У гэтым годзе больш за 25 тысяч юнакоў і дзяўчат па ўсёй краіне пазнаёмяцца з рабочымі прафесіямі. Новы сезон ужо адкрыты: актыўна ідзе запіс у студэнцкія атрады. Ініцыятыўныя маладыя людзі жадаюць папрацаваць на канікулах і зарабіць. Сферы самыя розныя: можна быць важатым у лагеры, удзельнічаць у экалагічнай экспедыцыі, дапамагаць ва ўборцы ўраджаю, рэканструяваць і будаваць дарогі, будынкі і многае іншае. «Р» даведалася, якія напрамкі карыстаюцца найбольшым попытам.
Марыя Венжык, Дзмітрый Бурак і Павел Шайтанаў не плануюць летам сядзець на канапе ля тэлевізара — будуць працаваць!
Студатрады ў краіне адрадзілі ў 2003 годзе. За гэты час паспрабаваць сябе ў розных прафесіях змаглі каля мільёна маладых людзей. У гэтым сезоне акцыя стартавала ў сярэдзіне сакавіка і ўжо набрала вялікія абароты. Вызначыцца з працай на лета можна да пачатку чэрвеня, але з гэтым не марудзяць: канкурэнцыя вялікая — добрыя вакансіі могуць разабраць.
БРСМ дае ўнікальную магчымасць зарабіць грошай і набрацца вопыту. Каб далучыцца да студатрадаў, трэба быць членам БРСМ і запоўніць анкету, у якой пазначыць жаданую сферу дзейнасці. Сярод найбольш папулярных — будаўніцтва, сельская гаспадарка, педагогіка, экалогія і сфера абслугоўвання. Запіс на працу ідзе ў кожнай установе адукацыі. Мы паглядзелі, як ён праходзіць у Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Жадаючых шмат.
— Станоўчыя эмоцыі, перамена месца, новыя сябры. Гэта тое, што мне трэба гэтым летам, — прызнаецца дзяўчына і спяшаецца запоўніць анкету на часовую працу.
— А я іду за практычным вопытам, — далучаецца яе аднакурсніца.
— Ад іншых студэнтаў чула, што ў студатрадах можна добра зарабіць, — становіцца ў чаргу яшчэ адна ініцыятыўная студэнтка.
БРСМ абвясціў 2019-ы Годам студэнцкіх атрадаў.
Апытанне «Р» паказала: сёння моладзь марыць працаваць на буйнейшых будоўлях краіны, у аздараўленчых лагерах і на палях. Зрэшты, у ліку самых высокааплатных — сельскагаспадарчыя атрады. У мінулым годзе ў іх прынялi ўдзел каля 40 працэнтаў моладзі.
— Працаваць рукамі мы не баімся. Наадварот, лічым гэта вельмі прэстыжнай справай, — дзеліцца вопытам Павел Шайтанаў. — На сяле буду заняты ўжо трэці год. За два леты ў студатрадах зарабіў на машыну-іншамарку, ноўтбук, каляровы прынтар, наварочаны тэлефон. І грошы яшчэ засталіся.
Павел працаваў старшым аператарам ачышчальнага комплексу, камбайнерам, у гэтым сезоне хоча паспрабаваць нешта новае — для вопыту. Вялікіх канікул чакае з задавальненнем:
— Папрацуем на свежым паветры, атрымаем прыгожы загар, а пасля змены ў рэчцы будзем купацца. Гэта ж маладосць! Усім раю запісацца, і не толькі дзеля грошай.
Дзмітрый Бурак таксама не плануе сядзець на канапе ля тэлевізара. Мінулым летам працаваў у Докшыцах, што ў Віцебскай вобласці. Засталіся толькі добрыя ўспаміны:
— Вадзіў трактар. У асноўным у прычэпе перавозіў кароў. За раз 8 дарослых або 30 цялят. Праца трохі пыльная, але не вельмі складаная. На адпачынак часу хапала: жылі ў камфартабельнай гасцініцы, кармілі добра. Зарабіў грошай — бацькі ганарацца мной.
Дзіма сёлета таксама адправіцца ў сяло, а вось Карына Белая застанецца ў Мінску. Такое таксама магчыма: работы і ў горадзе хапае. Напрыклад, толькі ЗАТ «Атлант» адкрывае каля 150 вакансій для студэнтаў. Дзяўчына пойдзе туды ўжо другі раз.
— Буду прыкручваць кранштэйны. Гэта нескладана — за пару гадзін можна разабрацца і навучыцца. Працаваць туды іду з сябрамі. У мяне, дарэчы, наогул няма знаёмых, якія ўлетку дома сядзяць, — другакурсніца Карына Белая дзеліцца планамі.
Змена абстаноўкі, бясцэнны вопыт і добры заробак — плюсы, якія маладыя людзі знаходзяць у студатрадах.
Спектр работ вельмі вялікі — кожны можа знайсці занятак па душы. Дарэчы, у гэтым годзе студэнтаў таксама задзейнічаюць на II Еўрапейскіх гульнях у Мінску — сфарміруюць сем сэрвісных атрадаў з 300 чалавек. Навучэнцы каледжаў і ВНУ будуць дапамагаць у арганізацыі харчавання гасцей і ўдзельнікаў спаборніцтваў.
Дарэчы, з кожным годам рух студатрадаў выходзіць на новы ўзровень. Так, у мінулым годзе працавала больш за 26 тысяч чалавек: 24 тысячы з іх — у 1,8 тысячы атрадах, больш за 2 тысячы — індывідуальна. Сэрвісныя, сельскагаспадарчыя і будаўнічыя атрады — самыя папулярныя. Другі сакратар ЦК ГА «БРСМ» Алег Дзікун акцэнтуе ўвагу:
— Моладзь працавала на значных для краіны аб’ектах. Напрыклад, на Беларускай атамнай электрастанцыі. Студэнты рэканструявалі стадыён «Дынама» ў Мінску, рыхтавалі Магілёў да пятага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Александрыю — да рэспубліканскага свята «Александрыя збірае сяброў». Прыкметна памянялі аблічча Салігорска. Аб’екты, на якія моладзь зможа адправіцца ў гэтым сезоне, яшчэ ўзгадняюцца.
Працаваць можна не толькі ў нашай краіне — геаграфія пастаянна пашыраецца. Маладыя людзі ездзяць у Расію: ад Санкт-Пецярбурга да Заходняй Сібіры, у тым ліку ў Сочы, Туапсэ і многія іншыя гарады. Адточваюць прафесійныя навыкі, прывозяць вопыт дадому таксама з Польшчы. У мінулым годзе ўпершыню за гісторыю суверэннай Беларусі сельскагаспадарчыя атрады аднавіліся ў Малдове.
— Узгаданыя напрамкі будуць запатрабаваныя і ў гэтым сезоне. Прычым у Малдове, акрамя працы на вінаградніках, разглядаецца магчымасць арганізацыі будаўнічага і вытворчага атрадаў. Прапрацоўваецца новы напрамак — Калінінград. У нашых студэнтаў ёсць магчымасць паехаць і ў Казахстан. Мяркуем, яны адправяцца нават у Грузію, — анансаваў Алег Дзікун.
У месцы дыслакацый першыя студэнты адправяцца ўжо ў канцы мая. Але большая частка маладых людзей выйдзе на часовую працу пасля заканчэння летняй сесіі ў каледжах і ВНУ.
ypopko@sb.by
Запись в студотряды в самом разгаре: какие вакансии самые востребованные
Вакацыi, поўныя прыгод
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Фото:
Денис МАЛЫШИЦ