Необычные традиции и приметы католического Рождества в Беларуси

Тры святы яднаюць Каляды

У панядзелак католiкi адсвяткуюць Нараджэнне Пана, якое пачынае святочны перыяд Каляд. На змярканнi 24 снежня ў кожным каталiцкiм доме рыхтуецца накрыты стол, за iм збiраецца ўся сям'я, каб за вiгiлiйнаю вячэраю разам перажываць вялiкую радасць i прывiтаць Хрыста, якi прыйшоў у свет. Пра своеасаблiвыя традыцыi i абрады гэтага свята распыталi намеснiка дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасцi Наталлю РАМАНОВIЧ i загадчыка аддзела метадычнай работы Iўeўcкага цэнтра культуры i вольнага часу Лiлiю КIШКЕЛЬ.


Калядамi ў народным календары называецца святочны перыяд ад Раства Хрыстова да Хрышчэння ў праваслаўных (7–19 студзеня) i ад Нараджэння Пана да Хросту Пана ў католiкаў (25 снежня — першая нядзеля пасля 6 студзеня). У вёсцы Бершты Шчучынскага раёна казалi так: «Перша свята Раство, а Новы год — гэта па‑царкоўнаму свята Васiлiя Вялiкага, а патым Вадохрышча, — тры гэтыя святы яднаюць Каляды».

На Панямоннi, у параўнаннi з Вiцебскiм Падзвiннем, тэрмiн «Каляда» — гэта не толькi дата, але i абрадавая страва — куцця, гурт калядоўшчыкаў, мiфiчная iстота, дары калядоўшчыкам ад гаспадароў, сена, якое кладуць на стол.

— На Iўеўшчыне запiсалi традцыi свята паводле слоў Марыi Дулько з Iўя i Эвялiны Прыма з аграгарадка Лiпнiшкi, — адзначае Лiлiя Кiшкель. — Гаспадар дома парыносiў сена (лепей атаву, каб было мякчэй) на стол, гаспадыня накрывала белай тканай настольнiцай. Абавязкова ставiлi асобна талерку з хлебам i аплатку для дзядоў (продкаў) або нечаканага госця.

Яшчэ днём гаспадыня рыхтавала 12 посных страў на калядны стол. Гэта галушкi з макам (яны былi ў салодкай вадзе), куцця (каша з панцаку i салодкага цёртага маку), белы кiсель з геркулесу, вушкi (сушаныя грыбы, запечаныя з цыбуляй i чорным перцам, закручаныя ў прэснае цеста ў форме вушка), чырвоны кiсель з крухмалу i соку ягад або прыгатаваны з магазiннага канцэнтрату, мочаныя яблыкi, салёныя грыбы i агуркi, квашаная з журавiнамi капуста, хлеб, пiрагi або булачкi, селядзец, печаная рыба, рыбныя кансервы, аплаткi, цура (салодкая вада), кампот з сушанай садавiны. Таксама на Iўеўшчыне на калядны стол традыцыйна ставяць яшчэ журок (жур). Гэта гарачая страва з сушаных грыбоў i круп, якую запраўляюць падсмажанай на алеi цыбуляй. Замест галушак выпякалi пончыкi.

— Бацька прыносiў у хату ялiнку памерам да столi, з лясным хваёвым водарам, — працягвае Лiлiя Кiшкель. — Дзецi ўпрыгожвалi яе самаробнымi каляровымi папяровымi ланцужкамi, ватай, яблыкамi, цукеркамi i пячэннем.

У традыцыi Панямоння елка ўспрымалася як дрэва асаблiвае: асвечанае, якое ўпрыгожваюць, нясуць у царкву. Калi на небе з'яўлялася першая зорка — сядалi за стол. Малiлiся. Дзякавалi Богу за пражыты год. Бацька казаў: «Дзякуй Богу, што дачакалiся Каляд. Дай Божа дажыць да наступных». Дзялiлiся аплаткай. Кожны павiнен быў пакаштаваць усе стравы.

Пасля вячэры было прынята варажыць на добрае i доўгае жыццё: кожны жадаючы выцягваў травiнку з‑пад настольнiцы. Калi яна была доўгая, то i жыццё будзе доўгае, а калi з каласком — жыццё будзе багатае. Разам пасля вячэры выходзiлi з‑за стала, падзякаваўшы Богу за стравы. Бацька збiраў лыжкi i вiдэльцы разам i звязваў iх сенам (каб у наступным годзе ўсе былi разам).

Старэйшыя адпачывалi, а моладзь варажыла. Дзяўчаты выносiлi «смецце» на ганак, услухоўваючыся ў якiм баку забрэша сабака (у той бок i замуж пойдзе), абдымалi плот (калi цот — будзе ў пары, калi не цот, то i не будзе). Бралi бярэмя дроў (цот‑не цот, пара або не). Затым збiралiся хлопцы i дзяўчаты i цягалi брамкi або вароты. Мянялi ўваходныя брамкi ад хаты дзяўчыны да дома хлопца, калi тыя памiж сабой сябравалi. Стукалi ў вокны i слухалi, што з дома адказвалi, калi — «Iдзi!» (то пойдзеш замуж). Жарты i смех, гульня ў снежкi да позняга вечара.

— Вечарам iшлi ў касцёл на Пастэрку — вечаровую або начную iмшу, — дадае Лiлiя Францаўна. — Назаўтра накрывалi шчодры стол з мяснымi стравамi: каўбасамi, печанай скваркай з цыбуляй. У другой палове дня калядавалi.

— Каляды i сёння ўспрымаюцца вясковымi людзьмi старэйшага пакалення як незвычайны святочны час, — дадае Наталля Рамановiч.
— Паводле народных уяўленняў i праваслаўных, i католiкаў, ва ўсе калядныя вечары (святыя вечары, шчодрыкi) строга забаранялася выконваць пэўныя вiды работ. Парушэнне гэтай забароны лiчыцца вялiкiм грахом.
У калядныя вечары нельга было шыць, вiць вяроўкi, плясцi, рабiць штосьцi крывое цi колападобнае, сячы сякерай, малоць зерне на млыне. Лiчыцца, што дзецi i жывёла, якiя павiнны нарадзiцца ў хуткiм часе, абавязкова будуць пакалечаны. Асаблiва прытрымлiвалiся гэтага ў першыя тры днi Каляд.

Калядаванне з зоркай — традыцыя, характэрная для ўсёй Беларусi. Як i паўсюдна, зорка ў калядоўшчыкаў нагадвала аб евангельскай зорцы, што прывяла вешчуноў да Немаўляцi‑Хрыста.

ЦIКАВА

На ўсе тры куццi гаспадары назiралi за надвор'ем, колькасцю зорак на небе. Па шматлiкiх прыкметах iмкнулiся прадказаць у будучым годзе добры ураджай, пладавiтасць жывёлы. У Шчучынскiм раёне лiчылi: на Каляды, як зоркi на небе, то куры надта будуць несцiся, а як хмурна, то каровы малака многа будуць даваць.

Звычаi раёнаў Гродзеншчыны

У вёсцы Студзераўшчына Дзятлаўскага раёна казалi: «Трэба, каб куцця была густа, бо як рэдкую зварыш, то i рэдкае зерне на полi будзе». А ў вёсцы Лозкi такое было павер'е: да вячэры дарослыя не каштавалi ежу i дзецям не давалi. Казалi: «Як каштуеш, то каровы будуць гэтак жа хватаць усё, галодныя будуць з пашы iсцi».


У вёсцы Прэцiма Шчучынскага раёна сена клалi на покуць i на стол, гаспадар казаў: «Во, дзеткi, гэта куцця ляжыць». Назаўтра гэта сена авечкам, карове давалi. I на зэдлiк дзецям падкладвалi сена падчас вячэры.

Жыхары вёскi Нязбодзiчы Свiслацкага раёна пачынаюць вячэру з куццi, па тры разы бяруць куццю, а тады хто што хоча есць.

yasko@sb.by

Фота з архiва Наталлi РАМАНОВIЧ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter