У інтэрнэт-прасторы з’явілася петыцыя: маўляў, каля сядзібнай забудовы Раманавічы знаходзіцца несанкцыянаваная звалка бытавога і будаўнічага смецця, якую ліквідуюць шкодным для навакольнага асяроддзя спосабам — смецце засыпаецца ў выкапаныя ямы разам з зямлёй. І патрабавалі спыніць такую практыку… Пакуль пад петыцыяй 114 подпісаў. У сітуацыі разбіралася карэспандэнт «Р».
Колькасць назапашанага смецця ўражвае.
На сённяшні дзень частка зямель вёскі Раманавічы адведзеная Гомелю для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Звалка разладу знаходзіцца на ўскрайку другой чаргі будаўніцтва, за некалькі дзясяткаў метраў узводзяцца ці ўжо стаяць утульныя домікі з арыгінальнай архітэктурай. На снезе свежыя сляды шын — з раніцы ўжо хтосьці паспеў пад’ехаць.
Мясцовы жыхар Іван успомніў: палігончык тут ужо гадоў дзесяць, раней тэрыторыя была агароджана, усе афіцыйна звозілі туды будаўнічыя адходы. Потым горы прысыпалі зямлёй, і на пэўны час пра зручнае месца ўсе забыліся. А зараз «традыцыю» аднавілі.
Колькасць назапашанага смецця ўражвае. Утрамбаваныя залежы ў вышыню ў некаторых месцах дасягаюць пяці-шасці метраў. Каля нас спыняецца чорны аўтамабіль. 40-гадовы мужчына, які назваўся Уладзімірам, цікавіцца, што мы сюды выкідваем. А калі даведаўся, хто мы, пачынае скардзіцца:
— У мяне тут сваяк пабудаваўся, мы з ім часта бачым, як прывозяць машынамі мяшкі. Вы паглядзіце ўважліва: тое, што ўтрамбаванае, — старая частка звалкі, а вось тут, пад нагамі, навезлі зусім нядаўна.
Уладзімір сцвярджае: смецце на ўскрайку прывезена зусім нядаўна.
Старыя шыны, тратуарная плітка, кавалкі шыферу, цэгла, сайдынг, дошкі — не трэба быць Шэрлакам Холмсам, каб зразумець, што смецця сюды дабаўляюць мясцовыя забудоўшчыкі. Цікава, што ў скаргах на звалку менавіта яны і выступаюць пацярпелым бокам.
Начальнік Гомельскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Голубеў скандалу вакол раманавіцкага сметніка не разумее. Міні-палігон на гэтым месцы існаваў афіцыйна, быў закрыты. Смецце ў зямлю ніхто не закопвае, яго, наадварот, адтуль вывозяць:
— Для змяншэння ўплыву на навакольнае асяроддзе і паляпшэння мікраклімату ў мікрараёне прынята праектнае рашэнне па ліквідацыі палігона. Смецце поўнасцю плануецца вывезці. На сённяшні дзень палова адходаў, а гэта каля 20 тысяч тон, ужо перавезена на палігон «Барба» Веткаўскага раёна. Пры паступленні фінансавання на працягу наступнага года гэты палігон будзе поўнасцю рэкультываваны.
Да пачатку работ прысыпаныя зямлёй горы нікога не бянтэжылі. А калі тэхніка абрэзала частку схілу і смецце стала заўважным, звалку актывісты адразу абвясцілі несанкцыянаванай. Да таго ж мясцовыя жыхары і тыя, хто паспеў даведацца пра гэтае месца, перыядычна падкідваюць туды будаўнічых адходаў. Атрымліваецца дзіўная карціна, не хавае эмоцый Аляксандр Міхайлавіч:
— Мы вывозім — яны дабаўляюць. За імі прыходзіцца прыбіраць, а нехта яшчэ падымае негатыўную хвалю… Гэта мне не зразумела.
Утрамбаваныя залежы смецця ў вышыню ў некаторых кропках дасягаюць пяці-шасці метраў.
Падрадчыку і заказчыку работ накіравалі лісты: трэба абнесці палігон агароджай і спыніць туды доступ. Эколагі ўзялі на больш пільны кантроль гэты ўчастак і плануюць караць нядобрасумленных забудоўшчыкаў. Штрафы вялікія: фізічная асоба атрымае ад 5 да 50 базавых велічынь, юрыдычная — да тысячы, індывідуальны прадпрымальнік — да 200.
Вось і атрымліваецца, што, не разабраўшыся ў сітуацыі, мясцовыя актывісты фактычна пратэстуюць супраць прыродаахоўнага мерапрыемства. А некаторыя забудоўшчыкі яшчэ і дадаюць работы. Цікава, што нават у такой сітуацыі Аляксандр Голубеў станоўчы момант усё-такі знайшоў:
— Добра, што хаця б гэтае смецце мясцовыя не вывозяць у лес…
Вольга ВАЛЬЧАНКА
valchenko@sb.by
Свалку под Гомелем ликвидируют, а местные жители считают, что мусор закапывают в землю
Усё ў адну кучу
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.