Cтаражытны меч у Бабруйскі краязнаўчы музей прынёс мясцовы жыхар, які знайшоў яго на левым беразе Бярэзіны — у двух кіламетрах ад месца, дзе год назад зямля адкрыла людскім вачам унікальны, магчыма, княжацкі пазалочаны шлем. Багата ўпрыгожаны і меч, нават даволі моцная карозія дазваляе разгледзець інкрустацыю белым металам — магчыма, серабром. Каму ён мог належаць і адкуль у ваколіцах Бабруйска столькі каштоўных артэфактаў, разбіралася карэспандэнт «Р».
Меч мог быць выраблены на тэрыторыі Усходняй Прыбалтыкі або сучаснай Германіі.
Пра што раскажа рэстаўрацыя
— Меч дастаткова добра захаваўся, страчаны толькі фрагмент клінка ў ніжняй частцы і яшчэ адзін, больш значны фрагмент зверху з вастрыём, — расказала Іна Аўсейчык, старшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея. — Меч адрознівае рукаяць, дакладней, яе фігурнае наверша, сярэдняя частка якога моцна выступае, а таксама крыху выгнутае да клінка перакрыжаванне. На беларускіх землях знойдзена не менш за сем мячоў такога тыпу і іх фрагментаў, аднак на тэрыторыі Магілёўскай вобласці падобнай зброі пакуль не выяўлялі.
Меч мог быць выраблены на тэрыторыі Усходняй Прыбалтыкі — менавіта там рабілі зброю з такім адмысловым навершам рукаяці, з дэкорам з серабра, або на тэрыторыі сучаснай Германіі. Верагодна, высветліць час і месца яго «нараджэння», а таксама імя гаспадара дапаможа рэстаўрацыя, у выніку якой, магчыма, выявяцца і арнамент, і таўро.
Рэстаўрыраваць меч будуць там жа, дзе і яго знакаміцейшага земляка, — у Беларускім дзяржаўным музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У спецыяльным растворы меч будзе ачышчацца ад векавых напластаванняў не менш за месяц, і толькі пасля гэтага, магчыма, прыадкрые свае таямніцы.
Дарэчы, шлем ужо вярнуўся ў Бабруйскі краязнаўчы музей, але пакуль не выстаўляецца: для яго патрэбна спецыяльная вітрына. Пасля рэстаўрацыі стала вядома, што шлем складаецца з чатырох жалезных трохвугольных пласцін таўшчынёй крыху больш за 1 мм, пакрытых медным сплавам. Бакавыя краі пласцін фігурна выразаны. Невядомы майстар злучыў іх з дапамогай заклёпак і прыдаў форму купала. Такія сфераканічныя шлемы добра абаранялі галаву ад удараў зброі. На пярэдняй пласціне, над ілбом уладальніка, замацавана накладное ўпрыгажэнне ў выглядзе трызубца, на бакавых — бляхі ў форме ромбаў, увянчаныя загваздкамі. Вярхушка шлема ўпрыгожана жалезным навершам з утулкай, куды ўстаўляўся султан з пер’яў ці фарбаванага конскага воласа. Захаваліся таксама металічныя кольцы для мацавання барміцы — кальчужнай сеткі для аховы шыі і плячэй. Бачны на бакавой, патылічнай частках шлема ўвагнутасці, але невядома, сталі яны вынікам удару па галаве, або з’явіліся пазней.
Зброя вышэйшай знаці
— Вельмі высокая канцэнтрацыя знаходак узбраення (а паблізу яшчэ знойдзена некалькі баявых сякер) паказвае, што недзе тут хаваецца археалагічны помнік, які сведчыць аб ранняй фазе дзяржаваўтварэння, звязанага з хрысціянізацыяй тэрыторыі, узнікненнем дзяржаўных структур паўднёвай часткі Мінскай воласці, якая фарміравалася тады ў складзе Полацкай зямлі, — лічыць Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт НАН, доктар гістарычных навук, прафесар, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу. — Такі тып мяча, як знойдзены, з’явіўся на тэрыторыі Усходняй Еўропы ў сярэдзіне XI стагоддзя і карыстаўся папулярнасцю да XIII ці нават першай паловы XIV стагоддзя. Знойдзены клінок адметны тым, што нават пры візуальным аглядзе пад слоем карозіі відаць белы метал — хутчэй за ўсё, серабро. Меч багата інкрусціраваны, што ўказвае на высокі сацыяльны статус яго ўладальніка. Такі меч мог дазволіць сабе прадстаўнік вышэйшай знаці: ад князя да старшага баярства, і у гэтым яго ўнікальнасць.
Старшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея Іна Аўсейчык і галоўны захавальнік фондаў Святлана Ліцкевіч вывучаюць княжаскі шлем пасля рэстаўрацыі.
Самае галоўнае, на думку Ігара Аляксандравіча, — «прывязаць» знаходкі да культурнага слоя, знайсці населены пункт, цэнтр феадалізацыі. Ён павінен тут быць: вакол Бабруйска знойдзены 13 сельскіх пасяленняў, а гэта дастаткова моцная агламерацыя, якую аб’ядноўваў, як правіла, цэнтр збору даніны. Па ўскосных пісьмовых крыніцах можна меркаваць, што недзе тут мог знаходзіцца старажытны горад Галацічаск. Гэта вельмі заманліва — звязаць невядомы населены пункт з легендарным Галацічаскам, але неабходна вялікая даследчая праца, каб пацвердзіць яе або абвергнуць. А ў раёне Бабруйска вельмі моцна пацярпелі археалагічныя помнікі: і ў XVII стагоддзі, і ў 1930-х гадах — калі будавалі палігоны, знікла некалькі старажытных гарадзішчаў.
Яшчэ адна версія — на тэрыторыі каля сучаснага Бабруйска адбылася значная сярэднявечная бітва, пасля якой і засталося столькі зброі. Узнікае спакуса звязаць падзеі з разгромам Усяслава Чарадзея пад Галацічаскам у 1071 годзе, але без сур’ёзнай даследчай працы гэта толькі гіпотэза. Тым не менш, у любым выпадку Бабруйск здзіўляе канцэнтрацыяй гістарычных знаходак.
nevmer@sb.by