараджаюцца жыццём. Яны адлюстроўваюць эпоху, у якую былі створаны. Прыемна было адчуваць цішыню, што панавала ў зале не толькі ў час гучання аргана, але і калі расказваў са сцэны пра гісторыю стварэння шэдэўраў, — адзначыў з задавальненнем Валерый Шмат.

— Ваша музычная праграма аднолькавая ў кожным з гарадоў, дзе праходзіць фестываль, ці мяняецца? — пацікавіўся ў арганіста.

— Напалову стабільная. Аўдыторыя павінна пачуць асноўныя класічныя творы. Падчас канцэрта адчуваю, якую музыку зала больш хоча слухаць: класічную, інструментальную, вакальную. У маім арсенале дзясяткі музычных твораў, і я іх выкарыстоўваю.

Вялікую цікавасць выклікала прэзентацыя калекцый адзення праекта «Роднае моднае» ад беларускіх прадпрыемстваў, дызайнераў і прадпрымальнікаў. Навучэнцы Пінскага дзяржпрамтэхналагічнага каледжа Валянціна Нікончык і Іван Шпігановіч шпацыравалі па вуліцах Століна ў арыгінальных строях. 

— Панавала асаблівая атма­сфера, — задаволена генеральны дырэктар прадзюсарскага цэнтра «Залатыя галасы» Алеся Кузняцова. — Палешукі працалюбівыя: кожны метр зямлі дагледжаны. Спа­дзяваюся, што фестываль спадабаўся.

— Адкрылі для сябе тут новую старонку — тэму Радзівілаў, — дадае мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіслава Арцюкоўская. — Ад магнатаў у Століне застаўся цудоўны парк. 


На выставе-продажы «Беларускія брэнды» можна было набыць арыгінальныя сувеніры. З цікавасцю столінцы аглядалі каля стэнда Міністэрства па надзвычайных сітуацыях гоначны грузавік каманды «МАЗ-СПОРТаўта». Працавала інтэрактыўная зона VOKAGames з камп'ютарнымі гульнямі.

На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы пад бурныя авацыі прайшоў конкурс маладых вакалістаў. Лаўрэаты атрымалі дыпломы і прызы, а надалей змогуць удзельнічаць у майстар-класах вядучых настаўнікаў краіны. Гала-канцэртам з удзелам папулярных артыстаў беларускай эстрады і салютам завяршылася свята ў Століне. 

Канявод столінскага ААТ «Палеская ніва» Марына Ярмоліч выказала пажаданне ладзіць фіналы спаборніцтваў з удзелам алімпійскіх зорак. Федэрацыя коннага спорту магла б правесці заключны этап спаборніцтваў паміж майстрамі. «Вытокі» — магчымасць нараджэння новых талентаў. 

 — Дзякуючы фестывалю райцэнтр стаў больш прывабным, — удзячны начальнік упраўлення культуры Столінскага райвыканкама Васіль Заруба. — «Вытокі» вяртаюць да сваіх каранёў. Настрой ад свята цудоўны. Выступалі і нашы калектывы на чале з вядомым гуртам «Выцінанка». Удзельнікі яго нядаўна вярнуліся з Арабскіх Эміратаў, дзе прадстаўлялі культуру Беларусі на міжнароднай выставе. 

— Якія перспектывы ў фестывалю? — пацікавіўся ў аднаго з арганізатараў, дырэктара ААТ «БелБрэндАўдзіт» Валянціны Дымніч.

— Кожны этап форума абмяркоўваем, вызначаем эканамічныя брэнды рэгіёнаў. Радуе, што фестываль паспяхова зарэкамендаваў сябе. Плануем надалей развіваць яго. Пастаянна абнаўляецца праграма, уключаюцца тэматычныя дапаўненні. Эстафету фестывалю ў Століне прыняў Навагрудак.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter