20 чэрвеня тэатралы адзначаюць 85-годдзе з дня нараджэння знакамітага тэатральнага дзеяча, галоўнага рэжысёра (з 1973 года) і мастацкага кіраўніка (з 1991 года) Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Валерыя Раеўскага, паведамілі ў тэатры.
У 1967 годзе Валерый Мікалаевіч скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, адначасова з вучобай тры гады стажыраваўся ў знакамітым Тэатры на Таганцы, які ўзначаліваў Юрый Любімаў. У знакамітым спектаклі Любімава «Пугачоў» Раеўскі выступіў у дзвюх якасцях: як асістэнт рэжысёра і як акцёр. Таксама Раеўскі як рэжысёр прымаў удзел у стварэнні спектакля «Жыццё Галілея»: праводзіў рэпетыцыі з Уладзімірам Высоцкім.
36 гадоў творчай дзейнасці Раеўскага ў Купалаўскім тэатры ўвайшлі ў гісторыю беларускага тэатральнага мастацтва як «эпоха Раеўскага». За гэты час Валерый Мікалаевіч стварыў больш за 40 спектакляў: «Што той салдат, што гэты», «Трыбунал», «Брама неўміручасці», «Пагарэльцы», «Плач перапёлкі», «Мудрамер», «Страсці па Аўдзею», «Чорная панна Нясвіжа», «Піраміда Хеопса», «Эрык XIV» і іншыя. Многія з іх сталі ўдзельнікамі і прызёрамі міжнародных театральных фестываляў.
Шэраг пастановак Раеўскі паспахова ажыццявіў за межамі Беларусі на тэатральных пляцоўках Расіі, Украіны, Славеніі, Ірландыі, Польшчы, Эстоніі.
Финал спектакля Пугачев, Валерий Раевский крайний справа.
Супрацоўніцтва з галоўным мастаком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Барысам Герлаванам прыводзіла да таго, што кожная новая пастаноўка Раеўскага была святам, вялікай падзеяй у культурным жыцці краіны. Раеўскі тонка адчуваў кожнага аўтара, над якім працаваў. Сярод іх Бертольд Брэхт, Андрэй Макаёнак, Іван Чыгрынаў, Мікалай Матукоўскі і іншыя. Плённым было і супрацоўніцтва з драматургам Аляксеем Дударавым. Сярод іх сумесных спектакляў — «Парог», «Радавыя», «Чорная панна Нясвіжа», «Князь Вітаўт», «Ядвіга», «Вечар» і іншыя. Раеўскі ў быў тонкім псіхолагам і майстрам тэатральнай метафары. У яго спектаклях публіка знаходзіла яркую вобразнасць, пераканаўчасць, імкненне да наватарства, бязмежную любоў да Купалаўскага і нацыянальнай культуры.
«Мне здаецца, самае галоўнае, што было і застаецца ў Купалаўскім тэатры, — свой тон, — распавядаў Раеўскі. — У гэтым тэатры ёсць надзвычайная жыццёвасць, праўдзівасць існавання. Тое добрае і каштоўнае, што закладзена ў падмурак, — невычарпальнае, перадаецца з пакалення ў пакаленне».
Валерий Раевский и Александра Калягин. Фото из архива «СБ»
Валерый Раеўскі пайшоў з жыцця ў 2011 годзе, але памяць аб яго ўкладзе ў развіццё тэатральнай культуры і сёння жыве ў Купалаўскім, у тым ліку ў спектаклях «Вечар» і «Чорная панна Нясвіжа», якія дагэтуль знаходзяцца ў рэпертуары тэатра.
Загадкавую містычную легенду «Чорная панна Нясвіжа», прэм’ера якой адбылася яшчэ ў 2000-м годзе можна пабачыць на сцэне тэатра 15 ліпеня.