«Люблю цябе, Белая Русь», «Азёры дабрыні», «Беларусь мая сінявокая» — словы кожнай песні паэта Уладзіміра КАРЫЗНЫ чапляюць за душу, разам з вобразнасцю яны па-народнаму простыя і зразумелыя, сцелюцца ў радок, як зоркі па небе: «Прыходзяць да самага, самага бору, / Шумлiвага бору / Уволю наслухацца музыкi спеўнай / Азёры». Або: «Тут трэба ля гэтых азёр нарадзіцца / І слухаць гаворку, і бачыць зару, / Каб сэрцам і долей навек прычасціцца / К табе, мая чыстая, Белая Русь!» Апрача ўсяго, Уладзімір Іванавіч — аўтар гімна незалежнай Беларусі, напісанага ў 2002 годзе. І кожны раз, калі чуем ці спяваем гэтыя высокія словы, удзячны менавіта яму. Палюбіў творчасць пясняр з дзяцінства, увабраў хараство роднай вёскі Закружка на Міншчыне і перш за ўсё — мілагучнасць беларускай песні.
– Творчасць мая бярэ пачатак з народнай песні, якую ведалі і запісвалі, любілі і спявалі бацькі. Чуў яе з дзяцінства, яна аснова ўсёй паэзіі, бо народ умее выразіць думку ёміста і здорава, лагічна і зразумела, разам з тым — вобразна. Чаго не скажаш пра некаторую аўтарскую творчасць: гучыць прыгожа, а распляцеш метафару — нічога не застаецца. Хадзіў у Крупіцкую школу, адкуль паходзіць ансамбль «Крупіцкія музыкі». Песня праганяла стому, уздымала дух, ратавала прыгожым зместам. Бацькі і аднавяскоўцы, калі прыходзілася цяжка, гуртам збіраліся і спявалі. Адпачнуць — і зноў у калгас дзяржаву карміць, — раскрывае крыніцу натхнення Уладзімір Карызна.
Сталенне будучага паэта і кампазітара прыпала на нялёгкую пару, быў трохгадовым дзіцём, калі пачалася Вялікая Айчынная. Сям’я з чатырма малымі ўцякла з-пад самага носа фашыстаў, некалькі гадоў жыла ў лесе, тата партызаніў. Але асноўнае паражэнне чакала Карызнаў, калі Мінск быў вызвалены — летам 1944-га.
— Вярталіся ў сваю вёску. Бачым — хаты гараць. «І твая, Ніна, хата гарыць», — ашаламіла нас па дарозе суседка. Адступаючы, немцы здзекваліся з мірных людзей, спалілі вёску. Стралялі ў саламяныя стрэхі, якія ад гарачыні і куль палалі. Прыйшлося адбудоўвацца зноў і суседзям дапамагаць: тата быў каваль, сталяр, на ўсе рукі майстар, — успамінае Уладзімір Іванавіч.
І менавіта бацька стаў ініцыятарам, каб чацвёра дзяцей вучыліся. Тым больш цікаўныя і здольныя. Уладзімір Карызна ўжо ў пятым класе прыдумваў мелодыі на лірычныя вершы розных аўтараў, а крыху пазней і сам стаў пісаць словы:
— Успамінаю і дзіўлюся з сябе малога, такога смелага. Уздымаюся на сцэну і дэкламую: «Музыка і словы Уладзіміра Карызны, спявае Уладзімір Карызна». Вось так ішоў ад народнай песні. Паступіўшы ў БДУ, спяваў у студэнцкім хоры, і народны артыст Уладзімір Алоўнікаў параіў мне кідаць філфак і вучыцца на кампазітара ў кансерваторыі. Яўген Глебаў, які пазней стаў народным артыстам СССР, дарэчы, так і зрабіў, але я меў побач з музыкай вялікую цягу да слова, зачытваўся беларускай і рускай класікай, таму вырашыў так: жанюся, народзіцца сын — адпраўлю на кампазітара.
Як ні дзіўна, але пясняр быццам напрарочыў. У народзе ў такіх выпадках кажуць: як у ваду глядзеў. Сапраўды, сын, якога таксама завуць Уладзімір, стаў прафесійным кампазітарам, скончыў музычную школу, кансерваторыю (дарэчы, у Яўгена Глебава) і піша яркія песні, у тым ліку на бацькавы словы. Рэдактары часам толькі так і размяжоўваюць: старэйшы і малодшы Карызны. Між тым у Карызны-старэйшага, студэнта-філфакаўца, які звязаў сябе са словам, жыццё ішло сваёй чаргой: у 1956 годзе ў друку з’явіўся першы верш, які і стаў адлікам сталай творчасці:
Калі к нам восень завітае,
Прайшоўшы нівы і лугі,
З дрэў лісце жоўтае зрывае
І сцеле золатам шляхі.
Зірнеш навокал — і пабачыш:
За рукі ўзяўшыся, кляны
Слязьмі расы краплістай плачуць,
Што без лістоў ужо яны.
Чым не песня? Але найперш хацелася вывучыць ноты і фіксаваць прыдуманыя мелодыі на інструментах. На першым курсе будучы пясняр паехаў працаваць на цаліну і за першыя ўласныя грошы купіў сабе штаны і акардэон. Хутка яго асвоіў, а разам з тым і ноты.
Не пералічыць грунтоўных кніжак, выдадзеных у буйных беларускіх выдавецтвах і вялікімі тыражамі. Многія з іх — дзіцячыя. Не ўспомню дзе, але чытала, што добры паэт адрозніваецца ад іншых людзей тым, што ўмее, сталеючы, захоўваць у сабе дзіцяці. Шчыра радавацца і здзіўляцца, верыць у немагчымае і марыць. Несумненна, Уладзімір Карызна менавіта такі: нягледзячы на вялікія заслугі перад Айчынай, непасрэдны ў размове, а шчырасць пацвярджаюць простыя і геніяльныя радкі. З лёгкасцю прысвячае творы дзецям: спачатку рос сын, а пасля — унукі. І гэта натхняла.
— Цяпер ганаруся імі. Сын стаў кампазітарам і пайшоў той сцяжынкай, якую калісьці не праклаў я. Унукі таксама музыканты: Насця — скрыпачка, працуе ў жанры класічнай музыкі, а Іван — віяланчаліст, лаўрэат Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага. След на зямлі, яркі і трывалы, — вось галоўнае, што павінны пакінуць пасля сябе людзі. След гэты можа быць у творчасці, дакладных навуках, любой сферы — толькі абавязкова ў ёй быць майстрам.
Які след пакінуць пасля сябе правакатары спакойнага жыцця ў Беларусі — не выпадае нават разважаць. Ясна адно: хочуць ваяваць — хай самі з сабой ваююць. Наша краіна мірная, ніколі не ўсчынала войнаў, але заўсёды ўмела за сябе пастаяць, ганарыцца продкамі Уладзімір Карызна:
— У мяне ўжо скралі адну Радзіму — Савецкі Саюз, які выйграў Вялікую Айчынную, аднавіўся пасля спапялення і руін. Памятаю пераможнае лікаванне ў 1945-м, узаемадапамогу, людское братэрства. А маці-Беларусь больш за ўсё вынесла пакут, загінуў кожны трэці суайчыннік. Нават Гітлер не змог разбурыць Савецкі Саюз, між тым вялікая краіна распалася. У мяне верш пра гэта ёсць «Укралі Радзіму». А цяпер, калі незалежная наша Беларусь устала на ногі, развіла эканоміку, сябруе з іншымі рэспублікамі, заходнія сілы спрабуюць усё разбурыць. Не ўдасца! Не перашкаджайце нам працаваць, думаць, будаваць. У нас усё для гэтага ёсць: таленавітыя людзі, ураджайная зямля, лясы, рэкі, азёры. Мы хораша жывём, няма дэфіцыту і былой даўжэзнай чаргі ў магазінах, амаль у кожнага аўтамабіль. Нікога не крыўдзім, а спрадвеку блізкім славянскім рэспублікам сам лёс наканаваў звацца адной сям’ёй.
Уладзімір Карызна многа песень прысвяціў роднай Беларусі, і нават гімн, які стаў сімвалам суверэннай краіны, гучыць на ўсіх значных урачыстасцях, міжнароднай спартыўнай арэне. І спявае яго ўвесь народ. Пясняр не адразу адважыўся ўдзельнічаць у конкурсе на напісанне новага тэксту, баяўся брацца: а раптам не атрымаецца? Але на чарговую з прапаноў ад Саюза пісьменнікаў не адмовіўся і вырашыў паспрабаваць. Так у 2002 годзе з’явіўся новы асучаснены тэкст беларускага гімна.
— Знаёмую мелодыю Нестара Сакалоўскага пакінуў, бо хоць краіна памянялася — музыка вечная. Першым правілам напісання была шчырасць і любоў да зямлі. Кожны раз, калі чую гімн, узнікае трымценне. Пра Беларусь у мяне мноства вершаў, каля паўсотні пакладзена на музыку Ігара Лучанка, Эдуарда Ханка, Юрыя Семянякі, а выконваюць Тамара Раеўская, Валянціна Пархоменка, Наталля Гайда, ансамблі «Песняры», «Сябры», «Верасы», — пералічае Уладзімір Карызна.
Між тым у творчым багажы паэта дзясяткі песень, да якіх напісаў музыку сам. Гэта «Гады маладыя», «Вішанька», «Ты скажы, мая бяроза», «Песня пра Браслаў». Дарэчы, менавіта на Браслаўшчыне Уладзімір Іванавіч з жонкай праводзяць лета. Тут у маладосці выкладаў беларускую і рускую мову ў Опсаўскай школе, гуртаваў вакол сябе літаратараў пры райгазеце. Далей кар’ера пайшла ўгору ў сталіцы: загадваў аддзеламі рэспубліканскага радыё, літаратурных часопісаў, выдавецтва, але заўсёды на першым месцы ў жыцці была творчасць песенная і паэтычная, таму што будзённая праца прыходзіць і сыходзіць, а творы застаюцца навечна. Кіруючыся гэтым, Уладзімір Іванавіч зарабіў не толькі павагу сярод калег па пяры і ўсіх беларусаў, але напоўніў нацыянальную скарбніцу лірычнымі песнямі і вершамі, якія нікога не пакідаюць раўнадушным.
basikirskaya@sb.by
Фото БЕЛТА