Телеведущая Надежда Маркевич: будущее белоруса — союз сельской и городской жизни

Тэлевядучая, артыстка i блогерка Надзея Маркевiч: «Хачу, каб у вёсках бурліла жыццё»

Асноўнае месца працы лаўрэата прэмii А. I. Дубко Надзеi Маркевiч — гродзенскi Дом культуры УП «Цветлiт». Яна арганiзоўвае культурныя праграмы для людзей са слабым слыхам i глухiх людзей, а таксама яна вядучая тэлеперадачы «Надзея на сяло». Рана цi позна беларусы вернуцца ў вёскi, дзе жылi дзядулi i бабулi, упэўнена Надзея. Зямля стане выратаваннем для «стомленых ад вялiкай гульнi». З задавальненнем пазнаёмiлiся з харызматычнай беларускай, шэраг прыхiльнiкаў якой нязменна расце, а бясспрэчны талент бурлiць i натхняе.


— Якiмi былi перадумовы выбару творчай прафесii?

— Усё з сям'i. Мой тата быў вельмi таленавiтым чалавекам. Артыстычным, музычным, з выдатным пачуццём гумару. З дзяцiнства ён браў нас (мяне i сястру) на мерапрыемствы. Памятаю, як мы ў чатыры гады спявалi песню пра сястрычак‑блiзнят i як складана бацькам разабрацца, дзе хто. А потым пачалося школьнае творчае жыццё. Калi надышоў час паступаць, неяк само сабой было зразумела, што мы пойдзем «у культуру». I вось ужо 15 гадоў, як я працую артысткай.

— Вельмi гарманiчна ўпiсваецеся ў любую сiтуацыю. Складваецца адчуванне, што вы нарадзiлiся i гадавалiся менавiта ў той вёсцы, пра якую iдзе гаворка ў пэўным выпуску папулярнай тэлеперадачы «Надзея на сяло», а iх i вёсак за плячыма ўжо багата. Адкуль жа вы родам, Надзея?

— Цiкавае пытанне. Атрымлiваецца, што я чалавек Гродзеншчыны. Тата мой са Слонiмскага раёна, з невялiчкай вёскi Рудаўка. Мама з Лiдчыны — вёска Тарнова. Нарадзiлася я ў Iўеўскiм раёне, у вёсцы Геранёны, а ва ўзросце 6 год пераехалi ў вёску Пагародна, што на Воранаўшчыне. Там я скончыла школу. Затым пераехала вучыцца ў Гродна. Гродзенскi раён аб'ехала ўздоўж i ўпоперак неаднаразова. Так i атрымлiваецца, што я адусюль. I з кожнай гэтай мясцiнай звязаны мае лепшыя дзiцячыя ўспамiны.

— Вельмi цяжка ўявiць вас сумнай або разгубленай. Але, вядома, вобраз i сама асоба далёка не заўсёды дужа падобныя. Вы па‑за сцэнай i камерамi значна адрознiваецеся ад сваёй гераiнi?

— Мы з маёй гераiняй абсалютна розныя людзi. Я ў жыццi саромлюся падысцi да незнаёмага чалавека, запытаць што‑небудзь. Для маёй гераiнi гэта не пытанне. Я стараюся прасiць дапамогi толькi ў бязвыхаднай сiтуацыi. Да апошняга буду намагацца зрабiць сама. Мая гераiня вельмi любiць увагу, я ж адчуваю сябе няёмка ад павышанай цiкавасцi па‑за працай. Калi парою мяне пазнаюць на вулiцы, не ведаю, куды мне падзецца i што адказаць. Для мяне гэта стрэс. Для маёй гераiнi гэта шчасце.

— Вы шмат часу праводзiце ў камандзiроўках. Што самае цiкавае i складанае ў такой працы?

— Самае цiкавае — людзi. Куды б нi прыехаў — там сваё адметнае жыццё, свае пытаннi, справы. Я адчуваю, што той рытм, у якiм жывуць нашы землякi, хоць i розны, але жывы. Мне цiкава пазнаёмiцца з талентамi, iх захапленнямi, з працаўнiкамi, што гараць сваёй справай. Людзi ў вёсцы шчырыя, адкрытыя i разам з тым сцiплыя.

— У любой жыццёвай справе хапае сваiх цiкавостак. Упэўнена, што ў самай вядомай сялянкi беларускага тэлебачання i TikTok iх таксама дастаткова. Прыгадайце, калi ласка, самы незабыўны выпадак.

— Кожнае падарожжа — незабыўнае, адметнае. Бывала, чалавек настолькi саромеўся камеры, што я сама пытала — сама i адказвала. I так не атрымлiвалася ў нас узяць iнтэрв'ю ў яго. Здаралася, калi мужчына‑механiзатар так у кадры шчыра абдымаецца са мной, а потым падыходзiць i кажа: «Вы не паказвайце гэтага, бо мяне жонка прыдушыць». Вельмi кур'ёзных выпадкаў я не ўспомню, але нашы вяскоўцы адназначна любяць i ўмеюць пажартаваць.

— Вы ствараеце культурныя праграмы для людзей са слабым слыхам. У свой час асвоiлi мову жэстаў. Як складвалася гэта адказная праца?

— За столькi гадоў для мяне гэта стала абсалютна звычайнай часткай жыцця. Мову жэстаў пачала вывучаць у 2010‑м i ўдасканальваю па сённяшнi дзень. Чаму? Па‑першае, мне было вельмi цiкава, па‑другое, разумела, што, калi планую працаваць у гэтай галiне, без мовы мне нiкуды. I па‑трэцяе, у жэставай мове я разгледзела вялiкi артыстычны патэнцыял. Мне гэта дапамагло развiць выразнасць сваiх эмоцый i жэстаў, што для артыста вельмi важна.

— Немагчыма раўнадушна праглядаць вiдэа з вашага выступлення на шоу «Я магу», дзе ў чарговы раз вы раскрылiся як глыбокая асоба i выдатны сурдаперакладчык. З дапамогай жэстаў вы праспявалi пра балючае каханне так, як далёка не кожны здольны гэта зрабiць у поўны голас. Вы мэтанакiравана абралi матэрыял, якi сэнсава i знешне максiмальна далёкi ад прывычнага гумарыстычнага?

— Фармат праекта «Я магу» павiнен быў паказаць таленты краiны ў розных кiрунках. Жэставае выкананне i па сённяшнi дзень, на маю думку, недаацэнена, i менавiта гэты кiрунак сваёй працы шчыра хацела паказаць. Зразумела, што людзей з нумарамi размоўнага i гумарыстычнага жанру будзе шмат. А вось выканаўцаў песень на жэставай мове, напэўна, не.

— У адным з iнтэрв'ю ваш тата казаў: «Ну а цяпер надзея на Надзею. Марым пазнаёмiцца з будучым зяцем!» Наколькi вядома, жаданне паважаных бацькоў споўнiлася. Так?

— Так, але, на жаль, тата мой так i не дачакаўся знаёмства з зяцем. Гэта мой боль. Мы з мужам сустрэлiся, скажам так, не маладымi, можа, таму стараемся жыць у радасцi, бо нам адведзена на дзясятак гадоў меней, чым тым, хто жэнiцца ў 20.

— У чым, на вашу думку, сакрэт удалага спалучэння сямейнага жыцця i творчай прафесii?

— Мой муж зусiм далёкi ад творчасцi чалавек. Калiсьцi ён мне сказаў: «Да знаёмства з табой я думаў, што ў нас у Гродне два святы — «Фестываль нацыянальных культур» i Новы год на плошчы. А тут аказваецца, што амаль кожны дзень нейкая падзея. Але трэба зазначыць, што ён з павагай ставiцца да маёй прафесii. Не лiчыць гэта глупствам. Сакрэту нiякага няма — проста трэба паспяваць выконваць сямейныя абавязкi i разумець важнасць прафесiйных спраў адзiн аднаго. I вельмi важна старацца не валачы працоўныя праблемы дахаты.

— «Усе вядуць Instagram, нешта размяшчаюць, але гэта не маё, не люблю пiяр, мне камфортней размаўляць падчас жывых выступаў», — казалi вы раней. Цi змянiлася стаўленне да сацыяльных сетак i творчай актыўнасцi анлайн?

— Сацыяльныя сеткi — гэта ўжо неабходная частка працы. Па настойлiвай парадзе сястры я завяла старонку ў TikTok. Сёння там ўжо нямала падпiсчыкаў. Многiя з iх сталi маiмi сябрамi, пiшуць словы падзякi i падтрымкi. Гэта прыемна. Цяпер я лiчу, што без сацыяльных сетак не абысцiся. Але ўсё ж такi фiльтрую iнфармацыю, якой дзялюся з людзьмi.

— Каларытная маладая жанчына Гандзя рэгулярна ездзiць па райцэнтрах, аграгарадках i вёсках Гродзеншчыны i па‑добраму распавядае пра жыццё, таленты i мары сяльчан. Якiя планы ў нястомнай беларусачкi?

— Завiтаць у кожны населены пункт Гродзеншчыны, а там, хто ведае, можа, i на iншыя вобласцi перакiнуся. Дарог няходжаных яшчэ шмат.

— Калi здараецца вольны дзянёк‑два, якому адпачынку аддаяце перавагу?

— Лепшы адпачынак — проста выспацца. I каб хоць паўдня не разрываўся тэлефон. Яшчэ люблю хадзiць па грыбы.

— Якой бачыце нашу краiну праз дзесяцiгоддзе?

— Шчыра мару, каб у нашых вёсках не засталося нiводнай пустой, недагледжанай хаты. Каб людзi з гарадоў прыязджалi ў вёскi хоць на лета цi на выхадныя. Хачу, каб у вёсках бурлiла жыццё. Сэрца маё балiць за пустыя, нiкому не патрэбныя хаты. Будучыня беларуса — гэта яднанне вясковага жыцця з гарадскiм. Пераканана, што лепшыя нацыянальныя рысы беларуса (руплiвасць, працавiтасць, сумленне) так i застануцца з намi.

rovdo@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter