Августовский канал делает ставку на внутренний туризм: чем порадует гостей этот сезон

Ваш выхад, Аўгустоўскі!

У краіне будуць больш актыўна задзейнічаць патэнцыял рэк і азёр для развіцця турызму. На Гро­дзеншчыне зонай прыцягнення ў апошнія гады з’яўляецца Аўгустоўскі канал. Пасля ўключэння ўнікальнай вод­най артэрыі ў бязвізавую зону на яе берагі накіраваліся тысячы замежнікаў. Аднак пандэмія каронавіруса балюча ўдарыла па ўязным турызме: калі ў 2019-м на канале пабывала больш за 120 000 чалавек з 70 краін свету, то ў мінулым годзе — усяго каля 15 000. Сёлета стаўку зрабілі на ўнутраны турызм. Працягваецца і праца па ўдасканаленні інфраструктуры, арганізацыі падзейных мерапрыемстваў, веласіпеднага руху, стварэнні ўмоў для байдарачнікаў і маламерных суднаў. Чым парадуе турыстычны сезон, які мае быць, на што будзе зроблены ўпор у развіцці рукатворнага помніка?

За мінулы год на цеплаходзе «Нёман» пракацілася ўсяго каля 9000 чалавек.

Судны ў нашай гавані

Нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, і звязаныя з ёй абмежаванні, людзі ўсё роўна прыязджаюць на Аўгустоўскі канал невялікімі групамі і любуюцца прыгажосцю прыроды ў акваторыі воднай жамчужыны.

— За мінулы год на нашым цеплаходзе «Нёман» пракацілася ўсяго каля 9000 чалавек, — пры­водзіць лічбы намеснік гендырэктара па эканоміцы і фінансах АУП «Гроднамеліявадгас» Павел Коханаў. — Для параўнання: за такі ж перыяд 2019 года іх было больш за 20 000. Сёння заказы на экскурсіі фарміруюцца даволі актыўна, таму ёсць надзея сёлета навярстаць упушчанае. Акрамя таго, у маі прыбудзе другое судна, якое было спецыяльна выраблена для нас дзякуючы ўдзелу ў праекце ПРААН. Гэта доўгачаканая падзея, паколькі яно дазволіць катаць па канале невялікія групы турыстаў, да 30 чалавек, у той час як для прагулкі на цеплаходзе патрабуецца сабраць 150 жадаючых. Безумоўна, раней да нас ехалі ў асноўным замежныя турысты, а цяпер мы бачым сваіх грамадзян, якія вандруюць па Беларусі. Летась з-за закрытых межаў вялікім попытам карысталіся альтанкі, навесы, пракат веласіпедаў. З кожным сезонам веларух набірае абароты.

Павел Коханаў.

Ёсць што паказаць

Мястэчка, што знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад канала, — гарадскі пасёлак Сапоцкін. Там у любы час года гатовыя прыняць адпачывальнікаў, правесці экскурсіі і пачаставаць мясцовымі далікатэсамі. Загадчыца мясцовага музея пісанкі Ганна Галубцова заўсёды рада гасцям:

— Увесну пачалі памалу прыязджаць турысты — у асноўным беларусы. Практычна ўсе вялікія групы праходзяць праз мае рукі. Цікавяцца славутасцямі канала і яго ваколіц. Паверце, ёсць што паказаць. У пасёлку захаваліся касцёл XVIII стагоддзя, капліцы-пахавальні Гурскага і Дыяканскай, старадаўнія могілкі, у тым ліку адны з самых старых у краіне яўрэйскіх могілак. Ёсць пахаванне салдат Першай сусветнай вайны, вуліца імя Яна Паўла II, побач — фартыфікацыйныя збудаванні, мноства дотаў. Актыўна займаемся арганізацыяй і правядзеннем масавых мерапрыемстваў, якія спрыяюць захаванню культурнай спадчыны беларускага народа, выхаванню павагі і гонару за сваю малую радзіму.

Людзі прыязджаюць на Аўгустоўскі канал невялікімі групамі і любуюцца прыгажосцю прыроды ў акваторыі воднай жамчужыны.

З мінулага года ў пасёлку пачаў дзейнічаць велапракат, каб турысты затрымліваліся на нейкі час, а не проста ехалі транзітам. Вялікім попытам у тых, хто прыязджае на выхадныя, карыстаюцца аграсядзібы, якіх у гэтай зоне з’яўляецца ўсё больш. У вёсцы Радзівілкі, якая знаходзіцца ўсяго за тры кіламетры ад канала, адноўлена старадаўняя сядзіба. Гасцінныя гаспадары гатовыя прымаць наведвальнікаў.

— Да новага сезона падрых­таваліся якасна і грунтоўна, — працягвае Павел Коханаў. — На шлюзе Дамброўка, самым папулярным з чатырох, на ваду будзе спушчана 25 катамаранаў, некалькі лодак, у пункце пракату можна будзе выбраць любы з 80 веласіпедаў. Адрамантаваны і абноўлены 22 пляцоўкі адпачынку з навесамі і мангаламі. У зімовы перыяд праводзіліся работы па ўмацаванні берагоў, часткова — па замене элементаў саміх шлюзавых камер, шматлікіх месцаў адпачынку.

Акцэнт — на забавы і актыўны адпачынак

23 красавіка мінулага года пастановай Мінтранса № 12 Аўгустоўскі канал уключаны ва ўнутраныя водныя шляхі Беларусі. З гэтага моманту суднаходны шлях з Польшчы і Літвы адкрываецца не толькі па самім канале, але і па Нёмане. Перш за ўсё гэта дазваляе сысці ад статусу мясцовага вадаёма. Можна казаць і аб зняцці многіх юрыдычных момантаў, якія не дазвалялі цалкам раскрыць патэнцыял унікальнага збудавання — і ў плане прыцягнення інвестыцый, і ў плане стварэння інфраструктуры для турыстаў, якія падарожнічаюць на яхтах, катарах або байдарках.

— Падрыхтаваны пакет права­ўстанаўліваючых дакументаў для перадачы 22-кіламетровага ўчастка Аўгустоўскага канала на беларускай тэрыторыі ў дзяржаўную ўласнасць, — кажа Павел Аляксандравіч. — На дадзены мо­мант абслугоўванне гідратэхнічных збудаванняў, іх бягучы рамонт ажыццяўляюцца сіламі дзясятка нашых супра­цоўнікаў, якія пастаянна знаходзяцца на канале. З моманту здачы збудавання ў эксплу­атацыю прайшло 15 гадоў, таму штогод даводзіцца замяняць драўляныя часткі, якія робяцца непрыдатнымі, падсыпаць берагі. Акрамя таго, на балансе лічыцца больш за 270 гектараў зямлі, якія таксама патрабуюць догляду.

Афіцыйны сезон на Аўгустоўскім канале адкрыецца ў бліжэйшыя выхадныя.

Афіцыйны сезон на Аўгустоўскім канале адкрыецца ў бліжэйшыя выхадныя. Акцэнт сёлета зрабілі на забавы і актыўны адпачынак. Усяго сфарміравана некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў выхаднога дня: заплывы на чым папала, балотны футбол, святы з удзелам народных калектываў, яркія спартыўныя спаборніцтвы і многія іншыя.

vrublevskaya@sb.by

Фото БЕЛТА і аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter