Народная сокровищница: для чего на Троицу наши предки в давние времена завивали венки на березе

Тройца, Сёмік, Зелянец

Вясенні цыкл свят завяршае Тройца, якая адзначаецца на пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня. Яшчэ яе ў народзе называюць Сёмуха, ці Сёмік, таму што прыпадае на сёмы тыдзень пасля Пасхі. Свята Тройцы і Святога Духа і ўвесь тыдзень пасля называліся яшчэ і так: Зялёныя Святкі, Зелянец, Граная нядзеля, Калечальны або Русальны тыдзень.

Фото из архива «СБ»

Троіцкія абрады былі сапраўдным святам маладой зеляніны. Напярэдадні свята сяляне натоўпамі адпраўляліся на палі, у гаі і лясы збіраць розныя травы і кветкі, пераважна лекавыя, ці тыя, якім прыпісваліся магічныя ўласцівасці. Высякалі маладыя дрэўцы: бярозу, клён, ліпу, ясень, вольху. Іх галінамі аздаблялі сцены хат, гаспадарчыя пабудовы, платы. На вуліцах, у дварах і ля парогаў хат ставілі маладыя дрэўцы. У Беларусі гэтыя ўпрыгожанні называюць «маем». Зелянінаю ўпрыгожвалі і цэрквы. Пасля святочнага багаслужэння ў вёсках пачыналіся гулянні. З усіх бакоў ліліся песні, пачыналіся танцы і карагоды.

У сівыя часы існаваў звычай аздаблення і рытуальнага кармлення жывёл зелянінай. У беларускіх вёсках на Тройцу прымацоўвалі на рогі і шыю каровы вянкі з зялёных галінак і кветак.

Ва ўсіх усходніх славян асноўным сакральным дрэвам у час Зялёных Святак была бяроза. Выключнасць, якая надавалася ёй у старажытнасці, звязвалася з яе магутнай расліннай сілай. Бяроза валодае і іншымі каштоўнымі якасцямі: сок лічыцца карысным, дровы вельмі добра гараць, кара ўжываецца для вырабу розных прадметаў гаспадарчага побыту.

Напярэдадні Сёміка выбіралася маладое бярозавае дрэўца, звычайна ў мясцінах, дзе вакол яго можна было вадзіць карагоды. Адбываўся абрад «завівання» бярозы. Звычайна канцы галін апляталі адну з другой так, каб утварыліся вянкі. У Беларусі часцей за ўсё верхнія галіны дзвюх бяроз апляталі ў выглядзе своеасаблівых варот-аркі, праз якія дзяўчыны праходзілі з песнямі. Удзел ці няўдзел у абрадзе звязвалі з лёсам родных: па павер’ях, хто вянкоў не віў, той мог наклікаць на свой лёс бяду.

З завіваннем вянкоў на бярозе цесна звязаны сёміцкі абрад — «кумленне». Дзяўчаты, якія прайшлі праз вароты, сплеценыя з бярозавых галін, лічыліся кумамі, неразлучнымі сяброўкамі на ўсё жыццё альбо на час свята.

Пры кумленні абменьваліся кольцамі, крыжамі, яйкамі, казулямі — святочным печывам. Сам абрад быў своеасаблівай формай прыняцця дзяўчат у род жанчын, якія дасягнулі шлюбнага ўзросту. Скідваючы з галавы вянок — сімвал дзявоцтва, — дзяўчаты гадалі на ім аб замужжы. Кумленне было і абрадавай формай падбору кумы, хроснай маці будучага дзіцяці. Увечары да звычаю далучаліся хлопцы. Адбываўся падбор шлюбных пар да Купалля, калі хлопцы з дзяўчатамі скакалі праз вогнішча, узяўшыся за рукі.

Пасля кумлення збіраліся вакол бярозы за агульнай трапезай. Асноўнай рытуальнай стравай была яешня. Сімволіка яйка агульнавядомая. Гэта своеасаблівы знак бессмяротнасці, увасабленне кругавароту жыцця.

АД ПРАДЗЕДАЎ

Троіцкай зеляніне прыпісвалі розныя магічныя ўласцівасці. Галіны дрэў, асабліва асіны, павінны былі засцерагчы ад усякай нечысці. Засцярогамі ад злых сіл і русалак лічыліся палын, любіста. На Піншчыне ў якасці засцярог вешалі па хлявах крапіву і вянкі з асвячоных траў. Галінкі дрэў, кветкі і травы людзі захоўвалі на працягу ўсяго года. Па павер’ях, гэта павінна было прадухіліць навальніцу і градабой.

Шматлікія травы і кветкі надзяляліся лекавымі і гаючымі якасцямі. Іх заварвалі і пілі пры хваробах. Імі абкурвалі хворых, пазбаўляліся ад страху і сурокаў.

kuzmich@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter