Выраз пра ўдовін грош паходзіць з Евангелля. У аповедзе пра складанне ахвяраванняў у скарбніцу Іерусалімскага храма Хрыстос супрацьпастаўляе шчодрыя ўнёскі багатых, якія ахвяравалі ад лішку, сціпламу прынашэнню беднай удавы, якая ахвяравала ўсё, што яна мела, — дзве лепты (дробныя разменныя манеты).
Не беднасць удавы зрабіла яе дар важным для Хрыста. Для яго важным быў той факт, што яна, адзіная сярод усіх удзельнікаў, якія стаялі ў чарзе, каб даць свае ахвяраванні, аддала ўсё. Удава была адзінай, хто прынёс у ахвяру Богу ўсё, што меў, — дзве лепты. Гэтыя дзве амаль нічога не вартыя манеты ўяўлялі яе апошнюю кропку бяспекі, яе крохкую зямную нітку надзеі на будучыню. Маючы глыбокае жаданне быць паслухмянай слугой Богу, удава аддала ў ахвяру ўсё, што мела, — нават сваю будучыню. Іншымі словамі, яна цалкам аддала сябе ў рукі Бога з упэўненасцю, што Ён дасць ёй неабходную падтрымку.
Мы запрошаны прыняць Хрыстовыя крытэрыі ацэнкі людзей. Мы часта ацэньваем людзей па тым, што яны маюць. Мы надаём вагу іх матэрыяльнаму дастатку, становішчу ў грамадстве, іх адукацыі або папулярнасці. Але Хрыстос ацэньвае нас зусім па-іншаму — на аснове нашых унутраных матываў і намераў, схаваных за нашымі дзеяннямі. Ён ацэньвае нас на аснове ахвяр, якія мы робім дзеля іншых, і на падставе ступені нашага аддання святой волі Бога. Ахвяра, якую Бог чакае ад нас, — гэта нашы сэрцы і жыццё. Складаней за ўсё даць сябе ў любові і клопаце, бо гэты падарунак каштуе нам больш, чым пацягнуцца да кашалька.
Парадокс нашага часу ў гісторыі заключаецца ў тым, што мы трацім больш, але маем менш, мы купляем больш, але атрымліваем менш задавальнення. У нас большыя дамы і меншыя сем’і, больш выгод, але менш часу, больш лекаў, але менш здароўя. Мы занадта мала чытаем, занадта шмат глядзім тэлевізар і знаходзімся ў інтэрнэце, ды занадта рэдка молімся. Мы памножылі сваю маёмасць, але зменшылі нашы каштоўнасці. Цяпер часы большых дамоў і кватэр, але і больш разбураных сем’яў. Мы навучыліся зарабляць на жыццё, але не жыць, мы дадалі гады да жыцця, а не жыццё да гадоў, мы ачысцілі паветра, але забрудзілі душу…
Ці можам мы, як бедная евангельская ўдава, знайсці ў сабе смеласць падзяліцца багаццем, часам і талентамі, якімі валодаем? Ці можам мы перастаць марнаваць нашы запасы любові, бескарыслівасці, ахвярнасці і спачування і адважыцца выліць усё сваё сэрца, усю сваю істоту, усё сваё жыццё ў скарбонку гэтага свету, якому так не хапае любові?
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ