У чэрвені мінулага года Прэзідэнт даручыў у найбліжэйшыя 2—3 гады вырашыць праблему збору і перапрацоўкі бытавога смецця. Тады Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Давядзецца гэтую вышыню браць штурмам. Гэта вельмі важны напрамак». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што багатая Швейцарыя па 80—90 працэнтаў перапрацоўвае асобныя віды адходаў. «А мы да 50 працэнтаў падысці не можам». Але, здаецца, у рашэнні гэтай задачы з’явілася падтрымка: вучоныя БДТУ распрацавалі тэхналогію перапрацоўкі змяшаных палімерзмяшчальных адходаў. Яна дазволіць выкарыстоўваць да 80 працэнтаў падобнага смецця, якое зараз сыходзіць з ліній сартавання на палігон. «Р» даведалася аб падрабязнасцях навацыі.
Падрыхтаваную сумесь падаюць разам з функцыянальнымі дабаўкамі ў экструдар.
БДТУ дастаткова даўно займаецца пытаннем перапрацоўкі адходаў. Напрамкі даследаванняў падказваюць смеццесартавальныя заводы. У лабараторыю ўніверсітэта прывозяць так званыя хвасты — тыя адходы, якія на смеццесартавальнай лініі накіравалі на палігон. Склад такога «падарунка» часцяком разнашэрсны: поліпрапілен, поліэтылен, АБС-пластык, полівінілхларыд, поліамід і г. д., у тым ліку і няплаўкія палімеры.
— Паспрабавалі перапрацоўваць розныя матэрыялы на тэрмапластычнай аснове, «гулялі» з сумесямі і напаўняльнікамі, — апісвае ход працы дацэнт кафедры механікі і канструявання БДТУ Ганна Наркевіч. — Для гэтага даследавалі матэрыялы і спосабы паляпшэння характарыстык з дапамогай функцыянальных дадаткаў. Да іх адносяцца святлостабілізатары, тэрмастабілізатары, дабаўкі для забеспячэння марозаўстойлівасці, тэхналагічныя дабаўкі, фарбавальнікі. Для другасных матэрыялаў такая «прыправа» непазбежная.
Смеццевыя метамарфозы адбываюцца на эксперыментальнай лініі ва ўніверсітэцкай лабараторыі тэхналогіі кампазіцыйных матэрыялаў. З велізарных мяхоў са змяшанымі адходамі атрымліваюць гатовыя вырабы. Спачатку хвасты сартуюць: выключаюць батарэйкі, лямпачкі, прадукты харчавання, пластмасы з буйнымі металічнымі ўстаўкамі. Гэта каля 20 працэнтаў ад агульнага аб’ёму прывезеных адходаў. Астатняе сушаць пры тэмпературы 100—120 °С. Тэхналогія дазваляе выключыць прамыванне вадой, што, дарэчы, робіць вытворчасць вырабаў з другаснай сыравіны больш таннай. Затым сумесь як след здрабняюць і зноў прасушваюць. Асноўнае абсталяванне, якое выкарыстоўваюць у тэхналогіі, тыповае для перапрацоўкі пластмас: прэсы, экструдары. Для падрыхтоўкі адходаў патрэбны драбілкі, сушыльныя шафы, а для падачы матэрыялаў да месца перапрацоўкі — транспарцёры.
З сумесі палімераў ад дробнай бытавой тэхнікі атрымалі трывалыя латкі для захоўвання цвікоў, шруб, невялікіх інструментаў.
— Падрыхтаваную сумесь падаём разам з функцыянальнымі дабаўкамі ў экструдар. Маса пластыцыруецца, змешваецца, робіцца больш аднастайнай. На выхадзе атрымліваецца вязкая загатоўка. Яе адпраўляюць у прэс-форму, усталяваную на прэсе. Пад яго ўздзеяннем і адначасовым астуджэннем атрымліваем выраб, — праводзіць кароткі экскурс па этапах вырабу загадчык кафедры механікі і канструявання БДТУ Алег Карповіч. — Вырабы атрымліваюцца не горшымі, чым з аднародных пластмас.
З адходаў можна ствараць вырабы для будаўніцтва (апалубка, каналы для ўкладкі кабеля, штыкетнік), для добраўпарадкавання дарог (элементы экапарковак, газонныя рашоткі, бардзюры, плітка), тару, кантэйнеры і да таго падобнае. Дарэчы, часам такія прадукты могуць здзіўляць сваімі ўласцівасцямі. Напрыклад, з сумесі палімераў ад дробнай бытавой тэхнікі атрымалі трывалыя латкі для захоўвання цвікоў, шруб, невялікіх інструментаў.
— Тэрмін эксплуатацыі нашых вырабаў, як правіла, не ніжэйшы, чым з іншых другасных палімерных матэрыялаў. Гэта залежыць ад таго, дзе стаіць выраб. Калі на сонцы, то каля пяці гадоў. Калі ў зямлі — значна даўжэйшы, да стагоддзя, — робіць агаворку Ганна Наркевіч.
З велізарных мяхоў са змяшанымі адходамі атрымліваюць гатовыя вырабы.
— Што тычыцца характарыстык нашых вырабаў, то трываласныя ў 2—3 разы ніжэйшыя за ўласцівасці першасных канструкцыйных пластмас. Гэта кампенсуем спецыяльнай канструкцыяй, — раскрывае нюансы вырабаў Алег Карповіч. — Што тычыцца шорсткасці, то яна такога ж парадку, як у першасных канструкцыйных пластмас.
ДАВЕДКА
Цяпер каля 75 працэнтаў адсартаванага ў спецыяльны кантэйнер пластыку адпраўляецца на палігон. З іх да 80 працэнтаў можна перапрацаваць з дапамогай тэхналогіі БДТУ ў вырабы рознага прызначэння.
Наталія ЗАЗНОВА