Каля сталічнай ратушы цяпер чакае медны “Экіпаж”, а ля будынка,
дзе месціцца камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва, што на плошчы
Незалежнасці, стаіць бронзавы “Дойлід”. Такі своеасаблівы падарунак
да 940-годдзя Мінска зрабіў скульптар Уладзімір Жбанаў.
Дарэчы, усталяванне фігуры “Дойліда” — знакавая падзея і ў творчасці самога майстра. Гэта дзесятая па ліку работа Уладзіміра Жбанава, якая знайшла сваё належнае месца ў сталічным пейзажы. У цэнтры кампазіцыі — барадаты архітэктар у тозе са скруткам чарцяжоў у руцэ. Ён стаіць над горадам і правай рукой нібы варожыць над будынкамі, якія сімвалізуюць архітэктуру Мінска розных эпох. А перад дойлідам — мініяцюрныя копіі брамы старажытнага драўлянага замка XII стагоддзя, касцёла бернардзінак XVII стагоддзя і будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.
— У гэтай рабоце я хацеў адлюстраваць ролю архітэктуры ў мастацтве і ў жыцці людзей, а таксама прадставіць асобу архітэктара, менавіта таго, хто стварае “вечныя” помнікі, — раскрыў задуму кампазіцыі Уладзімір Жбанаў.
Другім падарункам Мінску ад скульптара стаў медны экіпаж ХІХ стагоддзя — свайго роду асабісты аўтамабіль граданачальніка.
— Хацелася ажывіць ратушную плошчу, — дзеліцца думкамі Уладзімір Іванавіч. — Сутнасць работы ў тым, што, пакуль каляска стаіць пустая, можна пафантазіраваць, уявіць сабе, напрыклад, што губернатар знаходзіцца ў ратушы. А кожны жадаючы можа заняць яго месца і сфатаграфавацца на памяць.
Дарэчы, ужо сёння сюды ідуць маладажоны. Магчыма, хутка з’явяцца і свае прыкметы. Напрыклад, пасядзіш у экіпажы — жыццёвая дарога будзе доўгай, а сама карэта пры гэтым будзе ўспрымацца як карэта шчасця.
Кацярына Немагай
У гарадскім пейзажы з’явіліся новыя рысы
Каля сталічнай ратушы цяпер чакае медны “Экіпаж”, а ля будынка, дзе месціцца камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва, што на плошчы Незалежнасці, стаіць бронзавы “Дойлід”. Такі своеасаблівы падарунак да 940-годдзя Мінска зрабіў скульптар Уладзімір Жбанаў.