Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў свой 105-ы тэатральны сезон ўзгадвае чалавека, які стаяў у вытокаў беларускага тэатральнага мастацтва і быў адным з заснавальнікаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Гэта — Фларыян Паўлавіч Ждановіч, знакаміты культурны дзеяч, акцёр, рэжысёр і перакладчык. Сёння, 28 кастрычніка, адзначаецца 140-годдзе са дня яго нараджэння.
— Фларыян Паўлавіч Ждановіч нарадзіўся ў 1884 годзе ў Мінску ў сям’і служачага. Ён скончыў Мінскае рэальнае вучылішча, да 1902 года навучаўся ў Варшаўскай драматычнай школе. У 1907 годзе вярнуўся ў Мінск і далучыўся да беларускага культурніцкага руху, — нагадвае спецыяліст аддзела развіцця тэатра Дар’я Талалаева. — Улетку 1911 года Фларыян Ждановіч пазнаёміўся з Ігнатам Буйніцкім і яго трупай. Яны пачалі сваю дзейнасць з сямейных выступленняў, хатніх вячорак і паступова сталі сапраўдным прафесійным тэатрам. Удзельнікі трупы Буйніцкага выступалі з беларускімі танцамі, песнямі і вершамі і праз тое набылі вялікую папулярнасць, сталі доўгачаканымі гасцямі ў кожным месцы, якое наведвалі з гастролямі. У тым годзе ў Мінску артысты выступалі ў тэатральнай зале «Парыж», сам Ігнат Буйніцкі прымаў удзел у танцах разам з дачкамі. Там і адбылася лёсавызначальная сустрэча. Натхніўшыся тым, як цёпла паўсямесна прымаюць прадстаўнікоў беларускай культуры, Фларыян Ждановіч вырашыў сабраць сваю трупу аднадумцаў, каб ставіць беларускія спектаклі і ездзіць з імі па свеце. Першай пастаноўкай, якую было запланавана прадставіць гледачам, была «Паўлінка» па аднайменнай п’есе Янкі Купалы.
Флориан Жданович и члены Первого белорусского товарищества драмы и комедии (1917 год)
Кіраўніком таварыства стаў сам Фларыян Ждановіч, але потым ён адправіўся на Першую сусветную вайну, на Заходні фронт. Толькі калі Ждановіч вярнуўся ў Мінск, Першае таварыства беларускай драмы і камедыі аднавіла сваю дзейнасць. Артыстам перадалі будынак Мінскага гарадскога тэатра, і ў 1920 годзе тэатр стаў называцца Беларускім дзяржаўным тэатрам.
У 1922 годзе Фларыян Паўлавіч саступіў месца мастацкага кіраўніка Еўсцігнею Міровічу і пачаў працаваць артыстам Беларускага дзяржаўнага тэатра. Ён іграў амаль ва ўсіх спектаклях свайго сябра, і крытыкі вылучалі яго сярод самых буйных акцёраў таго часу. Рэпертуар тэатра 1920-х паказвае разнастайнасць творцаў сцэны — драматургаў, мастакоў, кампазітараў, але сярод іх вылучаліся два рэжысёры — Фларыян Ждановіч і Еўсцігней Міровіч.
Спадчыну Фларыяна Ждановіча захавала яго дачка Ірына. Бацька вывеў яе на сцэну ў адзінаццацігадовым узросце (спектакль «Раскіданае гняздо»), а ўжо ў чатырнаццаць Ірыну Фларыянаўну прынялі ў трупу. У 1937 годзе ў тэатры ставілі спектакль «Апошнія» па п’есе Максіма Горкага, у якім Ірыне Фларыянаўне далі ролю Верачкі. У 1946 годзе рэжысёр Леў Літвинаў паставіў спектакль «Рамэа і Джульета» з Барысам Платонавым і Ірынай Ждановіч у галоўных ролях. Дарэчы, з выканаўцам ролі Рамэа ў гэтым спектаклі, з вядомым артыстам Барысам Платонавым, Ірына Ждановіч узяла шлюб. Акцёрскія здольнасці актрысы знайшлі свой працяг у яе рэжысёрскай працы: на купалаўскай сцэне яна паставіла спектаклі «Пунсовая кветачка», «Таня» і «Праз дваццаць год». Таксама Ірына Ждановіч была і выбітным педагогам, працавала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце з 1962 па 1969 год. Ірыны Ждановіч не стала ў 1994 годзе.
Ирина Жданович и Борис Платонов в спектакле Ромео и Джульетта (1946 год)
Фото предоставлены Театром имени Янки Купалы.