У золаце “Лунінскай восені”

Упершыню на Брэстчыне прайшоў творчы конкурс сярод літаратараў на прэмію імя пісьменніка, педагога і грамадскага дзеячаУладзіміра КалеснікаБрэстчына — багатая на літаратурныя постаці зямля. Іх зоркі свецяць Беларусі, праслаўляюць нашу Бацькаўшчыну і за яе межамі, пакідаючы нашчадкам невымерны здабытак сваёй працы. Каб спатоліць смагу да сапраўднай паэзіі, прычасціцца да пісьменніцкага таленту, захапіцца непаўторнасцю палескай прыроды, вось ужо чацвёрты год запар літаратары вобласці і ўсе, хто апантаны прыгажосцю роднага слова, з'язджаюцца ў вёску Лунін, што ля Лунінца, на паэтычнае свята “Лунінская восень”, якое ўжо ператварылася ў добрую традыцыю. Сёлета мерапрыемства набыло абласны размах. Яго цэнтрам стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Уладзіміра Калесніка, зацверджанай старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Канстанцінам Сумарам.

І вопыт, і маладосць
— Амаль паўгода назад абласны выканаўчы камітэт вырашыў заснаваць літаратурную прэмію імя Уладзіміра Калесніка. І гэта невыпадкова, — адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык. — Жыццё і творчасць Уладзіміра Андрэевіча з’яўляюцца яркім прыкладам творцы, які ўвесь свой талент аддаў Айчыне. Яго імя стаіць побач з такімі імёнамі, як Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль. Спадзяюся, што творчасць літаратараў Брэстчыны будзе вартая знакамітага папярэдніка.
Прэтэндэнтаў на званне пераможцы было шмат. Лепшых вызначалі па трох намінацыях — у галіне прозы, паэзіі і дзіцячай літаратуры. Першай за ўзнагародай на сцэну ўзышла дачка лаўрэата прэміі ў намінацыі “Проза” Мікалая Купрэева — Святлана. Сам творца, на жаль, пайшоў з жыцця, не дачакаўшыся выдання кнігі “Палеская элегія”.
У намінацыі “Паэзія” за кнігу перакладаў вершаў берасцейскіх паэтаў з беларускай на рускую мову лепшым быў прызнаны пінчанін Валерый Грышкавец.
У намінацыі “Дзіцячая літаратура” першым стаў Валерый Гапееў за кнігу “Пастка на рыцара”.
— Уручэнне імянной прэміі — гэта не толькі спосаб падтрымаць творцаў матэрыяльна, — адзначыў Леанід Цупрык. — Вельмі значным у правядзенні літаратурнага свята з’яўляецца клопат аб духоўным стане грамадства, адказнасць за які ляжыць і на нашых пісьменніках. Гэта яны, карпеючы кожны дзень над пісьмовым сталом, робяць свой унёсак у нашу спадчыну. Каб ахапіць каштоўнасць іх працы, немагчыма падабраць адзінкі вымярэння.
Першыя сцяжынкі
Не пакідаюць без увагі на Брэстчыне і юных літаратараў. Гэта яшчэ раз падцвердзіў конкурс сярод дзяцей і моладзі “Купала і Колас у духоўным жыцці Беларусі”. У ім прынялі ўдзел амаль трыста школьнікаў і студэнтаў вобласці.
Дыпламантамі творчага спаборніцтва сталі навучэнкі Брэсцкага агульнаадукацыйнага ліцэя імя Машэрава Марыля Тройніч і Станіслава Умец, Узорны тэатр паэзіі і прозы “Крынічка” Цэнтра дзіцячай творчасці г.Іванава, навучэнец Лунінецкага агульнаадукацыйнага ліцэя Уладзіслаў Самусевіч, вучаніца брэсцкай СШ № 37 Юлія Боўт, навучэнка пінскай гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Алеся Прыходзька. Найбольш цікавымі і неардынарнымі работамі пераможцаў прафесійнае журы конкурсу адзначыла працы вучаніц брэсцкай школы СШ № 10 Кацярыны Міхеевай “Хімія ў творчасці Якуба Коласа”, якая ўзяла ключавое слова “вада” і паказала, як яно ўвасабляецца ў творчай спадчыне пісьменніка, а таксама Ксеніі Цімафеевай “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць”, якая абрала цікавую форму работы — літаратурна-гістарычны экскурс. Сапраўднымі “разыначкамі” конкурсу сталі працы вучаніцы брэсцкай СШ № 10 Таццяны Качановіч, вучаніц лунінецкай СШ № 2 Яны Канапацкай і Кацярыны Хілюк, якія звярнуліся пры стварэнні сваіх прац да краязнаўчага матэрыялу, публікацый перыядычнага друку Лунінеччыны і даследавалі творчасць Якуба Коласа ў 1911—1912 гады, калі ён жыў на Лунінеччыне і Піншчыне, а таксама ў 1947 годзе, калі пісьменнік прыязджаў сюды.
Вучаніца брэсцкай СШ № 33 Алена Дэбіш акрамя Дыплома лаўрэата конкурсу атрымала і спецыяльны прыз “Народнай газеты”. Дзяўчынка пачала пісаць вершы ў пяцігадовым ўзросце. Як прызнаецца зараз, свае першыя рыфмаваныя радкі не памятае, бо мама, на жаль, не запісала адразу. “Думала, што гэта я так, забаўляюся”, — гаворыць Алена. Але сёння яна нават і падлічыць не можа, колькі ў яе ўсяго вершаў. Кажа, што тры папкі. Часта друкуецца ў абласных і рэспубліканскіх выданнях. Мае ў дзённіку адны “дзевяткі” і “дзесяткі”, але апошнім часам, калі вядзе працу адразу над дзвюма аповесцямі ў стылі фэнтэзі, паспела схапіць некалькі “васьмёрак” па фізіцы.
Арганізатары конкурсу “Купала і Колас у духоўным жыцці Беларусі” дацэнт кафедры беларускага літаратуразнаўства Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя А.С.Пушкіна Ніна Борсук і загадчык кафедры методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры Уладзімір Сенькавец атрымалі Спецыяльны прыз “Народнай газеты” з рук галоўнага рэдактара Уладзіміра Андрыевіча.
“Лунінская восень” адшумела, але пакінула аб сабе цёплы ўспамін і наказ намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леаніда Цупрыка: “Шануйце тое, што створана старэйшым пакаленнем на карысць нашай Бацькаўшчыны. Бярыце з іх прыклад ахвярнага служэння роднаму краю, зберагайце любоў і пашану да роднай зямлі”.
І няхай у будучыні не ўсе лаўрэаты стануць вядомымі пісьменнікамі, але верыцца, што абавязкова стануць чулымі людзьмі. 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter