Час ад часу ў грамадстве ўзнікае дыскусія пра нацыянальную ідэю. У любой дзяржаве для любога народа вельмі важныя адказы на галоўныя, сэнсаўтвараючыя пытанні грамадскага жыцця — хто мы такія і куды ідзём. І наша краіна тут не выключэнне. Навукоўцы, эксперты, грамадскія дзеячы не аднойчы спрабавалі сфармуліраваць нацыянальную ідэю. Пакуль, на жаль, безвынікова. Між тым менавіта нацыянальная ідэя — гэта той стрыжань, які дазваляе захаваць суверэнітэт дзяржавы, накіроўвае грамадства да новых дасягненняў у эканоміцы, навуцы, спорце, культуры. Ва ўмовах глабалізацыі свету і ўсё большага сцірання межаў пошук нацыянальнай ідэі становіцца асабліва актуальным. Удзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе таксама ставіць пытанне аб нацыянальнай ідэнтычнасці. Нядаўна ў газеце “СБ. Беларусь сегодня” выйшаў артыкул вядомага беларускага дыпламата, першага міністра замежных спраў незалежнай Беларусі Пятра Краўчанкі “Погляд у будучыню. У пошуках нацыянальнай ідэі”. Свой погляд на гэтую праблему прадставіў доктар гістарычных навук, прафесар Міхаіл Стралец.
Пётр Краўчанка паставіў шэраг пытанняў, якія непасрэдна звязаны з беларускай нацыянальнай ідэяй. Будучы міністрам замежных спраў, ён зрабіў значны ўклад у напаўненне рэальным зместам знешнепалітычных аспектаў беларускай нацыянальнай ідэі. Размова ішла перш за ўсё пра знешнепалітычнае забеспячэнне паўнавартаснай дзяржаўнасці, рэальнага дзяржаўнага суверэнітэту, іміджавае прафіляванне маладой дзяржавы ў глабальным інтэр’еры. Аўтар таксама сфармуляваў шэраг жыццяздольных ідэй, прадстаўляючы грамадзянскую супольнасць, вельмі ўдала паказаў, дзе зараз у першую чаргу патрэбныя прарыўныя рашэнні.
Настаў час для неадкладнага ўвядзення прыватнай уласнасці на зямлю без усялякіх “але” і “калі”. Амаль тры дзесяцігоддзі адбываюцца трансфармацыйныя працэсы на постсацыялістычнай прасторы. І што мы бачым? Ва ўсіх тых былых сацыялістычных краінах, якія за гэты час увайшлі ў зону постіндустрыяльнай цывілізацыі, увядзенне прыватнай уласнасці на зямлю было ядром трансфармацыйных працэсаў.
Ніяк не можа быць прызнана здавальняючым становішча з беларускай мовай. Што трэба рабіць? Выходзіць з такога становішча, прымаючы меры, якія ўпісваюцца ў канстытуцыйна-прававое рэчышча. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прапісана раўнапраўе беларускай і рускай моў. Як жа павінна выглядаць гэтае раўнапраўе?
Па-першае, усе нарматыўна-прававыя акты, якія прымаюцца і зацвярджаюцца органамі дзяржаўнага кіравання ўсіх узроўняў, павінны адначасова быць на дзвюх мовах.
Па-другое, кожны дзяржаўны служачы, кожны выкладчык айчыннай сістэмы адукацыі абавязаны ў роўнай ступені валодаць як беларускай, так і рускай мовай.
Па-трэцяе, трэба строга на дзвюх мовах аб’яўляць прыпынкі ў час руху грамадскага транспарту.
Па-чацвёртае, адначасова на рускай і беларускай мовах павінны быць шыльды на ўсіх установах.
Па-пятае, неабходна зрабіць абавязковымі два цэнтралізаваныя тэсціраванні для патэнцыяльных абітурыентаў: на рускай і беларускай мовах.
Па-шостае, трэба вытрымліваць парытэт у вяшчанні на гэтых мовах радыё і тэлебачання.
Ідэя стварэння Нацыянальнага пантэона паспяхова рэалізавана ў многіх краінах. Вылучаючы яе адносна сваёй Бацькаўшчыны, яе слынных сыноў, яе выдатных патрыётаў 24 гады таму, тагачасны міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, вядома ж, не прыдумваў веласіпед. Ён прапаноўваў высакародную справу, якая даўно ўжо рабілася ва ўсім свеце. Давядзенне гэтай справы да лагічнага канца будзе вельмі важным фактарам кансалідацыі беларускага грамадства. І вельмі добра, што яна будзе тычыцца як дзеячоў БССР, так і дзеячоў БНР. Прафесійны гісторык Пётр Краўчанка мае рацыю, калі заяўляе: “Мы не можам не прызнаць, што без БНР не было б БССР”.
Будзем рэалістамі. Увасобіць у жыццё гэтую ідэю будзе няпроста. Першы крок уяўляецца такім: стварэнне міжведамаснай камісіі з прыцягненнем экспертаў па ўсіх магчымых галінах.
Кансэнсус адносна ўсiх напрамкаў унутранай i знешняй палiтыкi неабходны. Ён будзе дасягацца значна хутчэй, калі стане перманентным узаемадзеянне ўладных структур і грамадзянскай супольнасці.
У чым сутнасць нацыянальнай ідэі
Тое, што нас аб'ядноўвае
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.