Узаемадзеянне навукі і прамысловых прадпрыемстваў у апошнія гады значна ўмацавалася шмат у чым дзякуючы таму, што сучасная навука нацэлена не толькі на фундаментальныя, але і на прыкладныя даследаванні, гэта значыць на атрыманне закончанага выніку распрацоўкі і яе ўкараненне. Напярэдадні Дня хіміка навукоўцы Акадэміі навук расказалі пра свае галоўныя дасягненні ў гэтым кірунку.
Сучасная навука нацэлена не толькі на фундаментальныя, але і на прыкладныя даследаванні.
Аддзяленне хіміі і навук аб Зямлі — гэта магутная навукова-вытворчая карпарацыя, якая займаецца не толькі фундаментальнымі даследаваннямі сусветнага ўзроўню, але і камерцыйнай працай, выпускаючы гатовую прадукцыю. Акадэмік-сакратар аддзялення Сяргей Усанаў выказаў упэўненасць, што сёння хімія — лідзіруючая галіна ведаў:
— Хімія пераходзіць на малекулярны ўзровень. Яна займаецца найважнейшымі пытаннямі, у тым ліку секвеніравання геному чалавека і стварэння сучасных лекавых прэпаратаў. У нас працуе шэсць розных арганізацый, дзве структуры — камерцыйныя. Адна з іх займаецца выпускам дыягнастычнай прадукцыі, другая працуе ў галіне стварэння цвёрдых лекавых форм.
Вучоныя Акадэміі навук трымаюць руку на пульсе. Яны распрацавалі хуткія тэст-сістэмы для вызначэння імунаглабулінаў G і M — індыкатараў інфіцыравання кавідам. У Інстытуце агульнай неарганічнай хіміі створаны новыя тыпы сарбентаў для выдалення іонаў цяжкіх металаў, якія вельмі таксічныя для чалавека. Гэта важнае адкрыццё прымянімае для розных галін прамысловасці — хімічнай, харчовай, біятэхналагічнай... На хвалі ўсеагульнай адмовы ад пластыку ў гэтым жа інстытуце была распрацавана ўпаковачная папера, якая валодае неабходнымі ахоўнымі ўласцівасцямі і пры гэтым лёгка ўтылізуецца.
Нароўні з сур’ёзнымі прыкладнымі задачамі распрацоўваюцца сучасныя падыходы да вырашэння іншых важных пытанняў.
Важныя адкрыцці былі зроблены ў Інстытуце біяарганічнай хіміі. Там распрацавалі тэхналогію атрымання рэкамбінантных бялкоў чалавека, устанавілі іх прасторавую структуру. Гэтыя вынікі можна выкарыстоўваць пры распрацоўцы прэпаратаў для лячэння раку і захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы. Упершыню ў свеце распрацавана камп’ютарызаваная тэхналогія сінтэзу штучных генаў. Сяргей Усанаў — пра тое, чаму геномным тэхналогіям надаецца асаблівая ўвага:
— Часта гены даюць збой, што прыводзіць да розных спадчынных захворванняў. Нашы вучоныя распрацавалі ўнікальную тэхналогію. Цягам дня яны могуць ажыццявіць сінтэз практычна любога гена. У перспектыве гэта дазволіць лячыць спадчынныя захворванні шляхам замены гена, які працуе няправільна, на карэктны.
Дырэктар Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Аляксандр Більдзюкевіч — пра тое, чаму яго інстытут робіць стаўку на малатанажную хімію, гэта значыць на вытворчасць навукаёмістых прадуктаў у невялікіх аб’ёмах:
— Перавага ў тым, што малатанажныя прадукты, як правіла, валодаюць высокім рыначным коштам і маюць высокую долю інтэлектуальнай працы. Гэта значыць нешта накшталт хімічнага парку высокіх тэхналогій. Гэта гнуткія вытворчасці, якія могуць аператыўна рэагаваць на змяненне рынку.
Кажучы аб развіцці такога напрамку, як мікратанажная хімія, Аляксандр Більдзюкевіч адзначыў, што ў гэтай галіне распрацоўкі інстытута датычацца спецыфічных рэагентаў, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці ПЛР-тэстаў і лекавых сродкаў з магчымасцю адраснай дастаўкі рэчыва. Гаворка ідзе пра мікраграмы! Гэтага дастаткова, каб забяспечыць патрэбнасць цэлай краіны ў такіх рэагентах.
У працяг размовы аб малатанажнай хіміі загадчык аддзела фізіка-хіміі танкаплёначных матэрыялаў Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Уладзімір Агабекаў дадаў, што многія даследаванні і распрацоўкі вядуцца па заказе прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу краіны:
— Некалькі гадоў таму паспяхова завяршыліся сумесныя даследаванні вучоных і вытворцаў па паляпшэнні ўласцівасцей валакна арселон (выкарыстоўваецца ў тым ліку для пашыву адзення ратавальнікаў. — Заўв. рэд.). Па нашай распрацоўцы ў ААТ «СветлагорскХімвалакно» пабудавана вопытна-прамысловая ўстаноўка. Ужо выраблена 61 тона гэтага браміраванага валакна.
Уладзімір Агабекаў прадэманстраваў журналістам яшчэ некалькі цікавых распрацовак, у тым ліку ахоўныя маскі для твару. Гэта вынік працы вучоных па наданні павышаных біяцыдных характарыстык нятканым матэрыялам.
Напрыканцы слова ўзяла дырэктар Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Святлана Бабіцкая:
— У нашым інстытуце функцыянуе 14 лабараторый і НПЦ «ХімФармСінтэз», які займаецца выпускам субстанцый і гатовых лекавых форм проціпухлінных прэпаратаў, што патрабуюцца ў невялікай колькасці і з’яўляюцца вельмі дарагімі. Яшчэ гадоў дзесяць таму ўсе гэтыя сродкі былі імпартнай вытворчасці. Сёння мы цалкам закрываем патрэбнасць краіны ў тых прэпаратах, якія выпускаем. Гэта дазволіла сэканоміць значныя сродкі.
gorbatenko@sb.by