В Национальном художественном музее открылась выставка старообрядческих икон из Ветки

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава «Іконы Веткі. Спас Нерукатворны. Творы са збору Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава». Гэты праект яшчэ раз пацвярджае шматканфесійнасць жыхароў нашай краіны, а галоўнае верацярплівасць і талерантнасць беларусаў. Аснова гэтых якасцей, якія сталі нацыянальным брэндам нашай краіны, закладвалася стагоддзямі і атрымала развіццё, дзякуючы палітыцы сучаснай беларускай дзяржавы. У экспазіцыі прадстаўлена звыш 40 ікон, металічныя і шытыя бісерам аклады, творы меднага мастацкага ліцця, рукапісныя кнігі, ручнікі. Дадатковыя сэнсы выстаўкі раскрываюць даматканыя палотны, узорыстыя шалі, куфры і іншыя прадметы побыту стараабраднікаў.


Выставачны праект стаў вынікам шматгадовых даследаванняў тэмы «Вобраз Спаса Нерукатворнага ў мастацтве Веткі». Больш за сорак гадоў займальная праца супрацоўнікаў музея суправаджаецца новымі адкрыццямі. Прыгажосць і таямніца Спаса Нерукатворнага — «першага абраза» і «першага партрэта Хрыста» — прыцягвае мастакоў многіх стагоддзяў.

Дырэктар Веткаўскага музея Юрый Катляроў паведаміў, што летась установа адзначыла 45-годдзе.

— Гэта не проста музей, а цэлы навукова-даследчы цэнтр, — удакладніў Юрый Катляроў. — Карпатліва на працягу многіх гадоў вывучаем паўднёвы ўсход Беларусі, а асноўныя напрамкі — стараабрадніцтва і беларускія традыцыі.


Куратар выставы — загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алена Карпенка ўдакладніла, што ў маляўнічым увасабленні святога вобраза закладзена таямніца старажытнага жывапісу:

— Стрыжнем выставачнай прасторы стала выява «Шлях мастака Ананіі», пэндзлю якога належала першая выява Збавіцеля. Гісторыя нерукатворнага вобраза прасочваецца ад яго ўсталявання над брамай горада Эдэсы па распараджэнні вылечанага цара Аўгара да ролі іконы Спаса ў храме. Гледачу раскрываюцца яе візантыйскія карані і абазначаецца канфесійная «пазнака» гэтага сюжэту ў стараабрадніцкіх тлумачэннях.


Алена Карпенка дадала, што на прыкладзе сакральных твораў музея выяўляецца спадчына наўгародскіх і пскоўскіх, яраслаўскіх і маскоўскіх традыцый у веткаўскай школе іканапісу. Па задумцы аўтараў, экспазіцыя адлюстроўвае містыку старажытнага вобраза і яго домабудаўнічую ролю, ідэю зямнога ўвасаблення, «сыходжання раю», аж да шытай «рызы» на абраз, шаўковага шалю і размаляванага куфра сялянскага жылля — прасторы, дзе жыў гэты любімы ў Ветцы святы вобраз.

Выстава будзе працаваць да 27 кастрычніка 2024 года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter