В городе над Щарой познакомились с Сапегой и Огинским

Традыцыя, якая будзе доўжыцца

У Слоніме назвалі лепшых пісьменнікаў, спрабавалі Коласаву верашчаку, удзельнічалі ў прэзентацыях на фестывалі кнігі і прэсы.

Слонім, якому цэлых 700 год, пераняў сёлета традыцыйную эстафету правядзення Дня беларускага пісьменства. У Беларусі гэта свята праходзіць 26-ы раз, а цэнтрам невыпадкова стаў славуты горад над Шчарай, бо гэта адзін са старажытных цэнтраў Гродзеншчыны.


На свяце прысутнічала шмат прадстаўнікоў улады, дыпламатычнага корпусу, духавенства, вучоных і іншых гасцей. Яны шчыра дзякавалі Прэзідэнту і Ураду за вялікую ўвагу да свята беларускага пісьменства, якое заўсёды праходзіць на высозным узроўні. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч зачытаў прывітальны адрас ад Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў задаволены, што вобласць да 75-годдзя падышла са значнымі дасягненнямі ў духоўнай сферы, і ў многім дзякуючы Дню беларускага пісьменства. А старшыню Слонімскага райвыканкама Генадзя Хоміча радуе, што родны горад значна папрыгажэў, рэканструяваны дзясяткі вуліц, дамоў і іншых гарадскіх аб’ектаў, добраўпарадкаваны канал Агінскага, гасцініца «Шчара», адкрыта новая кнігарня.

Адкрывае кнiгарню мiнiстр iнфармацыi Аляксандр КАРЛЮКЕВIЧ.

— Мы падцягваем і ўсе іншыя нашы гарады да высокай статуснасці з пункту погляду камфорту для пражывання людзей. Мы павінны ў кожным куточку нашай Беларусі стварыць такую атмасферу — і бытавую, і культурную, каб чалавек ганарыўся сваёй малой радзімай. Гэтая традыцыя працягнецца і надалей. Геаграфічна, не парушаючы традыцый, будзем чаргаваць правядзенне дзён беларускага пісьменства ва ўсіх абласцях, — расстаўляе акцэнты намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ прымае ў дар статут ВКЛ.

Цікавыя мерапрыемствы пачаліся ў горадзе напярэдадні свята літаратурнага слова. Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці кнігарні «Сонет» у самым цэнтры Слоніма — акурат у будынку райвыканкама.

— Мне здаецца, гэта перспектыўны накірунак дзейнасці — адкрыццё кнігарняў у невялікіх гарадках. Хацелася б адзначыць, што 70 працэнтаў кніг тут выпушчана беларускімі выдавецтвамі. Толькі летась выдадзена 9666 найменняў, — прывёў лічбы міністр.

Намеснiк Прэм’ер міністра Iгар ПЕТРЫШЭНКА.

Адкрыццё помніка слонімскаму старасту Льву Сапегу стала адной з цэнтральных падзей Дня беларускага пісьменства. Скульптура ўпрыгожыла гістарычны цэнтр горада. А пасля госці і ўдзельнікі на чале з тэатралізаваным шэсцем накіраваліся да галоўнай сцэны, дзе героі, быццам вандруючы па часе, прапаноўвалі паглядзець на гістарычныя падзеі, якія адбываліся на Слонімскай зямлі. Больш чым 600 першакласнікам раёна на сцэне ў гарадскім парку на беразе канала Агінскага ўручаны падарункі ад Прэзідэнта.

У Слонім з’ехаліся прадстаўнікі з усіх сталіц колішніх урачыстасцей. Арганізатары пастараліся, каб чарговая старонка айчыннага пісьменства запомнілася яркасцю і падарыла вясёлы настрой. Мінуўшчына ўдала сплялася з сучаснасцю, на падворках гатаваліся стравы па рэцэптах беларускіх класікаў. Напрыклад, верашчака Якуба Коласа з «Новай зямлі». Падчас незвычайнага квэсту пад таямнічай назвай «Код Сапегі» ўдзельнікі, як маладзейшыя, так і сталыя, адкрылі для сябе 10 знакавых мясцін Слонімшчыны.

Помнiк слонiмскаму старасту Льву Сапегу.

У цэнтры Слоніма працавалі дзясяткі тэматычных пляцовак, запрашалi ў фестываль кнігі і прэсы, дзе прадстаўляліся лепшыя выданні мастацкай і вучэбнай кнігі, дзіцячая і энцыклапедычная літаратура, альбомы, перыёдыка. Асаблівым поспехам карыстаўся стэнд праекта sb.by «Необычайные деревни». Гэта своеасаблівая творчая справаздача пра тое, як за няпоўны год журналісты, фотакарэспандэнты і відэааператары выдавецкага дома «Беларусь сегодня» пабывалі ў 22 вёсках краіны, дзе пазнаёміліся з абрадамі і традыцыямі тых мясцін. Пісьменнікі ладзілі прэзентацыі сваіх кніг, аўтограф-сесіі. Адным з месцаў прыцягнення на фестывалі кнігі і прэсы стаў друкарскі двор ХVI стагоддзя са спецыяльнымі прыстасаваннямі і машынамі розных стагоддзяў, адноўленым друкарскім станком часоў Францыска Скарыны. Жадаючыя ўручную з дапамогай прэсу аддрукоўвалі першую старонку Бібліі.

Ахвотнікі паспрабавалі сябе ў традыцыйных рамёствах, на майстар-класах навучыліся рабіць гаршкі, выразаць драўляныя лыжкі і плесці шляпу з саломы. Па ўсім горадзе разгарнуліся канцэртныя і гульнёвыя, выставачныя і гандлёвыя пляцоўкі.

Нямала на Дні пісьменства пабывала рарытэтаў, невыпадкова ў паветры патыхала даўніной. Пісьменнік і мецэнат Валерый Казакоў у дар Гродзенскай вобласці перадаў старажытны паасобнік статута ВКЛ. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша прывёз дакумент, апублікаваны да каранацыі Жыровіцкай іконы Божай Маці, калі яе прызналі не толькі як святыню беларускага народа, але і ўсёй хрысціянскай цывілізацыі.

— Каранацыя іконы Жыровіцкай Багародзіцы датавана 1730 годам, у сувязі з гэтым на лацінскай, італьянскай і іншых мовах пабачылі свет шматлікія публікацыі з апісаннем гісторыі Жыровіч, самой іконы, першыя ілюстрацыі з выявамі Заступніцы. Дакументы сівой даўніны у Слонім прывезла Нацыянальная бібліятэка, — дэманструе фаліянты Алесь Суша.

Чатыры гады назад на гэтым свяце зарадзілася слаўная добрая традыцыя ўганаравання лепшых аўтараў найвышэйшай творчай узнагародай — Нацыянальнай літаратурнай прэміяй Беларусі. З году ў год папулярнасць конкурсу расце, сёлета намінантамі сталі 70 беларускіх пісьменнікаў за кнігі, выдадзеныя ў 2018 годзе. Мінінстр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, акадэмік Іван Саверчанка і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец узнагародзілі пераможцаў. З пальмай пяршынства — Мікола Маляўка за зборнік вершаў «Сланечнік», Алег Ждан за празаічную кнігу «Геній». У галіне публіцыстыкі ўшанаваны Віктар Хурсік за даследаванне «Vale!» — кнігу пра род і лёс Магдалены Радзівіл, у галіне літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства перамагла Святлана Калядка з кнігай «Літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі». Лепшы твор для дзяцей і юнацтва напісаў ураджэнец вёскі Кастровічы Слонімскага раёна Уладзімір Ягоўдзік — «Кветкі дзівасілу». Лепшы дэбют у маладога аўтара з Брэста Станіславы Умец за кнігу «Сэрца Сакры».

Лаўрэаты Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii Беларусi Уладзiмiр ЯГОЎДЗІК, Святлана КАЛЯДКА, Мікола МАЛЯЎКА, Станіслава УМЕЦ, Алег ЖДАН і Віктар ХУРСІК.

Тым часам айчынныя пісьменнікі бралі слова, прыемна бавілі час у вераснёўскім, аблітым сонцам Слоніме. Генрыха Тарасевіча найбольш уразіла мясцовая рынкавая плошча. У кожным райцэнтры яна свая, але тут найбольш захавала класіку. Лаўрэата дзяржаўнай прэміі Міхася Башлакова парадавала адкрыццё — маналітнасцю, зваротам да гісторыі, родным словам.

Для сёлетняга лаўрэата Нацыянальнай прэміі Алега Ждана замілаванне двайное, бо атрымаў высокае прызнанне ад дзяржавы. Яго аповесць «Геній» прысвечана непрызнанаму мастаку, які высока сябе цаніў, але пісаў карціны задужа мудрагелістыя. Маці прасіла сына, каб завіхаўся пэндзлем над нечым прасцейшым, усім зразумелым. І толькі калі яна памерла, так званы геній пагадзіўся з наказам.

Вечарам эстафету свята ў Слоніма прынялі Бялынічы. Старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Захаранка запэўніў, што да вялікага свята раён рыхтуецца ўжо цяпер:

— Слонім уразіў. Усе ў захапленні, мы таксама. Сам горад цудоўны. Пасля падзей сённяшняга дня складана будзе нечым здзівіць, але мы пастараемся гэта зрабіць. Наш гарадок меншы за Слонім, але наша зямля таксама старажытная. Хацелася б зрабіць свята не горш, чым тут. Як і ўсе гаспадары, мы зараз наводзім парадак. Адрамантавалі жылы фонд у горадзе. Засталося зрабіць прыгожую цэнтральную плошчу і давесці ўсё да бляску.

Алена БАСІКІРСКАЯ

basikirskaya@sb.by

Фото Аляксея СТАЛЯРОВА i  БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter