Трэцяе пакаленне Стрыёнкаў множыць багацце сваёй зямлі

Сын за бацьку i за дзеда

Летась, напрыканцы года, калі ў раённым Доме культуры віталі лепшых з лепшых працаўнікоў, на сцэну з кагорты камбайнераў падняліся разам бацька і сын — Сяргей і Мікалай СТРЫЁНКІ з філіяла «Галубічы» Глыбоцкага мясакамбіната. Аднак падзея гэта куды больш знамянальная: далёка не ўсе ведалі, што іх бацька і дзед, Мікалай Васільевіч Стрыёнак, быў у мінулым чэмпіёнам раёна і вобласці на жніве, за працоўныя дасягненні ўзнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Вось такая слаўная дынастыя хлебаробаў трох пакаленняў!

Мікалай Васільевіч СТРЫЁНАК
Мікалай Васільевіч СТРЫЁНАК

Мікалай Васільевіч, якому пераваліла за восем дзясяткаў, і цяпер жыве ў роднай вёсцы Іванаўшчына. Асноўнай тэхнікай для яго стаў мапед. На ім ён нярэдка пад’язджаў у час уборкі да сына і ўнука паглядзець на іх работу. Бывала, не ўстрымаецца, сам прагоніць загонку-другую.

З асаблівай цеплынёй ветэран расказвае пра ўнука Мікалая:

— Ён не раздумваў, дзе жыць і працаваць. Ажаніўся, дзіцё падрастае. Па бацьку і па мне пайшоў. Сам я працу на зямлі палюбіў змалку. Ужо ў дзесяць гадоў узяў у рукі касу, за плугам стаў хадзіць.

Мікалай Васільевіч сёння на заслужаным адпачынку, але, як ён сам гаворыць, замест сябе ў сельскагаспадарчай вытворчасці пакінуў двух сыноў, Мікалая і Сяргея, і трох унукаў — Мікалая, Валерыя і Юрыя. 

Мікалаю Васільевічу Стрыёнку рашэннем раённага Савета дэпутатаў прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Глыбоцкага раёна».

Соф’я ЮРГЕЛЬ: «Хрушчоў алоўкам пракалоў маю сукенку i прыкруцiў Зорку Героя»


Пра час, брыгадзірскую выручку, працу да сёмага поту і вясковае вяселле — вачыма легендарнай трактарысткі

З Соф’яй Мартынаўнай ЮРГЕЛЬ, Героем Сацыялістычнай Працы, даводзілася сустракацца неаднойчы ў яе не надта вялікім, але даволі прывабным шаляваным доме. Ён і цяпер стаіць на вуліцы Маскоўскай у Глыбокім. Мы любілі тады пасядзець за сталом ля акна за кубкам кавы. Перажыла Соф’я Мартынаўна шмат, але ніколі не скардзілася. Простая, сціплая, з нейкай асаблівай радасцю распавядала пра тыя гады, калі была трактарысткай. 

«Нарадзілася я ў вёсцы Казюкі ў 1925 годзе. У сям’і было восем чалавек. Маці хварэла. Каб зарабіць ёй на аперацыю, давялося прадаць карову. У школу з братам хадзілі  ў адным паліто па чарзе.

У Вялікую Айчынную мяне ледзь не вывезлі ў Германію на работы. Дзякуй солтысу, заступіўся. Бацька вярнуўся з фронту паранены і цяжка рабіць не мог. На мае плечы, як на старэйшую, лягло будаўніцтва дома. Самой давялося секчы лес...

Наогул, мужчын пасля вайны засталося мала, і таму агітавалі на механізатарскія курсы дзяўчат. А я такая рухавая была і пагадзілася адразу. Потым шпару ў свае Казюкі, а дзеці крычаць: 

— Глядзіце, трактарыстка пайшла!

Я добра спраўлялася з касой, малатком, а вось запчасткі да трактара былі спачатку цёмным лесам. Але асіліла і гэту навуку, экзамены здала на «пяцёркі» і пайшла на машынна-трактарную станцыю. Дырэктарам яе тады быў Ілля Купрыянавіч Хадуноў.

Ён мне і гаворыць:

— Я цябе напраўлю да самых лепшых трактарыстаў!

Выклікае перадавіка, ківае ў мой бок:

— Вось табе, Васіль, напарнік! 

А той аж заікацца пачаў ад такога «падарунка»: «Нашто мне жанчына! Я за яе рабіць не буду!»

— А ты, Соня, працавала б з Васілём? — спытаў у мяне дырэктар. 

— Не! — катэгарычна адказала я.

І тут падышоў мой добры знаёмы Генадзь Скурат з суседняй вёскі. 

— Давай да мяне! 

Гэта было ў 1951 годзе. Ён ноччу не мог працаваць, бо не бачыў на адно вока. Падрыхтуе мне трактар — і я ноч напралёт на полі з плугамі. Спяваю на ўвесь калгас, каб не заснуць. Некаторы раз стамлюся, заглушу трактар, прыслухаюся, а у другім баку гудзе. Ага, яны больш зробяць?! Ну і зноў за руль. Зямлю ў вайну і пасля ніхто не апрацоўваў. Дзірван той і даводзілася ўзрываць. Затое як пасеялі там лён, які ён вырас густы і высокі!

Аднойчы паслалі мяне ў Падгаі. А там — палоскі, межы. Людзі па трактары палкамі лупяць, граззю мяне закідваюць: «Араць — ары, а межы не чапай!» Я злезла з трактара і да іх:

— Раз вы ўступілі ў калгас, то межаў не павінна быць. 

Знайшоўся адзін мужчына, угаварыў натоўп рызысціся. 

А пасля трапіла ў калгас імя Калініна. Атрымалася гэта так. У МТСе вырашылі стварыць жаночы экіпаж. Мяне прасілі перабрацца ў калгас імя Калініна, дзе прыцэпшчыкамі працавалі двое дзяўчат. А я добра паладзіла з Генадзем Скуратам, і ніякай ахвоты мяняць месца работы і напарніка не было. Адгаворвалася, адгаворвалася — не дапамагло. А хутка наш жаночы экіпаж, у якім былі яшчэ Галіна Філітарына і Анфіса Шубнік, з сямнаццатага месца перамясціўся на трэцяе.

Пасля гэтага дырэктар выклікаў у кабінет і прапанаваў узначаліць трактарную брыгаду. 

— Які з мяне брыгадзір?! Памочнікам — буду. Брыгадзірам — не хачу.

— Я таксама не хацеў быць дырэктарам, — уздыхнуў ён. — Але сказалі — і пайшоў. 

Давялося прыняць брыгаду. Канечне, спачатку прыйшлося цяжкавата, бо не хапала практыкі. Брыгадзір жа павінен не толькі распараджацца людзьмі, але і добра ведаць тэхніку. А трактарысты былі малавопытныя, у пераважнасці з курсаў. Даводзілася вучыць іх. І так я набіла руку, што нават па стуку ў трактары вызначала, дзе што ў ім не так. 

У маёй брыгадзе было шэсць трактароў, малацілкі, два камбайны. І шмат людзей. 

Уладкаваўся да нас адзін прыцэпшчык. Аднойчы падыходзіць яго маці, плача, скардзіцца на сына. Я не пагадзілася з ёй, а калі хлопец атрымаў першую зарплату, падышла да яго і кажу:

— Здзіслаў, зрабі добрую справу: купі сабе касцюм, а маці — хустку. Маці будзе рада.

Ён так і зрабіў. Атрымаў грошы другі раз, я зноў да яго... Аднойчы вяртаюся з работы, а на стале стаяць клубніцы. «Гэта маці Здзіслава прынесла табе», — паведала гаспадыня дома, дзе я кватаравала.

А другі выпадак быў такі. Дырэктар сказаў, што прышле да мяне трактарыста. «Ніхто не можа даць рады. Калі і ў цябе не выправіцца, гавары. Забяром!» Пра чалавека казалі кепска, а ў мяне ён перадавіком стаў. Але аднойчы надарылася бяда. Трактар у яго быў стараваты, а мы хацелі пасяўную закончыць, і я загадала яму араць ноччу. Ну і зламаўся. Я да дырэктара: так і так. А ён на сваім: зламаўся, няхай плаціць. Я не вытрымала:

— Я загадала — я і заплачу!

І кампенсавала страты.

Ведаеце, з запчасткамі тады было непроста. Сапсуецца трактар — даставай дзе хочаш. Садзілася тады на веласіпед і ехала ў Падсвілле, Докшыцы, але знаходзіла. Можа, таму, што жанчына, і да мяне адносіліся інакш. Памятаю, ужо пазней, калі «Беларусы» з’явіліся, у аднаго на коле парвалася гумавая пакрышка. Нідзе няма. Я патэлефанавала ў Віцебск. Там мяне ведалі забеспячэнцы. І прыслалі не адзін, ажно два камплекты. 

Механізатары і прыцэпшчыкі ў той час жылі няблага ў параўнанні з другімі. 

У калгасе «За Радзіму» на працадзень давалі два рублі. Гэта тады былі добрыя грошы. Акрамя іх, зерне, цукар, бульбу, сена, салому. Я толькі зерня атрымлівала тры тоны. 

Але, прызнацца шчыра, жанчыны не надта ахвотна ішлі на трактар. Вось я рабіла ў Харашках. Там была шматдзетная сям’я. Я ім прынясу і масла, і чаго іншага. Кажу дзяўчынцы іхняй:

— Хадзем да нас прыцэпшчыцай.

— Не, барані Бог.

Мы ўмелі і працаваць, і весела праводзіць час. Не такая і вялікая вёска Казюкі, дзяўчат было сем-восем. І да нас збіраліся з усёй акругі: вёсак Мацясы, Мікулічы, Гаркушы, Муляры. І Шарагі потым дабавіліся. Усе хлопцы і дзяўчаты. У Мікулічах былі чатыры браты і ўсе ігралі: хто на балалайцы, хто на цымбалах. Лаўкі парабілі. Танцуем, гуляем..... А калі вечарына якая, тады збіраліся па чарзе ў хаце, у каго большая.

Прыгадаць ёсць шмат чаго. Асабліва запомнілася ўзнагарода Зоркай Героя.

Здарылася гэта ў 1958 годзе. Я толькі печку зацепліла, як па радыё пачалі чытаць указ. Думаю, можа, і з нашага раёна каго-небудзь узнагародзілі — давай паслухаю. Стала ля прыёмніка, і раптам маё імя называюць.

Не магу перадаць, што рабілася ў тую хвіліну са мной. Не паверыла, пайшла, а гэта была нядзеля, у горад — і тут мяне віншуюць знаёмыя і незнаёмыя людзі. Толькі тады зразумела, што праўда. 

Уручаць узнагароды прыехаў у Мінск сам Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. Сабралася нас, Герояў, з усёй Беларусі пад тры дзясяткі чалавек. Пасля ўручэння хтосьці прапанаваў сфатаграфавацца з Мікітам Сяргеевічам. Той пагадзіўся, толькі папрасіў прычапіць Зоркі. А я ніяк не магу ўзнагароду на сукенку прымайстраваць. Застыла ў разгубленасці. Падыходзіць Мікіта Сяргеевіч, узяў са стала аловак, пракалоў маю сукенку і прыкруціў Зорку Героя. Я падзякавала яму. «На здароўе! — усміхнуўся ён. — Працуй толькі!»

Выпуск па Глыбоцкаму раёну падрыхтаваў Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru.

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter