Школьнiкi з розных навучальных устаноў Мiнска i Мiнскага раёна сабралiся ў Дзяржаўным лiтаратурна-мемарыяльным музеi Якуба Коласа на фестывалi дзiцячай кнiгi «Гуляй, зiма, твая часiна!». Атрымалася сапраўднае свята з iнтэрактыўнымi пляцоўкамi, тэматычнымi майстар-класамi, фотазонамi, гульнямi, паказам мультфiльмаў. Але галоўная адметнасць, што юныя госцi сустрэлiся з беларускiмi пiсьменнiкамi, задалi iм пытаннi, атрымалi аўтографы. Зараз дома i ў школе будуць зацiкаўлена чытаць новыя кнiгi. Фестываль, якi, дарэчы, у Коласаўскiм музеi праходзiць сёмы раз, прысвечаны 125‑годдзю з дня нараджэння народнага пiсьменнiка Беларусi Мiхася Лынькова.
— Гэта рэалiстычны твор, напiсаны на аўтабiяграфiчным матэрыяле, — расказалi арганiзатары фестывалю. — Вытрымаў дзясяткi перавыданняў i перакладзены на шмат моў свету. Дзеянне разгортваецца ў 1916 годзе, але i сёння аповесць выклiкае цiкавасць у чытача, бо глыбока псiхалагiчная, перадае гiсторыю народа, нясе павучальны момант, што добрыя справы нiколi не прападаюць марна.
Беларускi хлопчык Мiколка па мянушцы Паравоз, сын паравознага машынiста, на працягу аповесцi сталее, становiцца больш свядомым i здольным на гераiчныя ўчынкi. Напрыклад, ён замянiў параненага бацьку i сам павёў браняпоезд з чырвонаармейцамi.
Мiхась Лынькоў.
Пазнаёмiлiся госцi фестывалю i з некаторымi фактамi з бiяграфii Якуба Коласа, яго кнiгай «Мiхасёвы прыгоды», прысвечанай малодшаму сыну пiсьменнiка Мiхасю Мiцкевiчу. Да 1939 года Беларусь была падзелена на дзве часткi, i радзiма Якуба Коласа — Стаўбцоўскi край — апынулася за межамi Савецкага Саюза i БССР, удакладнiў дзецям старшыня Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Алесь Карлюкевiч:
— Таму ў 1934 годзе народны пясняр выбраў сабе лецiшча ў Пухавiцкiм раёне ў вёсцы Талька. Падзеi паэмы «Мiхасёвы прыгоды» якраз там i адбывалiся. Мiхась — зусiм юны хлопчык, яму не было i 10 гадоў, вудзiў рыбу, хадзiў у грыбы, многа гуляў. У творы апiсваюцца розныя хiтрасцi яго канiкулярнага жыцця. Якуб Колас жыў у розных пухавiцкiх вёсках — у музеi шмат сведчанняў пра хутары Вусце i Загiбельку, вёску Падбярэжжа, а таксама пра Беразянку, якую ў час Вялiкай Айчыннай вайны ў 1943 годзе спалiлi нямецка-фашысцкiя захопнiкi. Класiк напiсаў некалькi твораў, прысвечаных гэтай трагедыi.
Расказаў Алесь Карлюкевiч гасцям фестывалю i пра аднаго з галоўных герояў уласных дзiцячых кнiг Шубуршуна. Апiсанне прыгод перакладзена на некалькi моў i выдадзена ва Узбекiстане, Казахстане, Таджыкiстане, Азербайджане. Дзецi ахарактарызавалi гэтага героя трапнымi эпiтэтамi — гучны, непаседлiвы, смелы, знаходлiвы. Гэта iстота, клякса, кнопка з поўсцю i паводзiнамi, блiзкiмi да паводзiн чалавека. Дарэчы, Шубуршун свае многiя прыгоды прыдумвае сам.
— Ён жыў у школьным дзённiку, сябраваў з вучанiцай, якую завуць Веранiка, але яму не спадабалася, як яна ставiцца да вучобы, — расказаў маленькiм чытачам Алесь Карлюкевiч.
— Шубуршун раззлаваўся i ўцёк з дому. Так пачалiся яго прыгоды, звязаныя з рэкамi, лясамi, рознымi падарожжамi i краiнамi. У новай частцы, якая плануецца да выдання, герой трапiў у далёкаазiяцкую краiну, дзе спрабуе ачысцiць цэлую раку ад велiзарнай колькасцi пластмасы.— Ого! — здзiвiлася малеча. — I што, у яго атрымаецца?
Выйдзе навiнка — абавязкова даведаемся пра плён намаганняў непаседлiвага героя. Пакуль гэта сакрэт, але думаецца, што ўсё будзе ў парадку. З новымi прыгодамi Шубуршуна i iншых герояў кнiг сучасных беларускiх пiсьменнiкаў пазнаёмiмся ў тым лiку на наступных фестывалях.
basikirskaya@sb.by