Чым здзіўляў гасцей фестываль нацыянальных культур
Цікава, весела і смачна
Ад разнастайнасці прадстаўленых народных касцюмаў, кулінарных шэдэўраў, каларытных сувеніраў разбягаліся вочы. Не паспеў паспрабаваць татарскага кыстыбая, як палякі ўжо падносілі галушкі і бігас, а грузіны прапаноўвалі хачапуры і чурчхелу. Толькі танцаваў армянскі качары, а ногі ўжо самі вялі ў палымяны лацінаамерыканскі танец. Выйшаў з казахскай юрты, а азербайджанцы ўжо гасцінна клікалі ў сваё нацыянальнае жытло. Каб змяніць краіну ці кантынент, дастаткова было зрабіць некалькі крокаў.
Нацыянальныя падворкі, якіх сёлета было 19, — бясспрэчная асаблівасць фестывалю, але не адзіная. З кожным годам свята здзіўляе гасцей свежым фарматам, цікавымі флэшмобамі, новымі аб’ектамі. Сёлета, да прыкладу, горад узбагаціўся помнікам легендарнаму палкаводцу князю Давыду Гарадзенскаму, назіральнай пляцоўкай на высокім беразе Нёмана, з якой адкрываецца выдатны від на асноўныя гарадскія славутасці, і культурна-выставачным цэнтрам “Фестывальны” — цяпер акунуцца ў атмасферу свята можна будзе незалежна ад часу візіту. Яскравым падарункам гораду стала механічная дыярама, дзе 12 фігурак-лялек у нацыянальных касцюмах пад музыку кружацца ў танцы. Шматлікія госці сышліся на думцы, што гэтыя “жывыя скульптуры” выдатна ўпісаліся ў еўрапейскі фармат Гродна.
Упершыню фестываль змяніў лакацыю і на трэці дзень пераехаў на Аўгустоўскі канал. Тут бавіліся гульнямі народаў свету, частаваліся каларытнымі стравамі, вудзілі рыбу і ўвогуле добра праводзілі час. Атрымаўся цёплы сяброўскі пікнік рэспубліканскага маштабу, і няважна, што ў кагосьці іншы колер скуры або іншае веравызнанне. У нашай краіне пражываюць прадстаўнікі звыш 140 нацыянальнасцей і ўсе знаходзяць агульную мову. Мы не шукаем адрозненні, але радуемся, што можам дзяліцца сваімі традыцыямі і дзякуючы гэтаму ўзбагачаць сваю культуру.
— Гэты фестываль найлепшым чынам падкрэслівае гатоўнасць беларусаў жыць у міры і згодзе, паказвае, як важна шанаваць свае карані, любіць сваю зямлю, з павагай і ўвагай ставіцца адзін да аднаго, да звычаяў і традыцый іншых народаў, — упэўнены міністр культуры Юрый Бондар.
mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.